:: calculation
2014
Загаловак text
Пісанкі з г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна
Спасылка embed
Дата публікацыі date
17.04.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Анатацыя text

Сёлета і праваслаўныя, і каталікі святкуюць Вялікдзень 20 красавіка. Неад'емны атрыбут гэтага свята для беларусаў - фарбаваныя яйкі. Шырока распаўсюджаны спосаб фарбавання ў адвары цыбульніку, які дае, у залежнасці ад канцэнтрацыі, колер ад залацістага да бардовага. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя па ўсёй тэрыторыі Беларусі яйкі не толькі фарбавалі, але і распісвалі.

Поўны тэкст text

Пісанкі з г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна

Сёлета і праваслаўныя, і каталікі святкуюць Вялікдзень 20 красавіка. Неад'емны атрыбут гэтага свята для беларусаў - фарбаваныя яйкі. Шырока распаўсюджаны спосаб фарбавання ў адвары цыбульніку, які дае, у залежнасці ад канцэнтрацыі, колер ад залацістага да бардовага. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя па ўсёй тэрыторыі Беларусі яйкі не толькі фарбавалі, але і распісвалі. Выкарыстоўвалі для гэтага плаўлены воск, які наносілі на паверхню яйка пры дапамозе "шпількі" - палачкі з убітым у яе цвічком. Тэхналогія аздаблення яйка з дапамогай "шпількі" дае магчымасць атрымаць разнастайныя ўзоры: ад самага простага, кропкавага, да складанага, расліннага, зааморфнага і сюжэтнага. Потым яйка апускалі ў халодны раствор з натуральным фарбавальнікам. Акрамя цыбульніку, выкарыстоўвалі маладое лісце бярозы (давала зялёны колер), шалупінне грэчкі (цёмна-карычневы). Чорны колер атрымлівалі, зарання настойваючы разам кару дуба, альхі, альховых шышак і ржавага жалеза. Звалі такія яйкі "пісанкі", "крашанкі", "маляванкі", "рысаванкі".

Да цяперашняга часу, не перарываючыся, традыцыя васкавання (роспісу яек воскам) захавалася ў г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці. Кожная Сапоцкінская майстрыха мае ў каморы кавалак пчалінага воску для дэкаравання пісанкі перад Вялікаднём. Фарбаваць яйкі пачынаюць на перадвелікодным тыдні ў аўторак. Толькі ў пятніцу яйкі даводзяцца "да бляску" і аддаюцца ўсім, хто замовіў іх у майстрых. У суботу пісанкі нясуць у касцёл свянціць. Пасвенчаныя яйкі пачынаюць есці толькі ў нядзелю. Моладзь гуляе ў біткі, дарыць пісанкі як знак сімпатыі. У панядзелак, на другі дзень Вялікадня самыя прыгожыя пісанкі разам з цукеркамі, пірагамі і падарункамі нясуць хрэснікам. Традыцыя роспісу велікодных яек у Сапоцкіне з 2012 г. мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Тэхналогія атрымала шырокае распаўсюджванне ў Гродзенскім раёне дзякуючы майстэрству Антаніны Лук'янаўны Юрчэні. Майстрыха нарадзілася ў 1946 г. у вёсцы Пеструнь Гродзенскага раёна, недалёка ад Сапоцкіна. Разам з дзвюма сёстрамі навучылася васкаванню яек у сям'і, ад маці. Узоры на распісных яйках Антаніна Лук’янаўна малюе такія, як паказала ёй маці (рамонкі, дзмухаўцы, лісточкі), але з часам яна сама прыдумляе малюнкі. Антаніна Лук'янаўна перадала сакрэты майстэрства супрацоўніцам раённага дома рамёстваў і Сапоцкінскага цэнтра культуры. Тыя, у сваю чаргу, вучаць дзяцей і дарослых на гуртках і майстар-класах.

Распісаныя яйкі вядомыя з дахрысціянскіх часоў. Яйка лічыцца сімвалам абуджэння прыроды пасля зімовага сну. У беларусаў, як і ў літоўцаў, і на памежных тэрыторыях Польшчы, дэкарыраванне пісанак прымяркоўвалася да першага выгану жывёлы ў поле. Потым курыныя яйкі ўвайшлі ў абрад святкавання Вялікадня. Пісанкі выкарыстоўваліся для асвячэння ў касцёле, пасля чаго іх раздавалі дзецям, дарылі валачобнікам, выкарыстоўвалі ў велікодных гульнях і забавах. 

 Алена Ляшкевіч.

Для падрыхтоўкі матэрыяла выкарыстаны метадычныя напрацоўкі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 11.09.2018 09:24:07

Каментары

Будзем радыя заўвагам і ўдакладненням! Але каментары ад ананімаў і каментары са спасылкамі перад публікацыяй праходзяць прэмадэрацыю.