:: calculation
2014
Загаловак text
Абрад "Сула" ў в. Маркавічы Гомельскага р-на 21 красавіка 2014 г.
Спасылка embed
Дата публікацыі date
24.04.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Анатацыя text

У вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна, на самай мяжы з Украінай, 21 красавіка прайшоў абрад “Сула”. Свята пачынаецца на скрыжаванні дарог. Удзельнічаюць толькі дзяўчаты, яны водзяць карагод, спяваюць. Ставяць у цэнтр трох малых дзяўчат, абыходзяць іх змейкай, падкідаюць. Такі карагод дзе-нідзе ў Беларусі завецца "крывы танок". Потым ідуць да іншага скрыжавання, там зноў водзяць карагод. На гэтым абрадавая частка завяршаецца.

Поўны тэкст text

Абрад "Сула" ў в. Маркавічы Гомельскага р-на 21 красавіка 2014 г.

У вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна, на самай мяжы з Украінай, 21 красавіка прайшоў абрад “Сула”. Свята пачынаецца на скрыжаванні дарог. Удзельнічаюць толькі дзяўчаты, яны водзяць карагод, спяваюць. Ставяць у цэнтр трох малых дзяўчат, абыходзяць іх змейкай, падкідаюць. Такі карагод дзе-нідзе ў Беларусі завецца "крывы танок". Потым ідуць да іншага скрыжавання, там зноў водзяць карагод. На гэтым абрадавая частка завяршаецца.

Сёлета святкаванне працягваецца канцэртам ля школы, майстар-класам па мясцовых танцах ад выпускнікоў Маркавіцкай школы Віктара Шыпкова і Калерыі Пракопенка .

Звычай вадзіць сулу бытаваў у Маркавічах спрадвеку, з’яўляецца адметнасцю традыцыйнай культуры Пасожжа. У1976-м г. абрад перапыніўся і ўзноўлены быў толькі ў 2007-м па расповядах носьбітаў традыцыі.

У апошнія гады водзяць сулу дзеці і падлеткі, старэйшыя не далучаюцца. Праваслаўны святар з бліжэйшай царкваы ў Гадзічаве лічыць, што гэта “справа ня Божая” і забараняе вернікам удзельнічаць у абрадзе. Святар родам з Балгарыі і, відаць, кепска знаёмы з мясцовымі народнымі традыцыямі, не разумее беларускага сінкрэтызму хрысціянскіх і дахрысціянскіх вераванняў.Правядзеннем абраду апякуецца Маркавіцкая сярэдняя школа: тут дзейнічае краязнаўчы гурток, дзеці з задавальненнем носяць традыцыйныя строі, рыхтуюць на канферэнцыі навуковыя работы. Летась увосень кіраўнік краязнаўчага гуртка Рыгор Ціханавіч Басаў вырашыў прысвяціць сваё жыццё Богу і сышоў у манастыр. Дзякуючы напрацаваным гадамі традыцыям этнавыхавання гурток захаваўся. Школьнікі святкуюць адноўленыя на аснове мясцовых традыцый Каляды, гуканне вясны, ваджэнне русалкі.

Пры школе створаны цудоўны этнаграфічны пакой, сабраны ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка. Там дзеці могуць пабачыць тэкстыльныя, ганчарныя і драўляныя вырабы сваёй мясцовасці. На жывых узорах вучацца рукадзеллю.

Абрад ваджэння сулы мае вялікі патэнцыял унутранага і вонкавага развіцця. Старэйшыя жыхары Маркавічаў паступова пераконваюцца, што ўдзел у абрадзе не супярэчыць хрысціянскім вераванням, будзем спадзявацца на іх далучэнне да святкаванняў на лета. Ваджэнне сулы цікавае як аб'ект этнатурызму шырокаму колу людзей. Пра Маркавіцкую школу і яе выхаванцаў ведаюць нават тыя, чыя прафесія і хоббі меюць нешмат агульнага з традыцыйнай культурай: напрыклад, прадавачкі на кірмашы ў Гомлі.

 Алена Ляшкевіч.

Фота аўтаркі з ваджэння сулы можна паглядзець тут

Падрабязней пра абрады ваджэння и пахавання стралы на Палессі можна пачытаць тут

Зварот да спісу

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 09.11.2018 15:12:40

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца на форуме можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі на форуме.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца на вонкавым сэрвісе Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.