::
2016.07.09 — Хто гатовы браць крэдыты на фольк-фэст? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Хто гатовы браць крэдыты на фольк-фэст?
Спасылка
Дата публікацыі
09.07.2016
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

Конкурсная праграма “Берагіні” будавалася, можна сказаць, на чатырох кітах: конкурсах танцавальных пар, танцораў-салістаў, музычных інструментальных капэл традыцыйнага складу “Дудар”, турніры дзіцяча-маладзёжных фальклорных калектываў.

Поўны тэкст

Хто гатовы браць крэдыты на фольк-фэст?

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Конкурсная праграма “Берагіні” будавалася, можна сказаць, на чатырох кітах: конкурсах танцавальных пар, танцораў-салістаў, музычных інструментальных капэл традыцыйнага складу “Дудар”, турніры дзіцяча-маладзёжных фальклорных калектываў.

Конкурсы ў лічбах і ў ацэнках

Конкурс капэл праходзіў упершыню (раней “інструментальныя” намінацыі далучаліся да турніру калектываў). Удзельнікі паказалі праграмы “Сольнае выканальніцтва” (на дудзе, скрыпцы ці цымбалах), “Траіста музыка” (трыа), і “Ансамблевае выканальніцтва”.

Метадыст па фальклоры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц пракаментавала конкурс аб’ектыўна (капэлы ад Гомельшчыны ў спаборніцтве не ўдзельнічалі):

— Інструментальныя калектывы былі рознага ўзроўню падрыхтоўкі. Удзельнікі некаторых з іх займаюцца адразу ўсімі кірункамі фальклорнага мастацтва, а некаторыя гурты спецыялізуюцца толькі па інструментальнай музыцы. Канечне, узровень калектыву дзіцячай школы мастацтваў будзе вышэйшы за гурт сельскага клуба. У ДШМ з дзецьмі займаюцца шмат педагогаў, а ва ўстанове культуры ў сельскай мясцовасці — толькі два — тры. Не заўсёды ўдзельнікі прытрымліваліся рэгламенту (колькасць чалавек на сцэне, удзел у выступах кіраўнікоў), што, канечне, заўважылі гурты, якія рэгламент вытрымлівалі. Усё адзначанае датычыцца не толькі конкурсу інструментальных капэл, але і ўсіх конкурсных праграм.

Што да сельскіх устаноў культуры, то, на мой журналісцкі погляд, гурткі пры іх вызначаюцца большай сацыяльнай значнасцю (чытай: заматываванасцю ўдзельнікаў) за гарадскія. Напрыклад, кіраўнік узорнага аб’яднання аматараў фальклору “Згадка” Мачульскага сельскага дома фальклору Столінскага раёна Ірына Ляшкевіч распавяла:

— У Мачульскай школе 50 дзяцей, з іх 20 ходзяць да мяне займацца, спяваюць. На конкурсы выязджаюць каля 15-ці.

Урэшце, адна справа гарадское дзіця, у якога шмат варыянтаў баўлення вольнага часу, і зусім іншая — малеча з вёскі, для каго гурток атрымліваецца амаль эксклюзіўным пастаўшчыком культурных паслуг (акрамя тэлевізара і камп’ютара, канешне).

Падзялілася ўражаннямі і ўдзельніца рады экспертаў фэсту, рэдактар аддзела навінаў культуры Дырэкцыі канала “Культура” Беларускага радыё, этнамузыколаг Аляксандра Макарэвіч:

— На фоне ўсіх удзельнікаў адразу вылучалася капэла гурта “Вянок” з Ракава. Дзіцячая, аматарская, ды яна, на мой погляд, не саступала па ўзроўні “Капэлі з-пад гаю”, у якой граюць студэнты і выпускнікі Універсітэта культуры і мастацтваў. Астатнія гурты былі прыкладна аднолькавага ўзроўню, складана было аддаць камусьці перавагу.

Крыху статыстыкі: у "Берагіні-2016" паўдзельнічалі 81 танцавальная пара; 65 танцораў-салістаў; 5 узроставых катэгорый танцавальных пар; 40 танцаў было ў конкурснай праграме. Пераможцы (у тым ліку лаўрэаты І — ІІІ ступені ў кожнай узроставай групе конкурсу танцавальных пар, а таксама ў спаборніцтве танцораў-салістаў — па 3 ступені ў намінацыях “Чобаты”, “Жабка” і “Мікіта”): 15 — Гомельская вобласць; 5 — Мінск; 3 — Любанскі раён Мінскай вобласці; 1 — Магілёўская вобласць (Пратасевіцкая ДШМ Асіповіцкага раёна).

Можа, метадалагічна не зусім слушна аб’ядноўваць разам статыстыку па танцавальных парах і танцорах-салістах, але гэта дазволіць чытачам, што не былі на “Берагіні”, атрымаць больш цэласную карціну. Заўважу таксама, што лічыла менавіта дыпломы лаўрэатаў, а не саміх лаўрэатаў. Напрыклад, Максім Яшчанка, удзельнік фальклорнага гурта “Этнасуполка” з БДУКіМ (Мінск) і Аляксандр Говар, удзельнік узорнага ансамбля танца “Верасок” Капаткевіцкага ГДК Петрыкаўскага раёна, сталі лаўрэатамі двойчы, у розных намінацыях конкурсу танцораў-салістаў.

Па статыстыцы бачна, што безумоўным лідарам у падрыхтоўцы танцораў з’яўляецца Гомельская вобласць. Па колькасці пераможцаў вылучаюцца Капаткевічы (7 дыпломаў ва ўдзельнікаў узорнага ансамбля танца “Верасок” і народнага ансамбля народнай песні, музыкі і танца “Лявоніха ” Капаткевіцкага ГДК Петрыкаўскага раёна) і гаспадар пляцоўкі — Акцябрскі (3 дыпломы ва ўдзельнікаў узорнага фальклорнага ансамбля “Праменьчыкі” Акцябрскай ДШМ).

Урэшце, на Гомельшчыне рэгулярна ладзяцца раённыя і абласны адборачныя туры на “Берагіню”, з парамі і гуртамі шчыльна працуе згаданая Ірына Глушэц, для якой сёлетні фестываль стаў шостым, а ўдзельнічае ў руху “Берагіні” яна ўжо дзясяты год, пачаўшы студэнткай БДУКіМ. Ірына, падаецца, была адзінай прадстаўніцай абласных метадычных цэнтраў на сёлетнім фестывалі.

Пятая частка беларусаў сёння жыве ў Мінску, таму было цалкам дарэчным вылучыць Мінск у асобную катэгорыю, адасобіць яго ад Мінскай вобласці. Лаўрэаты ад Мінска — танцоры з калектываў “Мілавіца”, “Рамонак”, “Этнасуполка”. Пра Любань і казаць няма чаго: на мой погляд, горад даўно можна было абвясціць танцавальнай сталіцай Беларусі (дарэчы, Рудабельскай фальклорнай рэспублікай падчас “Берагіні” прапанаваў назваць Акцябрскі раён ганаровы госць фестывалю, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч). Лаўрэаты І ступені ва ўзроставай катэгорыі 17 — 25 гадоў Алена Драбудзька і Вячаслаў Мігаленя з узорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі” фактычна мелі толькі тыдзень на падрыхтоўку да конкурсу. Вячаслаў вучыцца ў кадэцкім вучылішчы і дадому ў Любань прыехаў на вакацыі. Але гады падрыхтоўкі ў складзе ансамбля дарма не прайшлі. На гэты конт кіраўнік мінскага гурта “Мілавіца” Марыя Снітко казала, што імкнецца працаваць з дзецьмі як мага меншага ўзросту і паказваць ім традыцыі ўсіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Да таго ж, нацыянальную культуру нельга вывучаць за грошы, адукацыя ў гэтай галіне, лічыць Марыя, павінна быць дармовай.

Турнір калектываў

У выніках турніраў дзіцячых калектываў улічваліся спеўныя і танцавальныя выступленні, мастацтва апавядальнікаў народнай прозы і рамесніцкае майстэрства, праграма “Традыцыйнае вяселле” і адпаведнасць строяў удзельнікаў традыцыям сваёй мясцовасці. Перамог гурт “Вянок” з Ракава, другое і трэцяе месца атрымалі акцябрскія “Праменьчыкі” і “Рудабельскія зорачкі”.

Шмат намінацый, якія падсумоўваюцца, дазваляюць вызначыць сярод гуртоў сапраўды найлепшы. Але ж, як бы ні хацелася, каб адны і тыя ж дзеці аднолькава добра танцавалі, спявалі і займаліся рамёствамі, на практыцы гэта здараецца досыць рэдка. Усё роўна адзін гурт будзе “больш танцавальным”, другі — “больш спеўным”. Таму ў рэзалюцыі “Берагіні” прапануецца аднавіць сістэму этнавыхавання, ствараць гурткі, дзе ўдзельнікі маглі б пераймаць традыцыйнае мастацтва розных кірункаў комплексна, у кантакце з носьбітамі традыцый.

Цяперашняя сістэма вызначэння пераможцаў часам нівелюе асобныя дасягненні гуртоў. Да таго ж мне здаецца, што мастацтва народнай прозы, сольнае спеўнае выканальніцтва і рамеснае майстэрства можна было б не ўлічваць у выніках турніру калектываў, узнагароджваць удзельнікаў асобна, бо гэта ўсё ж, індывідуальная творчасць.

Удзельнікі з Гомельшчыны ўпэўнена рыхтуюцца да фестывалю ўсе два гады між заключнымі мерапрыемствамі, бо ведаюць, што дакладна на яго трапяць, балазе ехаць недалёка. Іншыя вобласці не маюць такіх гарантый. Сёлета, напрыклад, у турніры дзіцяча-маладзёжных фальклорных калектываў не ўдзельнічалі прадстаўнікі Магілёўскай вобласці. Дырэктар Абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў пракаментаваў сітуацыю так:

— Сёлета наша вобласць была прадстаўлена на заключных імпрэзах “Берагіні” танцавальнымі парамі і аўтэнтычным гуртом “Вербіца” Іваноўскага СДК Хоцімскага раёна. Мы планавалі для ўдзелу ў конкурсе накіраваць дзіцячы калектыў “Астраначка” з вёскі Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна, але райвыканкам не змог аплаціць гурту аўтобус. Танцавальныя пары з Асіповіцкага раёна дабіраліся цягнікамі. У Пратасевіцкай ДШМ працуюць апантаныя людзі! Летась, напрыклад, яны для ўдзелу ў фальклорным “Караване” Міжнароднай асацыяцыі фальклорных груп (IGF), што праехаў з выступамі па пяці еўрапейскіх краінах, узялі крэдыт, па якім разлічваліся цэлы год. Раённы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ім часткова дапамог, але гэта ж аграмадныя сродкі!

Пабыўшы на “Берагіні” аднойчы, наступным разам гурты і пары звычайна выступаюць значна лепш. Адна справа — пачытаць патрабаванні, і зусім іншая — пабачыць жыўцом, як і што адбываецца. Пра гэта казалі мастацкія кіраўнікі пар і гуртоў-удзельнікаў.

Агульныя тэндэнцыі

Старшыня рады экспертаў фестывалю Вячаслаў Калацэй адзначыў, што ўзровень удзельнікаў “Берагіні” год ад году расце. Аляксандра Макарэвіч, якая працавала ў складзе журы заключных імпрэзаў фестывалю другім разам, адзначыла тую ж тэндэнцыю ў кароткатэрміновай перспектыве: “Вырас узровень і ўдзельнікаў, і арганізатараў, хаця і ў 2014 годзе ўсё было вельмі добра”.

Адзначу, што конкурсныя праграмы, калі параўнаць з 2012-м годам, напалову прадстаўлялі тыя ж раёны: Смаргонскі, Асіповіцкі, Полацкі. Пра Гомельшчыну пісалася ўжо вышэй. Што да Мінскай вобласці, то “Вянок” папярэднім разам быў на “Берагіні” 10 гадоў таму. Гурт запрашалі і як удзельніка, і як госця, але Ракаўскі дом фальклору адмаўляў: акурат у дні заключных імпрэзаў “Берагіні” ладзілі Купалле. Сёлета ж давялося ўдзельнічаць, бо ў 2015 годзе ўзялі гран-пры на абласным танцавальным конкурсе “Мінская кадрыля”. Гурт з’ехаў — і Купалля ў Ракаве сёлета не было.

Атрымліваецца, калі ў раёне ёсць “мода” на танец, аўтэнтычную культуру як такую, то імі займаюцца шматлікія гурты. А калі няма — то шукай-не шукай, адпаведнага калектыву не знойдзеш. У той жа час, Сяргей Выскварка, прэзентуючы сваю кнігу “Беларускі танцавальны фальклор. Методыка працы з дзіцячым фальклорным калектывам” (пра яе “К” пісала ў № 24) адзначыў: “Чатыры семінары па танцах на год — і раён пачынае танцаваць”. Застаецца толькі пажадаць, каб такіх семінараў па танцах ды іншых відах традыцыйнага мастацтва адбывалася як мага больш.

Мінск — Акцябрскі — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 01.08.2019 04:42:19

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.