::
2016.12.24 — Клічаўскія тайны / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Клічаўскія тайны
Спасылка
Дата публікацыі
24.12.2016
Катэгорыя
іншае
Анатацыя

Дзякуючы паланісту Алегу Палянскаму мне ў рукі трапілі вытрымкі з рамана Фларыяна Чарнышэвіча “Надберазінцы”. Твор напісаны па-польску, малавядомы ў Беларусі, ні на беларускую, ні на рускую мовы не перакладаўся. Аднак дзеянне рамана пачынаецца ў Бабруйскім павеце (частка, што цяпер уваходзіць у склад Клічаўскага раёна) 1910-х гадоў. Тэкст уражвае дакладнасцю апісанняў, рэгіянальнымі беларускімі слоўцамі ў польскай транскрыпцыі. Аўтабіяграфічны раман, напісаны па дзіцячых і юнацкіх успамінах аўтара, з’яўляецца каштоўнай крыніцай па этнаграфіі і гісторыі сённяшняга Клічаўскага раёна. Прапаную вытрымкі з “Надберазінцаў” ва ўласным перакладзе з польскага выдання 2014 года.

Поўны тэкст

Клічаўскія тайны

№ 52-53 (1282-1283) 24.12.2016 - 06.01.2016 г

Дзякуючы паланісту Алегу Палянскаму мне ў рукі трапілі вытрымкі з рамана Фларыяна Чарнышэвіча “Надберазінцы”. Твор напісаны па-польску, малавядомы ў Беларусі, ні на беларускую, ні на рускую мовы не перакладаўся. Аднак дзеянне рамана пачынаецца ў Бабруйскім павеце (частка, што цяпер уваходзіць у склад Клічаўскага раёна) 1910-х гадоў. Тэкст уражвае дакладнасцю апісанняў, рэгіянальнымі беларускімі слоўцамі ў польскай транскрыпцыі. Аўтабіяграфічны раман, напісаны па дзіцячых і юнацкіх успамінах аўтара, з’яўляецца каштоўнай крыніцай па этнаграфіі і гісторыі сённяшняга Клічаўскага раёна. Прапаную вытрымкі з “Надберазінцаў” ва ўласным перакладзе з польскага выдання 2014 года.

Загадка Воньчы

Месцам нараджэння Фларыяна Чарнышэвіча (1900 — 1964) у польскіх крыніцах называецца Бабруйск, але той жа Алег Палянскі мяркуе, што пісьменнік нарадзіўся дзесьці ў Бабруйскім павеце. Вось і адпаведна раману “Надберазінцы” месца нараджэння галоўнага героя Стаха Балашэвіча — хутар Рогі Бабруйскага павета. Чарнышэвіч удзельнічаў у польска-савецкай вайне, застаўся ў Вільні, бо яго малая радзіма ўвайшла ў склад СССР. Працаваў у паліцыі, расчараваўся ў польскім урадзе і ў 1924 годзе з’ехаў у Аргентыну, дзе і выдаў у 1942-м свой твор.

У першых главах “Надберазінцаў” згадваецца шэраг населеных пунктаў Бабруйскага павета: хутар Рогі, засценак Смалярня, мястэчка Воньча, вёскі Ніты, Ямы і Храпачоў. Воньчай у рамане завецца мястэчка, дзе ў 1911-м годзе пачынае вучыцца галоўны герой Стась Балашэвіч. Аўтар апісвае гэты куток так: “Людзі тут жылі здаўна. Над самай ракой мясцовасць высокая, палі спадзістыя, урадлівыя, амаль як слуцкія. За ракой — бясконцыя лясы. Даўней вёска і маёнтак, уласнасць аднаго з самых магутных магнатаў Рэчы Паспалітай. Воньча была толькі маленькім кавалкам багацця магната, адной з незлічоных вёсак у яго ўладаннях, але адрознівалася ад астатніх тым, што амаль кожную зіму гаспадар туды прыязджаў на паляванне са світай. […] Цяпер, калі гэтыя лясы за ракой моцна павыцерабленыя, амаль кожную зіму ў Смалярскай пушчы забіваюць па мядзведзі, можна пабачыць лося і рысь. А што ж у даўнейшых лясах, калі ў ваколіцах за 40 вёрст не было ні палянкі?

Цяпер Воньча — звычайнае мястэчка […]: драўляныя будынкі, вуліцы без бруку і без тратуараў; валадаранне яўрэяў, крамы, майстры, млын, царква, манаполька, пошта, сінагога і школа. Агульнаадукацыйная чатырохкласная школа, адзіная на 350 квадратных вёрст. Будынак школы малы, старасвецкі, амаль не адрозніваецца ад прыстойнай прыватнай хаты: на адзін бок — клас для заняткаў […] на другі — памяшканне настаўніка з вялікай печчу пасярэдзіне, сені і камора. У школе больш за сто дзяцей і адзін настаўнік. Па нацыянальнасці дзеці дзеляцца наступным чынам: яўрэяў 16 працэнтаў, палякаў — 12, татараў — 4, а рэшта — беларусы ці стараверы. Была ў мястэчку і яўрэйская школа, але некаторыя хлопцы, каб авалодаць мовай, наведвалі і рускую. У раёне Воньчы жыло шмат палякаў, а малы працэнт польскіх вучняў у школе тлумачыўся тым, што польскія хутары і засценкі былі рассяроджаны па ўсёй ваколіцы, часта ў глухіх, недасяжных закутках, таму ў школу аддавалі дзяцей толькі тыя […] у каторых было дастаткова грошаў, каб аплаціць дзецям у мястэчку кватэру і харчаванне…”

У гэтым апісанні цікава тое, што ўрадлівасць палёў вакол Воньчы апісваецца праз параўнанне са Случчынай. Землі слуцка-нясвіжскай зоны да меліярацыі Палесся давалі бадай што самы высокі ўраджай у Беларусі. У гісторыі Воньчы згадваецца магнат, але не называецца яго прозвішча. Верагодна, гэта граф Патоцкі, які меў у той мясцовасці вялікія ўладанні.

Алег Палянскі мяркуе, што пад назвай Воньча Фларыян Чарнышэвіч “схаваў” Клічаў. Даследчык абгрунтоўвае сваю думку тым, што на картах пачатку ХХ стагоддзя Воньча знаходзіцца значна далей ад Смалярні, чым апісана ў рамане, і не большая за яе. Па сюжэце ж гэта мястэчка з крамамі, млынам, царквой, сінагогай і школай. Далей па творы ў Воньчы знаходзіўся цэнтр савецкай улады ў воласці. І ўсё ж: апісаная Воньча — гэта Клічаў? У ім у 1901-м, скажам, заснаваны шклозавод. Наўрад ці аўтар яго не згадаў бы, апісваючы мястэчка.

Ёсць вялікая спакуса прыняць за Воньчу Чарнышэвіча вёску Вонічы Клічаўскага раёна (раней уваходзіла ў Бацэвіцкую воласць Бабруйскага павета), але яна ўтворана толькі ў 1927-м і да 1940-га звалася Мяжное. Палякі, што шукалі Воньчу ў 2012-м, прыйшлі да высновы, што гэта цяперашняя вёска Гонча Клічаўскага раёна. Яны грунтаваліся на пазначанай у рамане адлегласці ад Воньчы да Смалярні і на звестках з “Геаграфічнага слоўніка Польскага каралеўства”, у 13-м томе якога знаходзім: “Wonicze zl. Goncza”. На месцы сучаснай Гончы пазначана назва “Воничы” на карце 1910 года з “Вялікага сусветнага настольнага атласа Маркса” (выдадзены ў Санкт-Пецярбургу). Таму можна сказаць, што паралельна з назвай “Гонча” ўжывалася “Вонічы” і ў польска- і ў рускамоўных крыніцах. Што да “Вонічы — Воньча”, дык у мясцовых назвах часта сустракаецца фанетычная варыятыўнасць. Замест “афіцыйнай” назвы “Нясета” на Клічаўшчыне кажуць “Нясята”, замест “Пярэкалле” — “Пярэкаль”, на той жа карце 1910 года сучаснае Усакіна пазначана як “Осокина”.

Але ж у Гончы ў 1908-м годзе быў 21 двор і 201 жыхар, а ў 1917-м — 23 двары, Чарнышэвіч жа апісвае Воньчу як досыць вялікае паселішча. Да таго ж у рамане пазначана, што школа ў Воньчы была адзінай на 350 квадратных вёрст. Школу ў Гончы адчынілі толькі ў 1926-м, а ў Клічаве школа дзейнічала з другой паловы ХІХ стагоддзя. Але і яна на 1911 год не была адзінай у наваколлі. Мабыць, пакуль варта спыніцца на тым, што Воньча Чарнышэвіча — зборны вобраз усходнебеларускага мястэчка, “спісаны” і з Клічава, і з Гончы, магчыма, з аўтарскімі дадумкамі.

Рагі і Рогі

Хутар Рогі і засценак Смалярня з “Надберазінцаў” можна ідэнтыфікаваць з аднайменнымі сённяшнімі вёскамі ў Клічаўскім раёне. Але пытанняў узнікае не менш, чым з Воньчай.

Рогі, дзе нарадзіўся Стась Балашэвіч, апісваюцца так: “У бясконцай глушы лясоў за Беразіной, між дзвюма рачулкамі, хутар валокі на тры. Палова з іх лугі […] ад лесу нанасныя, ад поля — мурожныя, для авечак і коняў”. У “Надберазінцах” змяшчаецца гісторыя стварэння Рогаў пасярод пушчы ў 1875-м дзедам галоўнага героя: “Палёў у тых краях тады яшчэ было вельмі мала. Глухія, некранутыя лясы на дзясяткі вёрст не прыносілі, акрамя палявання, амаль ніякай карысці і гаспадары імкнуліся ўсімі сіламі зрабіць там апрацаваныя палі, што прыносілі б прыбытак. Прасілі людзей, каб у тых лясах закладалі паселішчы, дазваляючы выбіраць, акрамя глушы, дзе толькі падабаецца, і абяцалі не браць на працягу пяці гадоў з новых пасяленцаў арэнды.

Балашэвіч ранняй восенню, акурат пасля жніва, праехаў некалькі дзясяткаў вёрст лесам і ўпадабаў месца між рачулкамі. Казаў, будзе дзе лавіць рыбу на посны дзень, а жонцы — бялізну і пялёнкі лёгка ў праточнай вадзе паласкаць. Поля, каб паставіць хату, не было зусім. Пушча стаяла вакол глухая і некранутая, як цяпер. Бліжэйшае поле і чалавечае паселішча было вёскай Ніты, за пяць вёрст. Жыхары яе выбранае Балашэвічам міжрэчча, куды часам выпраўляліся па арэхі ці лыка, звалі Рогамі.

Абраў месца, ссек дзесяціны дзве лесу, зладзіў буданы для сябе і худобы, працерабіў сцежку да дарогі за тры вярсты і на прадвесні пераехаў з усёй сям’ёй і маёмасцю”. На той момант арандатару Балашэвічу было 37 гадоў, пераехаў ён з жонкай, шасцю сынамі і дачушкай. Ужо ў Рогах нарадзілася яшчэ дзве дачкі. Унукам ад аднаго з сыноў быў Стась, галоўны герой рамана. Пасля таго, як сям’я Балашэвіча ў 1911-м набыла зямлю ў Смалярні і пакінула Рогі, там пасялілася ўжо тры сям’і арандатараў. Гэты расповед часткова пацвярджаецца гістарычнымі звесткамі: вёска Рагі Клічаўскага раёна вядомая з ХІХ стагоддзя як хутар, у 1897-м там 3 двары, але ў 1908-м — ужо 19 двароў. Адпаведна раману ад Рогаў да Воньчы дзевяць вёрст (троху больш за дзевяць кіламетраў). Ад сучасных Рагоў да Клічава 17 кіламетраў. Гэта яшчэ больш заблытвае лакалізацыю названых Чарнышэвічам населеных пунктаў: ці то Рогі ў рамане — гэта не сучасныя Рагі, ці то Воньча — усё ж такі не Клічаў. Ад сучасных Рагоў да Гончы акурат 9 кіламетраў. Зрэшты, пішучы ў 1942-м годзе пра падзеі 1911-га, аўтар мог і памыліцца ў лічбах.

Клічаўская шляхта

Паводле расповеду Чарнышэвіча, жыццё шляхты ў Рогах мала чым адрознівалася ад сялянскага: гаспадар сам апрацоўваў зямлю разам з сынамі, займаўся бандарствам, каб падзарабіць, дочкі яго збіралі арэхі, а сыны хадзілі на паляванне і прадавалі здабытых тхароў, ліс ды гарнастаяў.

Смалярня апісваецца так: “Па левым баку стаяць будынкі, па правым — сады. Дамы крытыя гонтай, вялікія, на тры-чатыры пакоі. Панадворкі і вуліца абгароджаны вострымі каламі, абсаджаны курчавымі дрэвамі. За садамі знаходзяцца агароды з капустай, а да агародаў шчыльна падыходзіць пушча; за хлявамі — гумны, за гумнамі — выган, за выганам — поле, за полем — луг, за лугам іншы лес, але не пушча… Глеба там была не найлепшая, але каля лесу, зручна, да таго ж людная […] вёска. […] У Смалярні 22 гаспадаркі”. Дом Балашэвічаў у Смалярні выглядаў так: “Ад вуліцы была святліца з грубай і рускай ляжанкай, у сярэдзіне насупраць ганку невялікія сені, ззаду — кухня з вялікай печчу і сталовая, якая часткова выкарыстоўвалася і як спальня”. У Смалярні не было касцёла, бо ў ноч на Вялікдзень Чарнышэвіч апісвае ўсяночную ў хаце. Адпаведна з гістарычнымі крыніцамі сучасная вёска Смалярня (4 км ад Клічава на паўднёвы захад) заснаваная ў канцы ХІХ стагоддзя выхадцамі з навакольных вёсак і Клічава, што арандавалі ці набылі там зямлю. Мой дзядуля Мікалай Мельнічонак 1928 года нараджэння (амаль усё жыццё пражыў у Клічаве і раёне) кажа, што ў гэтай Смалярні шляхта ніколі не жыла, але была яшчэ іншая Смалярня, дзе сяліліся вартаўнікі панскага леса, і тая акурат была шляхецкай. Яна знаходзілася на лясной дарозе з Усакіна на Мацевічы, над прытокам Ольсы, і дзесь у 1930-х была пакінутая жыхарамі. Гэта прыкладна 24 км на поўнач ад Клічава.

Вёсак Ніты, Ямы і Храпачоў, якія адпаведна раману знаходзіліся ў ваколіцах Рогаў, на старых картах адшукаць не атрымалася.

Апісанні — дакладныя

Раман утрымлівае шмат этнаграфічна дакладных апісанняў. Балашэвіч, заснавальнік Рогаў, у 73 гады выглядаў наступным чынам: “барадаты, сівы стары, апрануты звычайна, па-засцянковаму: шчыльная шляхецкая шапка, крамная чорная марынарка, саматканыя штаны ў кратку і дужыя боты з шырокімі паморшчанымі халявамі”. У такім адзенні Балашэвіч хадзіў на рыбу. Шляхта апраналася “па-засцянковаму” і едучы ў Воньчу, бо настаўнік, прыгледзеўшыся да строяў Стаха і яго бацькі, здагадаўся: “А вы што, не местачковыя!”

Ляснік Васілевіч — “чалавек пад 40 год, рослы, мажны… з тварам, румяным як бурак і рудой кароткай барадой. На галаве меў выцвілую фуражку, на сабе — кароткую бурую світку, шэрыя ваўняныя самаробныя штаны, на нагах — лапці. На грудзях перакрыжоўваліся два шырокія рамяні: адзін ад стрэльбы, што вісела за спінай, другі — ад паляўнічай торбы з казінай скуры пры левым сцягне. Да рамяня ад торбы была ля сэрца прышчэплена жоўтая бляха шырынёй з далонь з выбітым па-руску надпісам “Лесной сторож”.

25-гадовы местачковы настаўнік Міхаіл Грывень “быў апрануты ў шаўровыя боты з глянцаванымі халявамі, сінія штаны, цёмную блузу і блакітны рускі пояс з кутасамі. Меў каротка стрыжаныя валасы вожыкам, твар старанна паголены”.

З “Надберазінцаў” можна атрымаць уяўленне і пра шляхецкія звычаі. Сустрэўшы Балашэвіча з унукам, ляснік Васілевіч кажа: “Нехжаж бэндзе похвалёны Езус Хрыстус!” і цалуе старому руку. Балашэвіч адказвае “На векі векув!” і цалуе ляснічага ў патыліцу. У сваю чаргу, Стась цалуе руку лясніку, а той лашчыць малога па галаве. Развітваючыся, зноў малодшыя цалуюць руку старэйшым. Настаўніка ж вітаюць “па рускім звычаі” і на рускай мове: “Здравствуйте, господин учитель!”

Можна заўважыць шэраг іншых цікавостак: стары Балашэвіч клянецца гонарам і продкамі. Калі бачыць ляснічага і паведамляе, што адразу пазнаў, той адказвае: “Значыць, ніколі заможным не стану” — напалову жартам, напалову верачы ў прыкмету. Сяляне дражняць Балашэвіча “ляхам”.

З “Надберазінцаў” можна даведацца аб пчалярстве: “На мурожным лузе стаяць радком […] тры магутныя дубы. Ствол кожнага з іх, на вышыні двух-трох сажняў [3,5 — 6 метраў] апаясаны квадратным памостам, на які набітыя шчыльна знізу вялікія цвікі. Калі глядзець знізу, гэтыя памосты нагадвалі старасвецкія драўляныя бароны, адно што былі шчыльныя і ў чатыры разы шырэйшыя. Мясцовыя жыхары завуць іх “падкурамі”. Над памостамі стаялі парамі адзін над другім на суках вуллі… У пчольніку 25 старых рояў”.

Дзякуючы “Надберазінцам” вёсачка Смалярня (ці тая, Чарнышэвічава?) трапіла ў польскамоўную Вікіпедыю. Цалкам верагодна, што на Клічаўшчыну паедуць “літаратурныя турысты” з Польшчы. І тады пытанне, ці тая самая гэта Смалярня, ці тыя Рогі і што за Воньча, паўстане востра. Дарэчы, чаму не распрацаваць загадзя турыстычны маршрут? Да ўсяго, і з гістарычнага, і з літаратурнага пункту гледжання “Надберазінцы” заслугоўваюць таго, каб быць цалкам перакладзенымі на беларускую мову.

На здымку: фота традыцыйнага адзення з Клічаўскага раёна з архіва Студэнцкага этнаграфічнага таварыства

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.09.2019 14:13:49

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.