:: calculation
2014
Загаловак text
З Палесся і Падняпроўя
Спасылка embed
Дата публікацыі date
10.01.2014
Катэгорыя category
рэцэнзіі
Анатацыя text

З усіх адгалінаванняў творчай дзейнасці чалавека мастацтва вуснай традыцыі (фальклор) з’яўляецца найбольш вартым аховы і зберагання, паколькі адлюстроўвае «душу» народа, яго эстэтычныя і мастацкія ідэалы. Вялікую каштоўнасць у гэтай сувязі маюць сістэмныя даследаванні прафесіяналаў, якія паслядоўна і метадалагічна дакладна канстатуюць не толькі дасканаласць і мастацкую каштоўнасць аўтэнтычнага фальклору Беларусі ў мінулым, але і яго някепскую захаванасць ды вялікі сацыяльна-культурны патэнцыял для сучаснасці

Поўны тэкст text

Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе. У 2 кн. Кн. 2 / А. М. Боганева [і інш.]; ідэя і агул. рэдагаванне Т. Б. Варфаламеевай. — Мінск: Вышэйшая школа, 2013. — 1231 с. + 1 электрон.-апт. дыск (CD-Rom).

З усіх адгалінаванняў творчай дзейнасці чалавека мастацтва вуснай традыцыі (фальклор) з’яўляецца найбольш вартым аховы і зберагання, паколькі адлюстроўвае «душу» народа, яго эстэтычныя і мастацкія ідэалы. Вялікую каштоўнасць у гэтай сувязі маюць сістэмныя даследаванні прафесіяналаў, якія паслядоўна і метадалагічна дакладна канстатуюць не толькі дасканаласць і мастацкую каштоўнасць аўтэнтычнага фальклору Беларусі ў мінулым, але і яго някепскую захаванасць ды вялікі сацыяльна-культурны патэнцыял для сучаснасці.

 

Апошні том «Гомельскае Палессе і Падняпроўе» рэгіянальнай серыі «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў», завершаны таленавітым навуковым калектывам, аснову якога склалі этнамузыколаг Тамара Варфаламеева, філолаг Алена Боганева, этнахарэолаг Мікола Козенка, этнограф Таццяна Кухаронак, фалькларыст Ірына Мазюк, мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская, — выданне сапраўды эпахальнае і для нашай краіны, і для ўсёй Усходняй Еўропы, паколькі не мае аналагаў па канцэпцыі і актуальнасці. Гартаючы апошні том, прысвечаны паўднёвабеларускай традыцыі, разумееш, што задача серыі дасягнута: атрымаўся комплексны, я нават сказаў бы, эпічны паказ рэгіянальнага багацця і разнастайнасці асноўных відаў традыцыйнай мастацкай культуры ў яе сучасных аўтэнтычных формах. Па-іншаму, напэўна, і не адбылося б, калі ўлічыць, што кожны том грунтуецца на арыгінальных матэрыялах фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, самааддана праведзеных удзельнікамі навуковага калектыву з 1993 па 2010 гады ва ўсе раёны Беларусі.

Аўтар канцэпцыі выдання Тамара Варфаламеева канстатуе: «

Абапіраючыся на ідэю высокага статусу традыцыйнай культуры, яе вечнае, узыходзячае да асноў быцця, маючае высокі сэнс значэнне для нацыянальнай беларускай культуры ў цэлым, аўтарскі калектыў ужо ў працэсе палявых даследаванняў кіраваўся пэўнымі прынцыпамі збору матэрыялаў, сярод якіх асноўнымі былі: аб’ектыўнасць, навуковасць, сістэмнасць, комплекснасць, верыфікаванасць, этычнасць. Коратка названыя прынцыпы можна патлумачыць наступным чынам: аб’ектыўнасць азначае, што прадмет даследавання трэба разглядаць незалежна ад поглядаў, жаданняў і меркаванняў даследчыка, што, у прыватнасці, важна пры звяртанні да народнай рэлігійнасці; навуковасць прадугледжвае спецыяльную падрыхтоўку да яго: вызначэнне мэты і праблематыкі даследавання, распрацоўкі або вызначэння методык даследчай працы, гісторыяграфічнае вывучэнне тэрыторыі; сістэмнасць патрабуе асэнсавання фальклорнай спадчыны як сукупнасці ўзаемазвязаных разнародных элементаў, якія ўтвараюць цэласнасць і адзінства, як у мастацкім, так і ў светапоглядным планах; неабходнасць комплекснага падыходу выцякае найперш з комплекснага характару самога аб'екта і асаблівасцяў яго функцыянавання. Якім бы ні быў фальклорны матэрыял, сродкі і прыёмы яго выяўлення, яны ва ўсіх выпадках праецыруюцца ў вобласць народных прадстаўленняў, вераванняў, светаразумення, народнай карціны свету. Менавіта гэтае змястоўнае адзінства дыктуе неабходнасць інтэрпрэтацыі кожнага яе звяна ў кантэксце цэлага і ва ўзаемасувязі з іншымі звёнамі. Усе палявыя запісы павінны пацвярджацца аўдыё-, фота-, відэафіксацыямі і навуковай аналітыкай. У гэтым сэнс прынцыпу верыфікаванасці, які дазваляе пазбегнуць фальсіфікацый і непрафесіяналізму ў вучэбнай, навуковай і даведачнай літаратуры па фалькларыстыцы; прынцып этычнасці можа быць накіраваны як на прадмет даследавання, так і на суб’ект інфармацыі — носьбіта традыцыі. Даследчая праца павінна будавацца на этычных прынцыпах калектывізму, універсалізму. У адносінах да інфармантаў этычнасць заключаецца ва ўліку іх жаданняў (нежаданняў) дзяліцца пэўнай інфармацыяй, фігураваць у якасці інфармантаў у публікацыях».

Да такога абгрунтаванага маніфеста дадаць нешта складана, але варта падкрэсліць дзве рэчы. Па-першае, паколькі адна з галоўных задач серыі — раскрыць традыцыйную культуру, гледзячы на яе не толькі вачыма даследчыкаў, а ў першую чаргу саміх яе носьбітаў, — кожны, хто азнаёміцца з выданнем, мае шанц «падпітацца» жыццёвай энергіяй свайго народа. Па-другое, паколькі традыцыйная культура беларусаў прадстаўлена ў серыі ў сінхронным зрэзе, менавіта яна ўтварае сапраўдны сучасны культурны ландшафт этнасу з усёй яго непаўторнасцю і непадобнасцю на адпаведныя культурныя ўтварэнні іншых краін свету. Таму ніводзін жыхар Беларусі, які лічыць сябе адукаваным і па-мастацку развітым, не павінен абмінуць увагай гэтае выданне.

Безумоўна, амаль дваццацігадовае вывучэнне сучаснага стану традыцыйнай культуры, якое канстатуе, з аднаго боку, невычэрпнасць энергіі культурных традыцый народа, і прыхільнасць карэннага вясковага беларуса да сваёй культуры, з другога — існаванне моцнага ментальнага падмурка для працягу існавання традыцыі ў новых жыццёвых умовах і новых пакаленнях беларусаў, — вартае сур’ёзнай увагі грамадства, увагі нават у форме дзяржаўнай прэміі краіны.

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ,

загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, дацэнт, кандыдат культуралогіі 

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя выданні app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 09.11.2018 15:11:37

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца на форуме можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі на форуме.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца на вонкавым сэрвісе Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.