:: calculation
2014
Загаловак text
Гурт "Незабудкі" з в. Галавенчыцы Чавускага р-на
Дата публікацыі date
09.09.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Анатацыя text

Пад час летняй экспедыцыі РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" па Чавускім раёне быў праведзены маніторынг стану аўтэнтычнага гурта "Незабудкі" з в. Галавенчыцы. Спеўны і танцавальны стыль, які яны рэпрэзнентуюць, ахоўваецца дзяржавай як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. На момант узяцця элемента пад ахову ў гурце было 8 спявачак. Бадай што самы знакаміты свой танец, кадрылю "Зеркала", бабулі выконвалі на 4 пары. Памятаюць і кадрылю на 6 пар, але станьчыць яе ўжо няма каму...

Поўны тэкст text

Гурт "Незабудкі" з в. Галавенчыцы Чавускага р-на

Пад час летняй экспедыцыі РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" па Чавускім раёне быў праведзены маніторынг стану аўтэнтычнага гурта "Незабудкі" з в. Галавенчыцы. Спеўны і танцавальны стыль, які яны рэпрэзнентуюць, ахоўваецца дзяржавай як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. На момант узяцця элемента пад ахову ў гурце было 8 спявачак. Бадай што самы знакаміты свой танец, кадрылю "Зеркала", бабулі выконвалі на 4 пары. Памятаюць і кадрылю на 6 пар, але станьчыць яе ўжо няма каму...

Гурт утварыўся ў 1957 г. з 12 дзяўчат, якім тады было па 17-20 гадоў.З 1972 г. і да сённяшняга дня гуртом кіруе Надзея Данілаўна Казлова. Яна нарадзілася ў Галавенчыцах, скончыла Магілёўскае вучылішча культуры, вярнулася дамоў, працавала ў клубе. З удзелам "Незабудак" знятыя два дакументальныя фільмы: "У святыя вечары на Каляды" ("Беларусьфільм", 1996. Аўтар сцэнару М. Козенка) і "Жорсткі раманс" (Белвідэацэнтр, 2008. Аўтар сцэнару Т. Кухаронак).

На жнівень 2014 г. у гурце засталося 4 чалавекі: Надзея Данілаўна Казлова 1936 г.н., Валянціна Іосіфаўна Копелева 1937 г.н., Людміла Сцяпанаўна Каханоўская 1937 г.н. і Валянціна Лявонцьеўна Філіпчэнка 1938 г.н. Людміла Канстанцінаўна Мацюліна па стане здароўя не прымае ўдзел у рэпетыцыях і выступах гурта. Астатнія спявачкі пакінулі гэты свет. Галавенчыцкі клуб зачынілі ў 2013 годзе, цяпер бабулямі апякуецца культурна-спартыўны комплекс вёскі Вусце, за паўтара кіламетры ад Галавенчыцаў. Найбольш займаецца гуртом Міхаіл Уладзіміравіч Шакура. Яго маці, Зінаіда Цімафееўна, спявала з "Незабудкамі" да 2008 г.

Падчас экспедыцыі атрымалася сабраць усіх спявачак, акрамя В.Л. Філіпчэнкі, якая трапіла ў лякарню. Бабулі ў голасе, жартуюць, расказваюць розныя цікавосткі. Каляндарныя песні памятаюць вельмі добра. Праспявалі для беларуска-польскай групы даследчыкаў "жнівеньскія", восеньскія, калядныя, масленічныя, "вясноўскія". Выконваюць таксама купальскія і пятроўскія, сямейна-абрадавыя песні. Падрабязна распавялі пра ўсе этапы вяселля, пачынаючы ад запоінаў. Атрыманы матэрыял дазваляе пры жаданні цалкам аднавіць вяселле па-галавенчыцку. Пазаабрадавая лірыка ў "Незабудак" таксама разнастайная, чаго вартыя толькі разгорнуты варыянт жорсткага рамансу "Пра зубы" і псальма пра Цмока і ўдаву!

Пакуль здароўе дазваляе, бабулі ахвотна даюць канцэрты. Разам з удзельнікамі экспедыцыі, сябрамі РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" і польскай фундацыі "Wszystkie Mazurki Świata" выканалі знакамітае "Зеркала" для жыхароў вёскі Вусце. Падчас канцэрту стала зразумела, што рэпертуар "Незабудак" у Вусці ведаюць дасканала: з залі гучалі просьбы выканаць то адну песню, то іншую. Без "Зубоў" бабуль са сцэны не адпусцілі.

7 верасня "Незабудкі" выступілі на свяце Цмока ў Лепелі, часта іх запрашаюць на абласныя фестывалі. Бабулі ахвотна прымаюць даследчыкаў і пераймальнікаў, добра ідуць на кантакт з моладдзю. Час, праведзены з імі, прабягае незаўважна, космас традыцыйнай культуры пахлынае.

Алена Ляшкевіч


Фотасправаздача:  Гурт "Незабудкі" з в. Галавенчыцы Чавускага р-на

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 08.09.2018 21:42:19

Каментары

Будзем радыя заўвагам і ўдакладненням! Але каментары ад ананімаў і каментары са спасылкамі перад публікацыяй праходзяць прэмадэрацыю.