:: calculation
2014
Загаловак text
Пярэзвы ў сям'і Прымакаў
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
17.09.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Анатацыя text

Наста Кухарэнка і Васіль Прымака зладзілі праз тыдзень пасля свайго вяселля "пярэзвы". Звычай бытаваў у Пухавіцкім раёне (радзіма маладога) і ў Любанскім (радзіма маладой) таксама, але зваўся ён на Любаншчыне па-іншаму: "ездзіць на пірагі".

Поўны тэкст text

Пярэзвы ў сям'і Прымакаў

Наста Кухарэнка і Васіль Прымака зладзілі праз тыдзень пасля свайго вяселля "пярэзвы". Звычай бытаваў у Пухавіцкім раёне (радзіма маладога) і ў Любанскім (радзіма маладой) таксама, але зваўся ён на Любаншчыне па-іншаму: "ездзіць на пірагі". Маладая пякла-варыла-парыла, паказваючы сябе такім чынам як добрую гаспадыню. "Калі свякруха добрая была – апавядае Сяргей Выскварка – то дапаможа пірагоў напекчы. А то, бывае, сядзе, рукі складзе – працуй, нявестка". Піражкоў ці маленькіх булачак маладая набірала ў фартух. Госці за булачкі кідалі ёй у фартух грошы ці цукеркі, даравалі падарункі. Такія дзеянні сімвалізавалі пажаданне маладой пары прыплоду: дзяцей і багацця. Калі даруюць посуд, то лепш кінуць туды трохі зерня, каб жыццё маладых было заможным, "не пустым".

У Пухавіцкім раёне пярэзвы складаліся з застолля, спеваў і танцаў. На Любаншчыне падчас пярэзваў апошнім разам маладым спявалі вясельныя песні. Сяргей Выскварка распавёў яшчэ пра адзін цікавы Любанскі звычай: падчас "пірагоў" маладая развязвала і аддавала свякрусе свой пояс і не мела права завязаць яго, пакуль не зацяжарае. "А ведаеце, як у вёсцы сачылі! Выйшла ў поясе... Ага!..."

Паслявясельныя звычаі мала даследаваныя. У працах этнографаў ХІХ – пач. ХХ стст. ім прысвячаецца па некалькі радкоў.

У Барысаўскім павеце (вёскі Скуплін і Пабярэжжа) "перазоў" лічыўся апошняй вясельнай бяседай. Запрашалі ў асноўным жанатых, якія прыходзілі са сваёй ежай. Спявалі адмысловую песню:

У нас сягодня перазоў,

Сам Бог перайшоў,

З святой Тройцай, з Прачыстай,

З усімі святымі, з шчасцем і доляй

Гучалі і вясельныя песні, тыя ж, што выконвалі прыданкі.

У тым жа Барысаўскім павеце, у мястэчку Халопенічы, "на перазоў" клікаў гасцей, якія былі на вяселлі, хто-небудзь са сватоў або блізкіх сваякоў маладых. "На пярэзвы" да родных свата хадзілі і ў Гомельскім павеце. Перахадзіўшы ўсе пярэзвы, родныя жаніха збіраліся ў сватоў двор "на папялішча", дзе рытуальна завяршалі вяселле свавольствамі.

Згадкі пра візіт бацькоў маладой да маладых праз тыдзень пасля вяселля зафіксаваны ў Рэчыцкім, Мазырскім паветах, у сераду пасля вяселля – у Віцебскім і Пінскім павеце. У в. Рудск Пінскага павета "перазоў" (бацькі, сваякі і вясельныя госці маладой) ехаў да яе ў сераду пасля вяселля, спяваючы адмысловыя "пярэзвяныя" песні. Везлі маладой кавалак караваю. Пасля перазову пачыналіся "гасціны" – візіты маладых з бацькамі маладога да бацькоў маладой, потым візіт бацькоў маладой у адказ...

У Ашмянскім, Слонімскім, Мсціслаўскім паветах, наадварот, у нядзелю пасля вяселля маладыя ехалі да бацькоў маладой. Бацькі аддавалі ім пасаг – свойскую жывёлу і іншае, што нельга было ўзяць з сабой у скрыні. На застолле склікаліся суседзі. У Слуцкім павеце толькі праз тыдзень пасля асноўнай часткі вяселля ехалі да бацькоў маладой і дзялілі там другі каравай. У Глускім раёне праз тыдзень пасля вяселля маладыя з бацькамі маладога, сватамі, бліжэйшай раднёй ехалі да бацькоў маладой, а яшчэ праз тыдзень бацькі маладой з раднёй рабілі візіт у адказ. У Пружанскім раёне такая "гасціна" магла адбыцца і праз некалькі тыдняў пасля вяселля, спачатку ў бацькоў маладой, потым – маладога. У Полацкім раёне гасцяванне праз тыдзень пасля вяселля называлі "пярэзыўкі". Яны адбываліся ў хаце маладога. На пярэзыўках бацькі ўпершыню сустракаліся з дачкой пасля вяселля.

Як бачым, паслявясельныя звычаі распаўсюджаныя па ўсёй Беларусі і сваёй разнастайнасцю не саступаюць уласна вясельным. Таму даследаванне іх набывае асаблівую актуальнасць у нашы дні, калі інфарманты 1920 – 1930-х гг. нараджэння яшчэ могуць распавесці падрабязна пра ўласныя вяселлі, што праходзілі адпаведна старажытным звычаям.

Патэнцыял да аднаўлення пярэзваў сёння не ніжэйшы за аднаўленне ўласна традыцыйнага вяселля.

Алена Ляшкевіч


Фотасправаздача:  Пярэзвы (гасцяванне пасля вяселля) ў сям'і Прымакаў

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.07.2018 08:46:19

Каментары

Будзем радыя заўвагам і ўдакладненням! Але каментары ад ананімаў і каментары са спасылкамі перад публікацыяй праходзяць прэмадэрацыю.