Чалавек заўсёды імкнуўся знайсці сваё месца ў гэтым свеце, перамагчы стыхіі і варожыя сілы. У ХХІ ст. пытанне гэта не менш надзённае, калі не сказаць, што яно набывае ўсё большую актуальнасць. А як нашы продкі паводзілі сябе ў крызіснай сітуацыі? Як яны ратавалі сябе: па-асобку ці разам? Паспрабуем разабрацца.
Чалавек заўсёды імкнуўся знайсці сваё месца ў гэтым свеце, перамагчы стыхіі і варожыя сілы. У ХХІ ст. пытанне гэта не менш надзённае, калі не сказаць, што яно набывае ўсё большую актуальнасць. А як нашы продкі паводзілі сябе ў крызіснай сітуацыі? Як яны ратавалі сябе: па-асобку ці разам? Паспрабуем разабрацца.
Абыдзённы абрад
Надзвычай багатая і разнастайная ў сваіх праяўленнях беларуская традыцыйная культура не перастае здзіўляць і сёння. У тых месцах, дзе, здавалася б, усё вывучана, даследавана і апісан раптам знаходзім нешта новае і дасюль не пазнанае. Так адбылося з унікальным абыдзённым абрадам на Глыбоччыне. Гэты старажытны абрад некалі быў характэрны для ўсёй этнічнай тэрыторыі Беларусі. З самой яго назвы становіцца зразумела, што нешта павінна было адбывацца “аб адзін дзень” ці за пэўны прамежак часу. І вось, калі супольнасці людзей (часцей вёсцы) пагражала небаспека – эпідэмія, пажары, неўраджай, град ці засуха, а часта і страшэннае зло – вайна, то паратунак знаходзілі здзяйсняючы абыдзённы абрад.
Вяскоўцы хацелі перамагчы бяду, захаваць сябе, свае палеткі і таму аб’ядноўваліся. Жанчыны збіраліся ў найбольшай хаце, прыносілі з сабой усё неабходнае для ткацтва і пачыналі працу. У залежнасці ад рэгіёна і адпаведнай традыцыі, яны маглі або толькі ткаць, або і прасці… Галоўнае, каб за вызначаны перыяд (дзень, ноч, суткі) быў сатканы адрэз палатна – абыдзённік. На поўначы Віцебшчыны гэта палатно часцей называлася “намётка”. І тут пачынаецца самае цікавае. Гэта палатно абносілі вакол вёскі, пад ім маглы праходзіць людзі, праганяліся жывёлы і пасля ўсяго намётку трэба было ахвяраваць. Ахвяроўвалі яе ці вышэйшым сілам (праз спальванні, павязванне на дрэве), ці ў пазнейшы час – царкве або касцёлу.
“Пры чым жа тут Глыбоччына?” – спытаеце вы. А вось пры чым: навукоўцы да нядаўняга часу лічылі, што апошні раз абыдзённы абрад актыўна практыкавалі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і на сённяшні дзень ён, хутчэй за ўсё, знік. І раптам высветлілася, што абрад не знік, а жыве і сёння!
Вытокі
“Знайшлася” мадыфікацыя абыдзённага абраду ў в. Папшычы Глыбоцкага раёна. Абрад гэты быў даследаваны і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Пачалі капаць – і на табе! Падобны абрад захаваўся і ў іншых вёсках раёна і што яшчэ цікавей – у праваслаўным варыянце.
Каб расставіць усё на свае месцы, Інстытут культуры Беларусі зладзіў аднадзённую экспедыцыю. Дзевяць адважных чалавек 16 снежня накіраваліся ў в. Старыя Шуняўцы.На пад’ездзе да Ст.Шуняўцаў нас чакала, не гледзячы на будні дзець, амаль што ўся вёска. Калі ж казаць шчыра, чакалі яны не нас, а двух святароў – а. Дзмітрыя і а. Пятра. Яны павінны былі асвяціць палатно і разам з тым распачаць абрадавае дзеянне.
Адкуль жа абрад?З чаго ж усё пачалося? Вось што расказала мясцовая жыхарка Фаіна Савельеўна, 1936 г.н.: “Паміралі людзі і яны ахвяраваліся на Варвары. Вечарам ужо гэта, збіраліся бабы ў хату і тады пралі, як даўней лён жа быў, пралі і снавалі, і ткалі за ноч гэту намётку. І тады ўжо перад Варварамі кругом дзярэўні абнасілі, Богу маліліся, на каленькі станавіліся, хоць і гурбы былі, усё гэтак! Нейкая ці халерыя была ў дзярэўні, ці што. Касіла людзей крэпка...”
Іншыя ж вяскоўцы казалі пра моцныя пажары, але відавочна адно: вёску некалі напаткала страшная бяда. Каб засцерагчыся ад яе людзі і вырашылі звярнуцца да абыдзённага абраду. Хутчэй за ўсё, было гэта ў зімку і, магчыма, вельмі блізка да 17 снежня, калі адзначаецца свята вялікамучаніцы Варвары. Таму людзі і звярнуліся да заступніцтва гэтай святой пры чым у такі, як нам зараз здаецца, незвычайны спосаб. Яны сабраліся ў хаце і разам, усёй вёскай выткалі за ноч адрэз палатна, што сёння, як і ў ХІХ ст., людзі называюць намёткай. З гэтай намёткай абышлі, нягледзяцы на моцны мароз і глыбокі снег, усю вёску і бліжэйшыя хутары. Бяда адступіла, а традыцыя гэта засталася.
У падтрымку гэтай версіі сведчыць і запіс царкоўнага летапісу, што вёўся ў глыбоцкай царкве ў к. ХІХ – пач. ХХ ст. Вось што ён кажа: “Крестные ходы совершаются по полям трех-четырех деревень в приходе. Особенность их та, что накануне дня, назначенного для крестного хода, собираются по одной женщине из каждого дома в одну избу попросторней прочих, и здесь из принесенной каждой женщиной небольшого количества льна прядется и ткется аршин в 4-7 м. длиной полотно, называемое «обыденик» или «намитка». И с этим полотном на другой день женщины во главе с мужчиной, несущим крест (взятый в церкви), отправляются в церковь на обедню. Подойдя к церковной двери, несущие полотно женщины (10-12 человек) становятся на колена и стоя на них, входят в церковь, где, с пением тропаря Кресту окропляются св. водой и на коленях же несут полотно ко кресту, пред которым и расстилают ее, жертвуя полотно в церковь”.
Сённяшні дзень
Сёння абрад відазменены. Яно і не дзіва: усё жывое змяняецца. Палатно не ткуць, а набываюць, для чытання акафіста запрашаюць святароў. Але галоўнае тое, што і сёння людзі вераць у сілу намёткі. Яе праносяць над хворымі, каб яны атрымалі здароўе. На намётку кладуць ахвяры, каб засцерагчы сябе ад бяды.
Кожны павінен захаваць кавалачак асвечанага палатна на працягу года, асабліва кіроўцы і тыя, хто шмат падарожнічае. Як і ў мінулыя часы для пераадолення самых крызісных і складаных сітуацый людзі яднаюцца.Людзі яднаюцца, бо разам лягчэй перамагчы зло, бо разам – мы грамада, бо разам – мы сіла.
А можа сёння і нам, беларусам ХХІ ст. варта нечаму павучыцца ў нашых вяскоўцаў?
Дзяніс Філіпчык, фота Аляксея Сталярова
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.