Хрысціянскі складнік Калядаў у Перасудавічах моцны: на Шчадрэц спяваюць тыя ж песні пра Хрыста, што і на Раство. Ёсць некалькі ўласна шчадравальных песень, якія на Раство не выконваюцца (велічальныя, пра царкву з трыма вокнамі, у якіх Сонца, Месяц і Зорачкі). І на Раство, і На Шчодрыка носяць зорку.
Вёска Перасудавічы Бярозаўскага раёна стаіць на беразе Белага возера, у пералесках бывае шмат грыбоў і ягад. Таму шмат хат тут купляюць пад дачы жыхары райцэнтра і Белаазёрска. Паездзяць-паездзяць, пасадзяць гароды, а потым – глядзіш, ужо і стала жывуць, нават узімку. 2 аграсядзібы адчынілі. Каб атрымаць уяўленне пра культурны ландшафт в. Перасудавічы, зазірніце сюды.
Жыхароў тут 95, шмат прыезджых. Традыцыі шануюць усе, таму 13-14 студзеня рыхтуюцца да прыходу калядоўнікаў. Толькі адна жанчына калядоўнікаў да сябе не пусціла. Кажуць, што яна “вельмі праваслаўная”, таму, магчыма, лічыць калядаванне грахом.
Хрысціянскі складнік Калядаў у Перасудавічах моцны: на Шчадрэц спяваюць тыя ж песні пра Хрыста, што і на Раство. Ёсць некалькі ўласна шчадравальных песень, якія на Раство не выконваюцца (велічальныя, пра царкву з трыма вокнамі, у якіх Сонца, Месяц і Зорачкі). І на Раство, і На Шчодрыка носяць зорку. Яе зрабілі некалькі гадоў таму. Традыцыйна ў Перасудавічах зорка была са свечкай, шасціканцовая. На рагох зоркі ляпілі фігуркі розных жывёлак, якія “бегалі”, калі прылада круцілася.
Пад абрус на першую куццю кладуць сена, якое захоўваюць, каб заслаць і на другую куццю, і на трэцюю. Пасля Калядаў гэтае сена трэба аддаць свойскай жывёле. Хто гаспадаркі ўжо не трымае, той сена паліць. Выкідаць яго ці расцярушваць непажадана. Рэшту куцці аддаюць курам.
Шчадроўнікі ходзяць 13-га студзеня пасля вячэры і ўдзень 14-га. Імкнуцца, каб іх было чуваць здалёк: пяюць, вітаюць гаспадароў. Уваходзячы ў двор, крычаць “Добры вечар, пан-гаспадар! Ці спіш, ці ляжыш? Адчыняй вароты!“ Калі гаспадар трымае пчол, дадаюць “Адчыняй сені, каб пчолы селі!” Такім чынам падкрэсліваецца асаблівае стаўленне да пчаляра ў вясковым соцыюме.
Шчадроўнікі ўваходзяць у хату толькі па запрашэнні і спяваюць з дазволу гаспадароў. Запрашалі ўсе, не было амаль ніводнага выпадку, каб гурт пеў на вуліцы. Адных толькі гаспадароў заспелі літаральна на парозе, тыя самі ехалі ў Белаазёрск шчадраваць. А на ўсялякі выпдак пакінулі падарункі калядоўнікам на ганку! Між тым, запрашэнне ў хату не лічыцца абавязковым, падчас калядаванняў у іншых вёсках часта шчадроўнікі пяюць пад вакном ці ля ганка.
Асаблівыя звароты да гаспадара-пчаляра вядомыя і у іншых мясцінах. Напрыклад, у вёсках Рог і Восава Салігорскага раёна на Шчадрэц зафіксавана 2 песні гападару:
Ой, устань-устань, сам пан-господар, святы вечор, святы Васілёк
Устань, паслушай, што ў хмары гудзе, святы вечор, святы Васілёк
Што ў хмары гудзе, Прачыстая йдзе, святы вечор, святы Васілёк
І
Ці ў дома-дома сам пан-гаспадар, святы вечор, святы Васілёк
А хоць у дома, да не гуляе, святы вечор, святы Васілёк
Да не гуляе, супачывае
Па меркаванні даследчыцы Ірыны Мазюк, першая песня выконвалася для гаспадара, што трымаў пчол, а другая – ва ўсіх астатніх хатах.
Шчадраванне складаецца з “засявання” хаты жытам і песні-віншавання. Некаторыя доўгажыхары ўзгадваюць, што колісь у Перасудавічах на Шчодрыка вадзілі казу. Апраналі вывернуты кажух, маску, падпярэзваліся. На сёння гэты элемент каляднага абраду страчаны.
Бывае, гаспадары не рыхтаваліся, тады пытаюцца, што даць калядоўнікам. Тады гучыць рытуальная формула-адказ: “Мы ж не самі ходзім, нас сам Бог пасылае. Кажа, каб бралі ўсе Божыя дары”. Такім чынам, калядоўнікі ў Перасудавічах непераборлівыя.
Усе гаспадары, што прымалі гурт, дзякавалі, што не мінулі іх хаты. Прыход калядоўнікаў лічыцца ў Перасудавічах вялікім гонарам, улічваючы, што немаладыя ўжо спявачкі не могуць абыйсці ўсе хаты.
Алена Ляшкевіч
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.