::
2015.02.09 — Танцавальны конкурс “Мяцеліца” / Інвентар НКС / livingheritage.by
Загаловак
Танцавальны конкурс “Мяцеліца”
Спасылка
Дата публікацыі
09.02.2015
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

8 лютага ў мінскім Палацы дзяцей і моладзі прайшоў другі конкурс беларускіх традыцыйных танцаў “Мяцеліца”. Першы адбыўся ў снежні 2013 г. Сярод арганізатараў сёлетняй імпрэзы - Школа традыцыйнага мастацтва фальклорнага гурта “Гуда” і Беларускі фонд культуры.

Поўны тэкст

Танцавальны конкурс “Мяцеліца”

8 лютага ў мінскім Палацы дзяцей і моладзі прайшоў другі конкурс беларускіх традыцыйных танцаў “Мяцеліца”. Першы адбыўся ў снежні 2013 г. Сярод арганізатараў сёлетняй імпрэзы - Школа традыцыйнага мастацтва фальклорнага гурта “Гуда” і Беларускі фонд культуры.

Аўтарам ідэі выступіў этнахарэограф Мікола Аляксеевіч Козенка. “Мяцеліца” грунтавалася на прынцыпах, распрацаваных для конкурсу танцавальных пар падчас Рэспубліканскага фестываля фальклорнага мастацтва “Берагіня”. У конкурснай праграме “Берагіні”, што праходзіць раз на два гады ў чэрвені ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці, удзельнічаюць дзеці да 18 гадоў. Узрост удзельнікаў “Мяцеліцы” – ад 16 гадоў. Найстарэйшаму танцору ў сёлетнім конкурсе – 82. Гэта Леанід Каленчыц з Асіповіцкага раёна. На “Мяцеліцу” трапіў амаль выпадкова – захварэў іншы танцор. Але выступіў выдатна, узяў удзел нават у конкурсе танцораў-салістаў – выконвалі абрадавы танец “Жабка”. Аказалася, што ў старэйшай і сярэдняй узроставых катэгорыях на конкурс выйшла ўсяго па адным салісце. І Леанід саступіў маладому суперніку ўсяго на 1 бал. Яго партнэрка, Соф’я Мароз, удзельнічала ў конкурсе разам з трыма сваімі родзічамі. Вось дык танцавальная сям’я!

Прыемна, што пары старэйшага ўзросту не баяцца ўдзелу ў мерапрыемстве, якое піярыцца як моладзевае. Арганізатары ж, у сваю чаргу, паклапаціліся пра тое, каб старэйшыя танцоры змагаліся між сабой, а маладзейшыя –асобна. Бо “вагавыя катэгорыі” ў валоданні танцавальным майстэрствам усё ж розныя. Складана ацэньваць чалавека, які таньчыць з маленства, пераняўшы танцавальнае майстэрства натуральным шляхам ад сям’і і суседзяў, побач з прадстаўніком гарадской моладзі, які вучыўся ў гуртку ці на гарадскіх танцавальных вечарынах. Шмат танцораў, асабліва з Мінска, ніяк не звязаны з установамі культуры, вучыліся таньчыць хто на танцавальных вечарынах клуба “Сіта”, хто ў Школе традыцыйнага мастацтва фальклорнага гурта “Гуда”. У малодшай узроставай катэгорыі –збольшага выхаванцы фальклорных калектываў. Тым не менш, ніхто з удзельнікаў “Мяцеліцы” не з’яўляецца прафесійным танцорам (гэта абавязковая ўмова конкурсу). Для іх традыцыйны танец – справа добрага адпачынку, здароўя, і можа быць, нават трошкі – лад жыцця.

У склад экспертнай рады “Мяцеліцы” ўвайшлі: Аляксандр Лось – даследчык традыцыйнай музыкі і танцу; Сяргей Выскварка – кіраўнік фальклорнага ансамбля “Верабейкі” з Любані; Таццяна Кухаронак, кандыдат гістарычных навук і аматарка танцаў; Вячаслаў Калацэй – кіраўнік гурта “Ветах”, дудар; Ірына Канавальчык, выкладчыца танцаў з Універсітэта культуры; Людміла Бярней, даследчыца харэаграфіі Заходняга Палесся, Антаніна Абрамовіч, кіраўнік дзіцячага гурта “Берагіня” з в. Мётча Барысаўскага раёна.

Пра складанасці працы ў журы распавяла Таццяна Кухаронак: музыка грае нядоўга, трэба паспець вызначыцца з адзнакамі для ўсіх пар, якіх можа таньчыць адначасова і 3, і 6. Спачатку ўвагу прыцягваюць самая “моцная” і самая “слабая” пары. Астатнія ўжо расстаўляюць паміж імі.

Таццяна Кухаронак лічыць, што таньчыць можа кожны. Істотна даць магчымасць далучыцца да традыцыйнай танцавальнай культуры з дзяцінства. Нароўні з фізічнай, гэта і эмацыйная нагрузка, якая спрыяе  развіццю асобы.

Пары-ўдзельніцы да конкурсу павінны былі вывучыць па 8-11 танцаў, у залежнасці ад узроставай катэгорыі. Большасць з гэтых танцаў бытавала ледзь не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Гэта: “Лявоніха”, “Падыспань”, “Кракавяк”, “Вальс”, “Ночка”, “Полька”, “Каханачка”, “Карапет” (іншыя назвы – “Лысы”, “Дзевачка Надзя”), “Барыня”. Частка з іх – небеларускага паходжання, але адаптавалася ў вясковым асяродку, набыла мясцовыя рысы.

Падчас конкурсу кожная пара таньчыла свой, характэрны для пэўнай мясцовасці, варыянт танцу. А прадстаўлена была ледзь не ўся Беларусь: былі пары з  Лоеўскага, Слуцкага, Буда-Кашалёўскага, Акцябрскага, Асіповіцкага раёнаў, з Капаткевічаў, Століна, Гомеля, шмат пар з Мінска.

У адрозненні ад леташняга конкурсу, калі трэба было не толькі паказаць сваё майстэрства, але і прадэманстраваць уменне таньчыць у абмежаванай прасторы, не замінаючы іншым, сёлета месца хапала ўсім. Вялікая зала Палаца дзяцей і моладзі прымала розныя імпрэзы, ад сярэднявечных турніраў да гульняў “Што? Дзе? Калі?” і цесна бывае вельмі рэдка.

Мастацтвам размінуцца, не закрануўшы іншых пар, выдатна валодалі аўтэнтычныя танцоры: яшчэ пасля Другой сусветнай вайны, пакуль у вёсках не было клубаў, танцавальныя вечарынкі праходзілі ў хатах. І месца там было значна менш, чым у мінскім Палацы, і людзей таньчыла больш. На конкурсе “Мяцеліца” адначасова выходзіла да 6 пар. І нельга сказаць, што выходзілі на сцэну, бо на сцэне… сядзела журы. З вышыні лепш відаць. Музыкі (капэла “На таку” і гарманіст з Любані Васіль Васільевіч Семашкевіч) занялі меца перад сцэнай, паміж журы і танцорамі.

Пары выконвалі свой варыянт кожнага танцу. Напрыклад, у адных магла быць праходка, а у другіх у гэты час – перакрут на месцы.  У гледачоў вочы разбягаліся, і для журы няпроста.

Пераможцам леташняй “Мяцеліцы”, Пінязіку Уладзіславу і Атвіноўскай Надзеі падаравалі саламянага павука. Пара нядаўна ажанілася.

Цікава, што ідэя конкурсу танцавальных пар, нарадзіўшыся ў межах дзяржаўнай сістэмы ўстаноў культуры, выйшла “ў свет” пры дапамозе грамадскай ініцыятывы. Як вельмі вялікі плюс хочацца адзначыць удзел танцораў рознага ўзросту. Нечаста адбываюцца мерапрыемствы, цікавыя такому шырокаму колу людзей. І, што прыемна, - праца з гледачамі. У перапынках між этапамі конкурсу да танцаў маглі далучыцца ўсе ахвочыя: і стомленыя ўдзельнікі, і леташнія пераможцы, якія, па ўмомах конкурсу, сёлета не ўдзельнічалі, і гледачы-заўзятары.

Мікола Козенка адзначыў, што ўзровень арганізацыі і правядзення конкурсу быў вельмі высокім. Танцоры паказалі добрае валоданне традыцыйным матэрыялам. Вядучыя Алена Каліноўская і Кацярына Шэйка, не з’яўляючыся прафесійнымі каферансье, правялі свята вельмі весела, без затрымак, усталявалі добры кантакт з залай, танцорамі і журы. Асноўнымі прынцыпамі фестывалю “Берагіня” з’яўляюцца выяўленне, перайманне, аднаўленне і папулярызацыя праяў традыцыйнай культуры. Гэтымі прынцыпамі кіраваліся і арганізатары конкурсу “Мяцеліца”. Ганаровы госць імпрэзы, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп скзаў, што такое задавальненне, як у гэты дзень, атрымліваў хіба на “Берагіні”.

Прапануем пазнаёміцца з поўным спісам удзельнікаў і пераможцаў конкурсу. 

Алена Ляшкевіч.


Фотасправаздача:  Танцавальны конкурс “Мяцеліца”

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 18.10.2019 07:16:12

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.