::
2016.05.01 — “Каменныя дзевачкі” у Баравым і Данілевічах Лельчыцкага р. / Інвентар НКС / livingheritage.by
Загаловак
“Каменныя дзевачкі” у Баравым і Данілевічах Лельчыцкага р.
Спасылка
Дата публікацыі
01.05.2016
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

30 красавіка – 1 мая 2016 г. быў праведзены маніторынг стану элемента НКС “Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці (Каменныя «дзевачкі»)”.

Поўны тэкст

“Каменныя дзевачкі” у Баравым і Данілевічах Лельчыцкага р.

30 красавіка – 1 мая 2016 г. быў праведзены маніторынг стану элемента НКС “Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці (Каменныя «дзевачкі»)”.

У Баравым найбольш урачыстае наведванне “дзевачкі” адбываецца на 2-і дзень Вялікадня (панядзелак), ёй нясуць стравы з велікоднага стала. Старыя “аброкі” не паляць, а павязваюць на дрэва побач з “дзевачкай”. За апошнія гады вакол каменя з’явілася плот і драўляны крыж з абразом унутры агароджы.

Некаторыя мясцовыя жыхары кажуць, што раней, прыкладна да 1970-х гадоў, “дзевачку” ў Баравым не апраналі. Не звалі яе Еўкай, як у Данілевічах. Імя з’явілася толькі апошнім часам.

“Дзевачцы” ў Баравым жанчыны спавядаліся ў сваіх ітымных справах: любоўная варажба, спарон, здрада ў шлюбе. Быццам бы распавялі ёй – і лягчэй стала.

У Данілевічах галоўнымі захавальніцамі абраду з’яўляюцца жанчыны, якія раней спявалі ў фальклорным гурце пры клубе. Яны сёлета здымалі старыя аброкі з Еўкі ў Красную суботу:

Алена Міронаўна Карась, 1945 г. н., мясц. – былая работніца сферы культуры;

Ева Кірылаўна Вярбіла, 1939 г. н., мясц.;

Кацярына Адамаўна Герман, 1949 г. н., мясц., хадзіла пераапранаць з унучкай Маяй 2012 г. н.;

Галіна Фёдараўна Палуянава, 1950 г. н., мясц., працавала ў краме

Ульяна Кірылаўна Палуянава, 1939 г. н., мясц.

Гэтым разам не прысутнічалі, звычайна ходзяць пераапранаць:

Марыя Васільеўна Плех, 1943 г. н., мясц.;

Вольга Дзмітрыеўна Плех, 1939 г. н., нар. у в. Рубеж.

Цяпер клуб ператвораны ў Дом сацыяльных паслуг і адчыняецца толькі раз на месяц.

Акрамя "дзевачкі" ў Красную суботу палілі старыя “аброкі” з прыдарожных крыжоў па ўсёй вёсцы.

На Вялікдзень апранаць каменны і прыдарожныя крыжы ідуць з самай раніцы. Каля 5-6 гадзін “аброкі” ўжо павесілі каля 5 жанчын. Гурт, што паліў старыя “аброкі” сабраўся а 7 раніцы. “Дзевачцы” акрамя фартушкоў прынеслі яшчэ хусткі, некаторыя – каралі. Клалі стравы з велікоднага стала – чырвоныя яйкі, булкі, таксама цукеркі, кветкі.

Ля кожнага крыжа гурт спяваў псальму “Хрыстос воскрэсе із мертвых”. Абракнуўшыся на першы прыдарожны крыж, павадзілі карагоды “Канапелюшка”, “Ой, дзеўкі-дзеўкі, не церайце сілкі”“Перепёлачка”.

Новыя фартушкі завязваюць і на магільныя крыжы.

Відэа Марыі Раскільтэ пра пераапрананне Еўкі ў Данілевічах можна паглядзець тут.

Фота Алены Ляшкевіч з Баравога тут, з Данілевічаў тут.

Іншыя велікодныя традыцыі

У Данілевічах захаваўся звычай паліць у ноч на Вялікдзень вогнішчы. Часам на іх смажаць шашлыкі. У некаторых хатах замест вогнішча пакідаюць святло гарэць усю ноч у адным пакоі. У в. Сіманічы Лельчыцкага р. тлумачаць гэтыя звычаі тым, што ў велікодную ноч Бог ходзіць па зямлі і завітвае на вогнішча ды святло пагрэцца, прыносіць гаспадарам Долю. Па ўсёй Беларусі вераць, што Бог ходзіць па зямлі ад Вялікадня да Ушэсця.

У Данілевічах на ноч на стале пакідаюць велікодныя стравы.

Жыхары Данілевічаў хрыстосуюцца адмыслова склаўшы рукі: 3 разы прамаўляюць “Хрыстос увасхрос” і адказваюць “Ваісціну ўвасхрос”, а потым 3 разы цалуюцца.

У нядзелю на цвінтары (царквы ў Данілевічах няма з вайны) бацюшка з Дубровы асвячае велікодную ежу. Да таго нельга есці.

Калі ў хаце на працягу году нехта памёр, вогнішчы не паляць, яек не фарбуюць, але булкі пякуць.

Фота з Вялікадня ў Данілевічах тут.

Алена Ляшкевіч


СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 11.10.2019 05:18:10

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.