:: calculation
2014
Загаловак text
Абрад Сула ў вёсцы Маркавічы (фотарэпартаж)
Спасылка embed
Дата публікацыі date
25.04.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Анатацыя text

На другі дзень Вялікадня, 21 красавіка, у вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна вадзілі сулу. Гэты абрад – адна з этнічных адметнасцяў Пасожжа, тэрыторыі рассялення племені радзімічаў.

Поўны тэкст text

Абрад Сула ў вёсцы Маркавічы (фотарэпартаж)

На другі дзень Вялікадня, 21 красавіка, у вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна вадзілі сулу. Гэты абрад – адна з этнічных адметнасцяў Пасожжа, тэрыторыі рассялення племені радзімічаў.

Галоўнай абраднай песняй гучыць “Як ішла сула дый уздоўж сяла… забрала ена добра моладца”.

“Перуновымі стрэламі” звалі пошугі маланкі. Смерць “ад перуна” ў дахрысціянскія часы лічылася пачэснай, як і смерць на вайне.

Сула ў Маркавічах даўней была супольным святам для некалькіх вёсак з наваколля. Пасля службы ў царкве сталыя жанчыны ішлі дадому, абедалі, а потым збіраліся ў пачатку вёскі Гадзічава “на кераміку” (мясцовы тапонім, раней быў керамічны панскі завод).

Жанчыны заводзілі “крывы танок”: ставілі ў круг трох маленькіх дзяўчат і вакол іх вадзілі карагод. Сам танок, нібы “вілюга” (след ад маланкі), сімвалізаваў адвод “перуновых стрэл” ад вёскі, каб у хаты і пабудовы яны не ляцелі. Маленькіх дзяўчат падкідалі на руках, што сімвалізавала дар багіні Ладзе, на рост усяго. Пасля падавалася каманда “У гарэпню”, усе разбіваліся па парах і беглі пад рукамі тых, хто стаяў наперадзе, уперад па ўсёй вёсцы, танцавалі, спявалі прыпеўкі, песні, весяліліся. Сула выводзіла на вуліцу і старога, і малога, і нібы казала, што наступіў канец вячоркам у малых хатах, канец посту, надышла пара танцаў на вуліцы. І так ішлі да Гадзічаўскай царквы, дзе на перакрыжаванні зноў заводзілі танка. Пасля па Кацярынінскім шляху ішлі на Маркавічы і па галоўнай вуліцы даходзілі да канца вёскі. Там ужо гулялі і весяліліся да позняй ночы.

Па словах Веры Уладзіміраўны Трыгубавай 1927 г.н., калі сулу вадзілі адразу ў Маркавічах, а жыхары Гадзічава далучаліся, то збіраліся “на хрышчаціку” – так звалі скрыжаванне дарог у вёсцы. Заводзілі “крывы танок” вакол трох маленькіх дзяўчат, потым станавіліся ў шэрагі на ўсю шырыню вуліцы, трымаючыся пад рукі, ішлі ў канец сяла ці нават у лес ля могілак. Там зноў вадзілі карагод, потым гулялі, танчылі.

Шэсце пачыналася і заканчвалася карагодам, нідзе не спынялася. Кампазіцыя руху жанчын па вёсцы нагадвае дэкор традыцыйнага ручніка: шмат узораў па канцах, а пасярэдзіне – дарога: белае (ці ў паскі, але ў параўнанні са шчыльна затканымі канцамі – усё роўна белае) палатно-дарога.

Панядзелак па велікоднай нядзелі лічыцца ў Маркавічах другім днём Вялікадня і днём безумоўна святочным. Велікодны панядзелак – выходны ў шмат якіх краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У некаторых рэгіёнах Беларусі яшчэ жывое ўяўленне аб трох днях Вялікадня (нядзеля, панядзелак, аўторак), у якія катэгарычна забараняецца працаваць. Пасля ваджэння сулы дзе-нідзе на Гомельшчыне праходзіць “Пахаванне сулы (стралы)”. Гэта структурная частка абраду, якая ў Маркавічах, мабыць, была на нейкім этапе страчаная. Пасля ваджэння сулы карагод ідзе на поле, дзе ўжо палавее азімае ці яравое жыта, і кожны ўдзельнік закопвае нешта ў зямлю. Даследчыкі лічаць, што такое “пахаванне” (“сулой” можа выступіць манетка, шпілька, саламяная лялька) замясціла сабой чалавечую ахвяру, што прыносілі дзеля плоднасці нівы ў глыбокай старажытнасці.

Бабулі тлумачаць сэнс абраду так: “Каб усё ў нас радзіла і маланка ў нас не біла”.

 

Алена Ляшкевіч, Віктар Шыпкоў

Фота Аляксея Сталярова

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 06.11.2018 00:59:10

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца на форуме можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі на форуме.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца на вонкавым сэрвісе Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.