::
2015.01.15 — Шчодрык у Перасудавічах, альбо Чаму свойскія куры добра нясуцца / Будзьма Беларусамі (budzma.org)
Загаловак
Шчодрык у Перасудавічах, альбо Чаму свойскія куры добра нясуцца
Спасылка
Дата публікацыі
15.01.2015
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

13 студзеня ў праваслаўных беларусаў Шчодры вечар, Шчодрык, ці Шчадрэц. Абыход двароў, што здзяйсняюць у гэты дзень калядныя гурты, мае трывалую, яшчэ дахрысціянскую, традыцыю.

Поўны тэкст

Шчодрык у Перасудавічах, альбо Чаму свойскія куры добра нясуцца

13 студзеня ў праваслаўных беларусаў Шчодры вечар, Шчодрык, ці Шчадрэц. Абыход двароў, што здзяйсняюць у гэты дзень калядныя гурты, мае трывалую, яшчэ дахрысціянскую, традыцыю. Старажытныя святкаванні ў гонар новага сонечнага года, Каляды (ад лац. Calendae – назва першага дня кожнага месяца) праз шматлікія змены ў календары сёння “адстаюць” ад бегу Сонца амаль на месяц. Астранамічны Новы год наступіў у ноч з 22 на 23 снежня 2014 г. А з так званым Старым Новым Годам (вось жа дзе неалагізм!) віншуюць 13 студзеня, на Шчодры вечар, ці, дзе-нідзе, яшчэ і 14-га ўдзень. Каталіцкі рэлігійны каляндар, здавалася б, бліжэйшы да астранамічнага за праваслаўны. Але звычаяў і абрадаў дахрысціянскага паходжання ў каталіцкіх вёсках захавалася значна меней, чым у праваслаўных. Таму ў калядную вандроўку я выправілася ў вёску Перасудавічы Бярозаўскага раёна.

Святкуюць Каляды як належыць: 6, 13 і 18 студзеня з самай раніцы вараць куццю з пярловых крупаў. Пярлоўкі імкнуцца браць прыкладна аднолькавую колькасць усе 3 разы. Дзень каша прэе ў печы, а калі каштуеш увечары, то такое смакоцце… Дастаюць куццю дзесь па абедзе, ставяць на кут (на тое яна і куцця, каб на куце стаяць). Пад белы абрус на вячэру 6 студзеня кладуць сена, якое захоўваюць, каб заслаць і на другую куццю, і на трэцюю. Пасля Калядаў гэтае сена трэба аддаць карове ці казе. Такой побытавай магіяй жывёле забяспечваецца на цэлы год добрае здароўе. Рэшткі куцці аддаюць курам. Гаспадыня, у якой я спынялася, Надзея Васільеўна Мікіціч, не маючы ўласных курэй, з 6 студзеня захоўвала куццю. 13-га перадала дачцэ Святлане. Хай растуць у той куркі і добра нясуцца!

6-га і 19-га вячэра посная, мне ж пашанцавала 13 студзеня трапіць на Багатую, ці Шчодрую, куццю. На стол у гэты дзень імкнуліся ставіць усе стравы, якія толькі можа прапанаваць сялянская гаспадарка, каб ва ўсім на наступны год быў прыбытак.

Пасля вячэры пайшлі шчадраваць па хатах. Надзеі Васільеўне і большасці яе сябровак ужо 70 і болей гадоў, таму абысці усю вёску за вечар ім складана. Каб нікога не пакрыўдзіць, вырашылі павіншаваць тых, да каго не заходзілі, 7-га. Даўней маглі шчадраваць цэлую “старанавагоднюю” ноч. Да каго не паспелі, завітваюць 14-га ўдзень, управіўшыся па гаспадарцы. Расказваюць, што яшчэ ў 1970-я гады ў адну і тую ж хату за Шчодры вечар маглі зайсці 4-6 розных калядных гуртоў (дзеці, нежанатыя хлапцы, жанатыя кампаніі). І ўсіх частавалі!

Дзеянне ў хаце пачынаецца тым, што адна са шчадроўніц “засявае” жыта: “Сею-сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю!” Звычайна ў адказ гаспадары дзякуюць, бывае, пажартуюць “Ой насеялі! Няма каму прыбіраць!”

Некаторыя былі так радыя, што рыхтавалі падарункі, толькі пачуўшы скрып брамкі. Тады шчадроўнікі тактоўна казалі: “Яшчэ ж зарабіць трэба, пачакайце…” І спявалі самую кароткую калядку з рэпертуару. Заканчваецца дзеянне пажаданнем дабрабыту гаспадарам і адорваннем спевакоў.

Гасцям з горада, якія хадзілі з гуртом, звычайна прапануюць частку накалядаванага. Такі закон, ужо і не адмовіцца. Таму ў Мінск з’язджала з хатнім хлебам, яблыкамі, кілбасой, сырам і… грашыма “на білет”. Ну проста як ад роднай бабулі!

 

 

Алена Ляшкевіч. Фота аўтаркі

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 29.09.2019 06:10:56

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.