::
2015.02.02 — Як выткаць “сырнічак”? / Будзьма Беларусамі (budzma.org)
Загаловак
Як выткаць “сырнічак”?
Спасылка
Дата публікацыі
02.02.2015
Катэгорыя
рэцэнзіі
Анатацыя

Нядаўна выйшла кніга манашкі Васы “Беларускія народныя паясы. Тэхнікі вырабу. Арнамент”. Падавалася б, што за манашка, якая піша кніжкі пра народнае мастацтва? Да пострыгу Васа насіла імя Вера Іванаўна Селівончык. Была, бадай, першай даследчыцай у Беларусі, якая пачала “расшыфроўваць” старажытныя тэхналогіі.

Поўны тэкст

Як выткаць “сырнічак”?

Нядаўна выйшла кніга манашкі Васы “Беларускія народныя паясы. Тэхнікі вырабу. Арнамент”. Падавалася б, што за манашка, якая піша кніжкі пра народнае мастацтва? Да пострыгу Васа насіла імя Вера Іванаўна Селівончык. Была, бадай, першай даследчыцай у Беларусі, якая пачала “расшыфроўваць” старажытныя тэхналогіі. “Тады, у сярэдзіне 1980-х, – кажа манашка Васа, – здавалася, што адрадзіць ткацтва народных паясоў немагчыма. Вось як пару гадоў таму – слуцкія паясы”. Матэрыял для кнігі Вера Іванаўна пачала збіраць з 1985 года, калі ў Ганцавіцкім раёне пазнаёмілася з захавальніцамі майстэрства вырабу паясоў. Кажуць, што там дасюль можна пабачыць паяскі ў якасці ручак на торбачках, з якімі людзі старэйшага веку ходзяць у краму.

Кніга “Беларускія народныя паясы” дазваляе ахвочым самастойна засвоіць мастацтва вырабу паясоў у любой вядомай тэхніцы. А тэхнік Вера Іванаўна апісала нямала: віццё, пляценне вузламі, на прутку, адзінарнай пятлёй і дзвюма петлямі, на пальцах, на кругавой аснове, на калодачцы, аб’ёмнае пляценне ў 4 і 8 пучкоў, плоскае пляценне, ткацтва на дошчачках, ніце, бердзечку, станку, круглае ткацтва. На любы густ, ад простых да складаных. Для большасці тэхнік не трэба спецыяльнага абсталявання, яго можна вырабіць з падручнага матэрыялу. Аб адной са сваіх даследчых экспедыцый Вера Іванаўна апавядае: “Параілі бабулю, што ўмее паясы рабіць. Заходжу ў хату, размаўляем. “А з чаго, – пытаюся – рабілі ніт для пояса?” (тэхніка ткацтва паясоў на ніце – адна з найбольш распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі – аўт.) Бабуля кажа “Прынясі венік!” Я іду па дзяркач, а сама думаю – падмятаць яна надумала ці што? А бабуля выломлівае палачку з яго і вяжа на яе ніт для пояса”. Парады па вырабе абсталявання манашка Васа ў кнізе дае падрабязныя, як і па выбары нітак, аздабленні канцоў паясоў.

На фоне актуальных дыскусій пра сімволіку традыцыйнага арнаменту, мабыць, вядром халоднай вады на тлумачальнікаў сэнсаў будуць звесткі аб назвах узораў паясоў. Дыктаваліся яны вонкавым падабенствам арнаментальнага аздаблення да з’яваў навакольнай рэчаіснасці. Там, дзе, здавалася б, палова сонца, ткалля М. М. Стасяловіч з Валожынскага раёна скажа “двайная грабелька”.

А “сімвал продкаў” па Кацару назаве “жучок”.

Падкрэсліваю, “арнаменту жыцця”, “сімвалу кахання” ці “абярэгу ад усяго” па кніжцы “Беларускія народныя паясы” Вы не вытчаце. Затое “заячы след”, “сырнічак”, “капыцік”, “ланцужок”, “пруцік”, “крываножку”, “адзінокі дубчык”, “рачок”, “вочка” і г.д. – калі ласка.

Такім чынам, галоўны плюс кнігі – у тым, што дзе б і ў якіх умовах вы ні былі, можаце вырабіць сабе пояс. Ці дэкаратыўны элемент кшталту фенечкі, закладкі, хайратніка, футаральчыка ці чагось іншага, тут ужо куды фантазія завядзе. Так можна лёгка і танна пазначыць сябе беларусам замест спрэчнай “вышымайкі”. Ці разам з ёй.

Кніга ўтрымлівае звесткі аб паясах у побыце, звычаях і абрадах. Але такіх звестак, як адзначае сама манашка Васа, мала. Аўтарка імкнулася занатаваць і расшыфраваць, раскласці ў схемах тэхналагічныя асаблівасці паясоў. Этнаграфічныя ж факты адносна іх вырабу і нашэння манашка Васа заклікае шукаць наступныя пакаленні даследчыкаў. Ускладняе працу з кнігай адсутнасць мультымедыя-дадатку. Часам лепш адным разам паглядзець, як робіць майстар, хай і на відэа, чым чытаць доўгае апісанне і разважаць над схемай.

Кніга “Беларускія народныя паясы” можа зацікавіць людзей, што любяць народнае мастацтва як такое, тых, хто займаецца рукадзеллем, выкладае рамёствы ці гісторыю мастацтва, калекцыянераў. Выданне мае цалкам прэзентабельную абгортку і ўтрымлівае шмат малюнкаў, таму можа стаць цалкам годным “сувенірам з Беларусі”.

Алена Ляшкевіч

Фота аўтаркі

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 11.08.2019 10:02:10

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.