::
2015.02.26 — Дударскі клуб аднавіў вечарыны ў Мінску (фотарэпартаж) / Будзьма Беларусамі (budzma.org)
Загаловак
Дударскі клуб аднавіў вечарыны ў Мінску (фотарэпартаж)
Спасылка
Дата публікацыі
26.02.2015
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

Падзея, якой з 2012 года ўжо і не чакалі, усё ж адбылася: Дударскі клуб аднавіў танцавальныя вечарыны. Cерады ў Jack club занятыя пад дударскую музыку ажно да траўня.

У тэксце - спасылка на відэа з Карча 2008 г.

Поўны тэкст

Дударскі клуб аднавіў вечарыны ў Мінску (фотарэпартаж)

Падзея, якой з 2012 года ўжо і не чакалі, усё ж адбылася: Дударскі клуб аднавіў танцавальныя вечарыны. Cерады ў Jack club занятыя пад дударскую музыку ажно да траўня. З 2007 да 2012 года Дударскі клуб “рос”, перабіраўся з пляцоўкі на пляцоўку. Урэшце апынуўся ў “Рэпабліку”, самым вялікім клубе краіны, што падкрэсліваюць арганізатары. Як для танцора, то Jack club, бадай, самае ўтульнае месца ў параўнанні з папярэднімі пляцоўкамі. Ён у цэнтры, вентыляцыя тут добрая, курыць у зале забаронена, канап на ўсіх хапае. Танцпляцоўка квадратная і досыць вялікая. Праўда, калі б усе наведнікі падняліся з канапаў і затанчылі, месца магло б і не хапіць. Затое ў танцораў ёсць шанец адчуць сябе на сапраўднай вясковай вечарыне. Да 1960–1970-х гадоў часта танчылі ў хатах. Масавае будаўніцтва сельскіх клубаў – адносна нядаўняя з’ява. У абмежаванай прасторы жылой хаты істотна было ўмець разыходзіцца, таньчыць, не махаючы рукамі і нагамі, не закранаючы іншыя пары.

Сярэднявечны сэт

Гэтым разам імкнуліся знайсці баланс паміж народнымі і сярэднявечнымі мелодыямі. Станчылі старое добрае андро некалькі разоў, аднойчы нават пад мелодыю Турдыёна. бранль і маразулю, друмул дракуле, кастарват, які, здаецца, кладзецца на якую заўгодна сярэднявечную мелодыю і служыць універсальным сродкам, каб пазначыць, што “мы не проста бегаем пад музыку”. Што да медыевальнай часткі, то, здаецца, нічога за апошнія гады моцна не змянілася, акрамя хіба складу танцораў. Некалькі даўно знаёмых твараў, але большасць усё ж – новыя людзі, што радуе бязмерна.

Сэт традыцыйных танцаў

Народныя танцы – усім знаёмыя верабей, матлёт, ведзьма, лысы, полька-бабачка (ужо даруйце русізм, такая рэгіянальная назва). Але ў народным блоку ў параўнанні з мінулымі гадамі адчуваюцца змены: Стас Чавус выконвае дударскія найгрышы, запісаныя ў 1930-я, вядоўца і галоўны арганізатар Яўген Барышнікаў абвяшчае “нумары” з дакладнымі спасылкамі на год і месца фіксацыі аўтэнтычнага матэрыялу. “Агульнабеларускія” (нявызначанага паходжання) малюнкі танцаў паступова саступаюць рэгіянальным варыянтам: карапет з в. Ямінск Любанскага раёна, здаецца, ужо заняў пачэснае месца ў мінскім пост-фолк жыцці.

Сярод публікі быў заўважаны лідар капэлы “На таку”, гарманіст Аляксей Крукоўскі. Хіба прыйшоў праведаць канкурэнтаў? Танцавальныя вечарыны капэлы разам з клубам “Сіта” доўгія гады ствараюць альтэрнатыву Дударскаму клубу. Там гучаць пераважна народныя мелодыі. На пытанне аб уражаннях і канкурэнцыі Аляксей адказаў, што публіка ў іх і Дударскага клуба амаль не перакрыжоўваецца, вечарыны наведваюць розныя людзі.

Трошкі гісторыі

Між іншым, пачынаўся Дударскі клуб у 2006-м з танцаў на так званым Карчы – палянцы недалёка ад метро Усход. Старажылы, можа, успомняць сам корч, што ляжаў там 2 гады, а потым кудысьці падзеўся. Можа, на дровы хто пасек. А назва замацавалася. Цяпер на месцы Карча жылы комплекс. Для тых, хто ў тыя міфалагічныя часы яшчэ пад стол пешкі хадзіў ці проста танцы на Карчы не наведваў, – відэа з асабістага архіву аўтаркі. 4 ліпеня 2008 г., танец Sukus Drikus, ці папросту “свінні ў грэчцы”. Ці ў рэчцы? Хто ж разбярэ.

Алена Ляшкевіч

СМІ
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.