::
2015.02.28 — Пакуль скульптуры ў Пружанах… Ці застанецца музей Мікалая Тарасюка ў Стойлах? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Пакуль скульптуры ў Пружанах… Ці застанецца музей Мікалая Тарасюка ў Стойлах?
Спасылка
Дата публікацыі
28.02.2015
Катэгорыя
публіцыстыка
Анатацыя

22 лютага, на Масленку, — сорак дзён, як памёр народны майстар Беларусі Мікалай Тарасюк, бадай, самы вядомы носьбіт традыцыйнага светапогляду ў Беларусі. Да яго ў сядзібу, што ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна, ішлі пешкі ды ехалі на дарагіх машынах. З усёй Беларусі і з замежжа. Па сутнасці, гэта было паломніцтва: пагаманіць з Майстрам, паглядзець створаны ім уласнаруч музей “Успаміны Бацькаўшчыны”. Нездарма кнігу пра яго драўляныя скульптуры назвалі “Сялянскай энцыклапедыяй”: Мікалай Тарасюк прамаўляў ад імя беларускага селяніна, як ён сам казаў, “мужычка”.

Поўны тэкст

Пакуль скульптуры ў Пружанах…

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Ці застанецца музей Мікалая Тарасюка ў Стойлах?22 лютага, на Масленку, — сорак дзён, як памёр народны майстар Беларусі Мікалай Тарасюк, бадай, самы вядомы носьбіт традыцыйнага светапогляду ў Беларусі. Да яго ў сядзібу, што ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна, ішлі пешкі ды ехалі на дарагіх машынах. З усёй Беларусі і з замежжа. Па сутнасці, гэта было паломніцтва: пагаманіць з Майстрам, паглядзець створаны ім уласнаруч музей “Успаміны Бацькаўшчыны”. Нездарма кнігу пра яго драўляныя скульптуры назвалі “Сялянскай энцыклапедыяй”: Мікалай Тарасюк прамаўляў ад імя беларускага селяніна, як ён сам казаў, “мужычка”.

Што будзе з творамі?

Лёс ягонай спадчыны пакуль невядомы: у Стойлах Мікалай Тарасюк быў апошнім жыхаром. 14 лютага ў сядзібе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства прайшоў вечар памяці Мікалая Васільевіча, дзе загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко распавяла пра стан спраў. Родныя майстра вывезлі скульптуры ў Пружаны, бо ў Стойлах іх няма каму даглядаць. У перспектыве сям’я Тарасюка не супраць, каб музей “Успаміны Бацькаўшчыны” функцыянаваў у Стойлах, але яны пакуль не ведаюць, як гэта арганізаваць, спадзяюцца на падтрымку грамадства і дзяржавы.

Творчасць Мікалая Тарасюка — пад аховай дзяржавы як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць. Адна з умоў існавання такой спадчыны — пераемнасць. Мікалай Васільевіч пэўны час выкладаў разбярства дзеткам у гуртку ў рамках пазакласнага выхавання. У яго на сядзібе ладзіліся шматлікія пленэры. Але калі разглядаць творчасць майстра не як рамяство, а як праявы інсітнага мастацтва (а ў тым, што Мікалай Тарасюк — мастак, сумнявацца цяжка), то становіцца зразумела, што поўнай пераемнасці дасягнуць немагчыма…

Як захаваць спадчыну?

На вечары памяці музыкант і філосаф Аляксей Крукоўскі звярнуў увагу на тое, што іншых беларускіх прадстаўнікоў інсітнага мастацтва (напрыклад, Апалінарыя Пупко ды Алену Кіш) зрабілі шырока вядомымі мастакі прафесійныя. Таму без звароту да грамадства нашчадкам Мікалая Тарасюка будзе цяжка належным чынам захаваць і папулярызаваць яго спадчыну.

Гучалі прапановы стварыць Фонд імя Міколы Тарасюка, які дазволіў бы сям’і апекавацца музеем, займаўся б папулярызацыяй яго творчасці, збіраў архіўныя матэрыялы, магчыма, дапамагаў іншым народным майстрам. Як кажа ў адным са знятых пра яго фільмаў сам Тарасюк, ён рабіў музей не для сям’і — рабіў для народу. Мабыць, імкнуўся размаўляць з жывым народам праз драўляны. Калі ўзяць іншыя краіны, то знойдуцца вельмі ўдалыя прыклады дзейнасці падобных фондаў. Напрыклад, Фонд памяці Эрыка Сальстрома ў Швецыі. Гэта некамерцыйны фонд, які быў створаны пасля смерці народнага музыкі ў 1986 годзе. Місія арганізацыі — захаванне і трансляцыя мелодый аўтарства Сальстрома і традыцый ігры на нікельхарпе (шведскі традыцыйны музычны інструмент). Для гэтага фонд стымулюе навуковыя даследаванні, дакументацыю народнай музыкі, падтрымлівае адукацыйныя праграмы, выдзяляе стыпендыі маладым музыкантам, ладзіць летнія курсы, выдае кнігі і дыскі. У 1992 годзе ён спрычыніўся да ўсталявання помніка Эрыку Сальстрому.

Як піша прафесар Рыгор Шаура, музеі інсітнага мастацтва створаны ў розных краінах: Муніцыпальны музей наіўнага мастацтва ў Маскве, Дзяржаўны музей наіўнага мастацтва і аўтсайдараў у Галандыі, Хаус дэ Кюнстлер у Аўстрыі, Арт ан Марж у Бельгіі, Фонд Адольфа Вольфі ў Швейцарыі, Смітсанаўскі інстытут у ЗША, Музеум Хаус Кайет у Германіі, Музей Пірасмані ў Грузіі… Інсітнае мастацтва выклікае цікавасць з розных пазіцый — мастацкай, сацыяльнай, гістарычнай, побытавай і рыначна-камерцыйнай.

Чым насыціць памяць?

У выпадку з Мікалаем Тарасюком адной з мэт дзейнасці фонду варта зрабіць збіранне відэа- і фотадакументаў аб майстры ды яго музеі, што наведвальнікі рабілі “для сябе”. Такія матэрыялы патрэбны ўсяму грамадству. Пакуль прайшло няшмат часу, варта збіраць успаміны. Як кажа Ларыса Быцко, якая апекавалася майстрам, кожная сустрэча з Тарасюком — гэта падарунак. Таму пачнём публікацыю ўспамінаў аб Міколе Васільевічы.

Алена Яхімоўская, вандроўніца: “Мы паехалі з сястрой у Ружаны на фэст “Ружанская брама”. Хадзілі там па полі перад палацам, глядзелі на майстроў. Пабачылі нейкага дзіўнаватага дзеда ў смешнай шапцы. Падышлі, паглядзелі яго работы і адышлі. Потым пахадзілі-пахадзілі, ізноў падышлі — загаварылі. А ў яго да кожнага твора — аповед-прыгаворка. Ды так цікава расказваў, што мы заслухаліся! Пачалі пытацца: хто вы? Ён нам свае граматы паказаў, расказаў, што да яго ў Стойлы турыстычныя аўтобусы з замежнымі турыстамі заварочвалі… Вандруеш — сустракаеш розных людзей; на адных забываешся вельмі хутка, на другіх не можаш забыцца. Цяжка мне дараваць сабе, што з 2011 года збіралася з’ездзіць у Стойлы, ды так і не сабралася…”

Андрэй Строцаў, аматар традыцыйнай культуры: “Аднойчы мне пашанцавала завітаць да Мікалая Тарасюка ў госці. Выехалі позна ноччу, а раніцай былі ў яго. Ён яшчэ з дома, калі мы толькі падышлі, крыкнуў “Заходзьце-заходзьце!” на сваёй палескай гаворцы, а потым выйшаў нас сустракаць. Ён размаўляў з намі так, быццам ведае нас вельмі даўно і зараз проста працягвае даўнюю, няскончаную гутарку. Адразу апрануў свой легендарны пінжак, на якім, сярод іншага, прышпілены якісьці савецкі ордэн з Леніным, значкі ды сувенірная бірулька ў форме Аўстраліі. Павёў нас у свой музей на экскурсію і дзесьці з гадзіну вельмі падрабязна распавядаў, паказваў кожную скульптуру, а з выявай сваёй Нявесты танчыў, як і ў фільме… Расказваў гісторыі пра Ісуса Хрыста, як той у пустыні вылечыў ільву лапу і як яго потым кінулі гэтаму льву ў клетку, а той не стаў яго чапаць. Вы думалі, гэта святы Герасім? А вось і не: гэта сам Хрыстос. Распавядаў пра міфічнага прэзідэнта, які адначасова і злодзей, і выдатны чалавек, і блізкі сябар яго, Тарасюка. Травіў суровыя антыклерыкальныя байкі… З музея я выйшаў з “узарванымі” мазгамі, а гаспадар вельмі хацеў нас пакарміць і некалькі разоў прапаноўваў выпіць… Потым ён выконваў палескія прыпеўкі. Было зразумела, што гэта дэміург, самы сапраўдны...”

Ад сябе хачу дадаць, што спадара Тарасюка “жыўцом” бачыла толькі на яго выстаўцы ў Мінску — такога вясёлага ды шчаслівага! Вялікі дзякуй Ларысе Быцко за арганізацыю той выстаўкі — адзінай, што прайшла ў сталіцы за ўсе гады жыцця майстра. Між тым, мой дзядуля родам з Пружанскага раёна, але была я там усяго двойчы. Ездзячы ў экспедыцыі па ўсёй Беларусі, візіт да Тарасюка планавала, але неяк няўцямна, на “калі-небудзь”. І вось — не паспела, як і шмат хто яшчэ… Засталіся чужыя відэазапісы ды перакананне, што ўсё паспець немагчыма, але… Трэба спрабаваць!

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.09.2019 02:12:17

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.