::
2015.06.13 — Інвентар у дзеянні і ў планах Глыбоччына: чым цікавая аўтэнтыка / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Інвентар у дзеянні і ў планах Глыбоччына: чым цікавая аўтэнтыка
Спасылка
Дата публікацыі
13.06.2015
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

Ад паездкі ў Глыбоцкі раён засталіся прыемныя ўражанні. Метадычны цэнтр, Дом рамёстваў і грамадскія актывісты зладжана працуюць над выяўленнем, захаваннем і папулярызацыяй нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Поўны тэкст

Інвентар у дзеянні і ў планах

№ 24 (1202) 13.06.2015 - 19.06.2015 г

Глыбоччына: чым цікавая аўтэнтыкаАд паездкі ў Глыбоцкі раён засталіся прыемныя ўражанні. Метадычны цэнтр, Дом рамёстваў і грамадскія актывісты зладжана працуюць над выяўленнем, захаваннем і папулярызацыяй нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Некалькі элементаў ужо рэкамендаваны Навукова-метадычнай радай пры Міністэрстве культуры для атрымання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Справа толькі за зацвярджэннем статусу пастановай Савета Міністраў. Гаворка пра абрад “Насіць намётку” жыхароў вёскі Папшычы, тэхналогіі прыгатавання стравы “Масляны баран” (Мацюкова) і выпечкі жытняга хлеба (Дзеркаўшчына), а таксама пра традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я. Дарэчы, апошнюю з названых праяў Глыбоччына дзеліць з іншымі раёнамі Віцебскай вобласці (пра “спрэчку” Глыбокага і Шаркаўшчыны за права лічыцца краем Язэпа Драздовіча “К” пісала неаднойчы, але цяпер гаворка не аб прафесійнай маляванцы, а аб народнай).

Маляваныя дываны з’явіліся ў вясковых хатах яшчэ ў даваенны час, а мастацтва гэта развівалася да 1960-х. Потым традыцыя заняпала і аднаўлялася з другой паловы 1980-х высілкамі якраз работнікаў культуры. Як? Праз выстаўкі, конкурсы, урокі, збіранне калекцый. Прычым у мерапрыемствах удзельнічалі носьбіты традыцыі, якія дзяліліся навыкамі з маладымі мастакамі. Ад сталых майстроў вучыліся Святлана Скавырка з Глыбокага, Людміла Маяк з Шаркаўшчыны, Вольга Беласлудцава (вёска Жукоўшчына Шаркаўшчынскага раёна), Аліна Выжыкоўская (Браслаў), Вольга Гукава і Яніна Ліманоўская (Паставы), Алена Таляронак (вёска Круляўшчызна Докшыцкага раёна).

А цяпер у Глыбоцкім доме рамёстваў дзейнічае дзіцячы гурток па маляванцы. Акрамя таго, ва ўстанове аднавілі тэхніку круглага пляцення паясоў. Тэхналогія была зафіксавана метадыстам-майстрам Дома рамёстваў Марынай Дземяшкевіч і выкарыстоўваецца майстрам Аленай Дабравольскай пад час заняткаў у дзіцячым гуртку (пояс пляцецца досыць хутка, таму дзеці ахвотна займаюцца). Падобная тэхніка круглага ткацтва апісана ў кнізе “Беларускія народныя паясы” як характэрная для Докшыцкага і Пастаўскага раёнаў. А зафіксаваны на Глыбоччыне варыянт адрозніваецца ад таго, што існуе ў суседзяў, таму мае вялікі патэнцыял для набыцця статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны.

У раёне заўважылі, што грамадская цікавасць да ўзятых пад ахову элементаў узрасла. У Раённы метадычны цэнтр тэлефануюць журналісты, просяць арганізаваць сустрэчу з носьбітамі традыцыі. Часта яны, не разумеючы працэсу гатавання таго ж хлеба ці масла, спрабуюць дамовіцца “з сёння на заўтра”. А трэба ж бабулям паставіць кіснуць малако, замясіць цеста... І прадукты для гатавання не заўсёды ёсць у гаспадарцы ў патрэбнай колькасці. Упарадкоўваць усе гэтыя моманты і ламаць галаву даводзіцца акурат метадыстам. І добра, калі журналіст трапіўся ўдумлівы, зрабіў якасны матэрыял.

Акрамя прызнаных Радай элементаў, у Глыбоцкім арганізацыйна-метадычным цэнтры інвентарызавалі шмат іншых праяў НКС. Пра тое сведчаць матэрыялы метадыста Наталлі Нікіфаровіч.

Ну і напрыканцы, цікавая гісторыя з абрадам “Насіць намётку” ў Папшычах: элемент быў узяты пад ахову ў супрацы АМЦ з краязнаўцам Дзянісам Філіпчыкам. Глыбачанін, Дзяніс вучыўся ў Мінску, даведаўся пра інвентар спадчыны і вырашыў зрабіць добрую справу для малой радзімы. У снежні 2014 года дзякуючы ініцыятыве Філіпчыка і работнікаў культуры эксперты з Акадэміі навук і супрацоўнікі Інстытута культуры Беларусі назіралі абрад нашэння намёткі яшчэ і ў іншай вёсцы раёна — у Старых Шунеўцах.

Работнікі культуры, бывае, ламаюць галаву, які б элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “адшукаць” на сваёй тэрыторыі, калі вобласць ставіць гэта ў план. У Глыбоцкім раёне праблемы іншыя: што і ў якім парадку з выяўленых элементаў падаваць на разгляд Навукова-метадычнай рады Міністэрства культуры. І варта сказаць, што дзейнасць глыбоцкіх устаноў культуры адпавядае Канвенцыі UNESCO 2003 года: згодна з ёй, інвентароў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў краіне можа быць некалькі, разам з нацыянальным могуць стварацца рэгіянальныя. Іншая справа, што па беларускім заканадаўстве пакуль няма ніякага юрыдычнага статусу для такіх мясцовых спісаў.

Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 25.08.2019 21:23:20

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.