::
2015.11.07 — Тры імпрэзы за адзін дзень “Вялікая вясельніца” ў Дуброўне: этапы свята ад інфармантаў да музыкантаў / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Тры імпрэзы за адзін дзень “Вялікая вясельніца” ў Дуброўне: этапы свята ад інфармантаў да музыкантаў
Спасылка
Дата публікацыі
07.11.2015
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

У Дуброўне прайшло абласное свята “Вялікая вясельніца”. Імпрэза складалася з трох частак: рэканструкцыя вяселля на аснове традыцый Дубровенскага і Гарадоцкага раёнаў, паказ на сцэне адноўленых элементаў вясельнага абраду розных куткоў Віцебшчыны і майстар-класы па вясельных танцах ды гульнях. У фае Дубровенскага раённага дома культуры дзейнічала выстаўка вясельнай атрыбутыкі.

Поўны тэкст

Тры імпрэзы за адзін дзень

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

“Вялікая вясельніца” ў Дуброўне: этапы свята ад інфармантаў да музыкантаўУ Дуброўне прайшло абласное свята “Вялікая вясельніца”. Імпрэза складалася з трох частак: рэканструкцыя вяселля на аснове традыцый Дубровенскага і Гарадоцкага раёнаў, паказ на сцэне адноўленых элементаў вясельнага абраду розных куткоў Віцебшчыны і майстар-класы па вясельных танцах ды гульнях. У фае Дубровенскага раённага дома культуры дзейнічала выстаўка вясельнай атрыбутыкі.

Для рэканструкцыі вяселля падрыхтавалі дзве хаты, быццам бы маладой і маладога. На ролю маладых і вясельных чыноў выбралі работнікаў культуры, якія, заўважу, выконвалі свае ролі вельмі шчыра, імправізуючы на аснове агульнага сцэнарыя, але па традыцыях сваёй мясцовасці. Для арганізацыі імпрэзы выкарысталі звесткі пра традыцыйнае вяселле, што назапашваліся ў раённых метадычных службах цягам некалькіх дзясяткаў гадоў.

Захоўвайце архівы!

Вельмі істотна, каб фальклорна-этнаграфічныя архівы ўстаноў культуры ашчадна захоўваліся, пераводзіліся ў лічбавы фармат, каб рабіліся іх вопісы. Бо прыйдзе камусьці з ініцыятыўных работнікаў у галаву ідэя: зрабіць свята на традыцыйным матэрыяле, і калі матэрыял пад рукой, то гэты адмысловец яго і ўвасобіць. А калі трэба яшчэ з’ездзіць сабраць (а носьбіты традыцый, на жаль, не вечныя) ці пераслухаць шмат касет і бабін без вопісаў (а да іх знайсці магнітафон таксама няпроста), то ініцыятыва можа і згаснуць за штодзённымі клопатамі. Як распавяла “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскага райвыканкама Людміла Дударава, іх архіў алічбаваны і ўпарадкаваны. Для гэтага давялося звярнуцца ў прыватную фірму, выдзеліць на задуманае сродкі. У немалой ступені архіў сабраны Настассяй Красоўскай, кіраўніцай гурта “Кудзеліца”, які і рабіў дубровенскую частку рэканструкцыі вяселля. Гарадоцкі ж раён разам з іншымі работнікамі культуры прадстаўляў гурт “Глейна”.

Дарэчы, неяк давялося прысутнічаць у Варшаве на семінары, прысвечаным фонаархівам. Польскія навукоўцы казалі пра неабходнасць захоўваць касеты ды бабіны і пасля алічбоўкі, маўляў, калі стварыць адпаведныя ўмовы захоўвання, то носьбіты гуку не псуюцца. І нашчадкі змогуць пачуць не толькі лічбавае, але і аналагавае гучанне. Заклікалі лічбаваць на тых жа магнітафонах, на якіх вёўся запіс. Магнітафоны, адпаведна, таксама захоўваць. Да таго ж, дадавалі прамоўцы, лічбавая апаратура старыцца ці не хутчэй за аналагавую: магчыма, давядзецца пераалічбоўваць матэрыял па іншых стандартах.

Ва ўмовах раённых і сельскіх дамоў культуры гэтыя парады могуць гучаць фантастычна: няма месца, каб захоўваць касеты ды магнітафоны, няма кадраў каб самім лічбаваць, няма сродкаў, каб аддаваць на алічбоўку прыватнікам. Але там, дзе месца ўсё ж знаходзіцца, можна адшукаць сапраўдныя рарытэты. Хай ляжыць, есці ж не просіць як кажуць. Дарэчы, па пытаннях алічбоўкі можна звярнуцца па дапамогу да Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ці ў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вяселле як турыстычны прадукт

Імпрэза ў Дуброўне была добра прапіярана: з’ехалася шмат журналістаў, прычым — не толькі з Беларусі. Гледачы, праўда, пераважна мясцовыя. Як адзначыў запрошаны ў журы даследчык Іван Крук, беларускае вяселле фатаграфавалі нібы якісьці папуаскі рытуал, настолькі гэта стала экзотыкай у сучасным грамадстве. Гэты фактар можна ацэньваць па-рознаму, але акрамя экзатычнага складніка людзей, хутчэй за ўсё, вабіць атмасфера свята: вяселле асацыюецца з маладосцю, шчасцем, каханнем. Напрыклад, улетку ў Віцебску зладзілі рэканструкцыю вяселля Марка і Бэлы Шагалаў. На такіх імпрэзах гледачы пачуваюцца гасцямі, з задавальненнем удзельнічаюць у інтэрактыве. Рэканструкцыі вяселля маюць патэнцыял для прыцягнення турыстаў, у Беларусі Віцебшчына апынулася піянерам. Але ўсё ж узнікаюць думкі пра “папуаскую экзотыку” ды “несапраўднасць” (маладыя ж не жэняцца).

Людміла Дударава распавяла, што “Вялікая вясельніца” праходзіць у Дуброўне трэці раз, і ў мінулыя гады спрабавалі дадаць элементы традыцыйнага вяселля падчас сапраўднай шлюбнай цырымоніі, што ішла ў ЗАГСе. Тады атрымалася хіба часткова: усё ж у маладых свая праграма, тамада і кавярня…

Хачу прапанаваць свой варыянт вырашэння такой сітуацыі. Зараз людзі клапоцяцца пра ўзаемныя пачуцці, “працуюць над адносінамі” ў пары, святкуюць юбілеі вяселляў. Чаму б не прапанаваць “ажаніць” якую пару, якая спраўляе, скажам, пяць год супольнага жыцця? Ці дзесяць, ці дваццаць?.. Для “маладых” свята, для “рэканструктараў” — элемент сапраўднасці. “Маладыя”, натуральна, не павязуць з сабой цэлы вясельны поезд, таму гледачы маюць шанц стаць сапраўднымі гасцямі. У час панавання “эканомікі ўражанняў”, калі людзі вандруюць, каб перажыць тое, чаго не могуць адчуць дома, такія вяселлі маглі б стаць прывабным і пазнавальным турыстычным прадуктам.

Трынаццаць варыянтаў

На сцэне гурты з трынаццаці раёнаў Віцебшчыны паказалі элементы вясельных абрадаў сваёй мясцовасці. Уражвае, наколькі маштабная праца была праведзена ў вобласці! Хочацца верыць, што дзякуючы падрыхтоўцы да “Вялікай вясельніцы” актывізаваліся палявыя даследаванні і 
ўпарадкаванні тых жа архіваў. Найбольш цікава было глядзець на гурты, у складзе якіх выступалі спявачкі старэйшага пакалення.

Як на Ушаччыне прыбіралі маладую да вянца, паказаў народны фальклорны калектыў “Матырыцкая спадчына”, дзе разам са старэйшымі спявачкамі ўдзельнічаюць маладзейшыя жанчыны. З імі прыехаў гурт-спадарожнік. Па дзіцячых галасах было чуваць, што працуюць менавіта ў аўтэнтычнай манеры, і сапраўды адчуваецца перайманне. Набліжанасцю да каранёў уразіў народны клуб нацыянальнай кухні “Гаспадынька” аўтаклуба Аршанскага ГЦК. Падавалася б, гарадскія кабеты, а спяваюць каравайныя песні як даўней! Пра такі феномен пісала антраполаг Зінаіда Мажэйка: у дзяцінстве чалавек засвойвае традыцыі, у маладосці імкнецца спазнаць нешта новае, а потым вяртаецца да свайго. На такім жа прынцыпе, дарэчы, будуецца праца з народнымі рамёствамі ў Швецыі: малодшыя школьнікі спрабуюць некалькі відаў традыцыйнага рукадзелля, вырастаюць, займаюцца сям’ёй і кар’ерай, а ў перадпенсійным узросце пачынаюць наведваць гурткі па рамёствах. Закладзенае з дзяцінства цягне…

І добра, калі ў гурт старэйшых спявачак далучаецца моладзь: адбываецца перадача спеўнай манеры. Але бабуль тады часта і не чуваць за маладымі галасамі. Дык можа, даваць старэйшым магчымасць выканаць самім хаця б пару песень падчас выступу?

На сцэне паказалі рэгіянальныя элементы перадвясельных, вясельных і паслявясельных абрадаў: “Паненскі вечар” (фальклорны гурт “Купалінка” Каўшэлеўскага ДФ Шаркаўшчыны), “Выкраданне курыцы” (народны фальклорны калектыў “Крыніца” Янкавіцкага СДК Расонскага раёна), “Перазовы” (народны фальклорны калектыў “Кругаверць” Лепельскага РДК), “Супрадкі” (народны фальклорны калектыў “Суседзі” Аболіцкага ДФ Талочынскага раёна). Файна, што выступіў маладзёжны гурт-пераймальнік “Княжыч” з Наваполацка. Ён рэпеціруе ў Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры. Для гарадскіх маладзёжных гуртоў пытанне памяшкання часта становіцца крытычным, і добра, што наладзілася такое супрацоўніцтва з афіцыйнай установай.

Шмат было цікавых танцаў і падчас сцэнічных выступаў, і падчас майстар-класаў. Асабліва хочацца адзначыць “Лянцей” (фактычна кадрыля на чатыры калены), які паказаў народны самадзейны калектыў “Крыніца” Пачэпаўскага СДК Бешанковіцкага раёна.

У канцы імпрэзы засмуцілі абагульненні, што рабілі некаторыя сябры журы. Напрыклад, іх заўвага пра тое, што на маладой не павінна быць фартуха да моманту зняцця вянка. Рэканструявалася вясельнае адзенне па расповедах інфармантаў 1920 — 1930-х гадоў нараджэння і старых фотаздымках. Гэта ўжо адмысловыя шлюбныя сукенкі, не святочны традыцыйны строй. Такія сукенкі наўрад ці прадугледжвалі фартух як такі. Калі ж размова пра вяселле канца ХІХ стагоддзя, то ў розных мясцовасцях дзяўчынка пачынала насіць фартух у розным узросце. Дзесьці і праўда толькі на вяселлі апранала яго ўпершыню, змяніўшы вянок на хустку ці намітку. А дзесьці насіла з ранняга дзяцінства ці з заручынаў, скажам. І нелагічна, атрымліваецца, калі маладая, якая ўжо некалькі месяцаў ці гадоў ходзіць у фартуху, здыме яго адмыслова падчас вяселля.

На “Вялікай вясельніцы” глядач атрымаў фактычна тры імпрэзы цягам аднаго дня. Але для старэйшых удзельніц такі “святочны марафон” мог быць складаным. Людміла Дударава паведаміла, што, магчыма, у 2017 годзе мерапрыемства правядуць у іншым раёне, каб актывізаваць працу па даследаванні вясельных традыцый гэтак жа, як і ў Дуброўне. А можа, лепш было б зрабіць тры падзеі ў розных раёнах раз на тры гады, чым тры ў адным месцы раз на два? Адзін год глядзім на сцэне, напрыклад, у Оршы, другі год едзем на рэканструкцыю ў Гарадок, трэці — на майстар-класы ў Глыбокае. Па матэрыяльных затратах — невядома яшчэ, што атрымаецца танней. На першы погляд, лягчэй раз на два гады і “оптам”, але, можа, меншая колькасць удзельнікаў з бліжэйшых раёнаў сэканоміць сродкі?

Ну, і з дробных заўваг: Краязнаўчы музей, як чамусьці часта бывае падчас вялікіх культурных мерапрыемстваў, быў зачынены. А госці, прачуўшы пра знакамітую дубровенскую кераміку, акурат мелі вольную гадзінку паміж першай і другой часткамі свята, каб паглядзець экспазіцыю. Можа, зрабілі б музею касу ў выхадны дзень.

Фота аўтара і Юліі ПРАКОФ'ЕВАЙ

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 14.05.2019 07:27:00

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.