::
2016.03.05 — Што ў вёсцы вам маёй? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Што ў вёсцы вам маёй?
Спасылка
Дата публікацыі
05.03.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Анатацыя

Нядаўна на пляцоўках Мінска адкрыліся дзве чымсьці падобныя, і ў той жа час розныя фотавыставы: “Адна зямля — адна памяць” фотаарцелі “Piligrim” у Літаратурным музеі Петруся Броўкі і “Шчаслівыя разам” Альфрэда Мікуса ў галерэі народнага фотаклуба “Мінск”.

Поўны тэкст

Нядаўна на пляцоўках Мінска адкрыліся дзве чымсьці падобныя, і ў той жа час розныя фотавыставы: “Адна зямля — адна памяць” фотаарцелі “Piligrim” у Літаратурным музеі Петруся Броўкі і “Шчаслівыя разам” Альфрэда Мікуса ў галерэі народнага фотаклуба “Мінск”.

На абедзвюх выставах — чорна-белыя партрэты беларускіх сельскіх жыхароў, зробленыя цягам апошніх гадоў. Праект “Адна зямля — адна памяць” уключае яшчэ подпісы — вытрымкі з аповедаў герояў кадраў пра Другую сусветную вайну. Пазначана імя кожнага героя, месца жыхарства. Фотаарцель “Piligrim” (Кацярына і Міхась Аракчэевы) здымала свой праект у 2014 — 2015 гадах. Пачалося ўсё з экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства на Вілейшчыну.

“Мы ў бабуль пытаемся пра святы, песні, а яны нас не адпускаюць, кажуць: “Я вам яшчэ раскажу”. І распавядаюць. Пра вайну”, — прыгадвае Міхась. “Праект, можа, здаецца трохі журналісцкім — кажа Кацярына, — але нас уразілі жыццёвыя гісторыі”. У эксплікацыі выставы паведамляецца: “Фотаздымкі нашых герояў выступаюць сведкамі на ўзроўні моўнай інфармацыі. Іх твары сведчаць пра лёсы не менш, чым словы. Мы сцвярджаем, што гэта прыгожыя твары, але па-іншаму — менавіта сваёй рэальнасцю, бо ўвесь боль, адлюстраваны ў іх зморшчынах, становіцца светлай прыгажосцю.

На адкрыццё выставы прыйшло шмат моладзі, вядома, былі і людзі старэйшага веку, нават некаторыя з герояў, выяўленых на фота. Старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксей Глушко падчас імпрэзы апавёў: “Бабулі давяраюць нам гісторыі пра Вялікую Айчынную вайну, успрымаючы нас як сваіх унукаў. Цяжка слухаць, гэта цяжар на душы бабуль і праўда маленькага чалавека. Гэта апошнія сведкі, давайце будзем слухаць іх”. Міхась Аракчэеў патлумачыў выбар тэматыкі: “Чаму вайна? І чаму цяпер, а не 9 мая? (Адкрыццё выставы адбылося ў лютым. — А.Л.) — Таму што тэма гэта, лічу, не “дацкая”, яна актуальная заўсёды для кожнага культурнага чалавека”.

Невыпадкова абраная пляцоўка для выставы. Як распавяла дырэктар музея Наталля Мізон, Пятрусь Усцінавіч, хоць і не ваяваў праз слабы зрок, быў ваенным карэспандэнтам, пасля сябраваў з франтавікамі. Сваёй маці, што загінула ў Асвенцыме, ён прысвяціў паэму “Голас сэрца”. Шматлікія літаратурныя крытыкі, у тым ліку вядомы скептычным стаўленнем да класікі Альгерд Бахарэвіч, лічаць гэтую паэму найбольш шчырым і па-мастацку дасканалым творам Броўкі.

Альфрэд Мікус здымаў пары для фотапраекта “Шчаслівыя разам” цягам некалькіх гадоў. Большасць выяў зроблена ў Пастаўскім раёне. Некаторыя з герояў ужо зладзілі залатое вяселле. Як і ў праекце “Адна зямля — адна памяць”, у кожнага свая гісторыя. “Вось гэты дзядуля, на жаль, памёр, вось тут пары падаравалі жабак, садовую скульптуру, а на гэтым кадры бабулі ў дзень 60-годдзя ейнага вяселля пляменніца з Літвы прывезла фату”, — Альфрэд Мікус апавядаў гэтыя гісторыі на адкрыцці, але подпісаў пад фота няма, таму па-за імпрэзай давядзецца задавольвацца візуальным шэрагам. У адрозненне ад дакументальна-мастацкага праекта Аркачэевых, “Шчаслівыя разам” — праект выключна мастацкі.

Альфрэд Мікус кажа, што хацеў паказаць сучаснасць ХХІ стагоддзя і тое, як мала змяніўся лад жыцця ў вёсцы. Здараюцца, праўда, казусы: “Прыязджаем з журналісткай “раёнкі” ў пастаўскую вёску. Снегу па калена. Знаходзім адну з "жывых" хат, там самотная бабуля. Пытаемся: “Як Вы тут жывяцё? Дарогі замяло, у райцэнтр хоць выбіраецеся?” А бабуля нам: “Бывае. Вось учора я з… Люксембургу прыехала”. Ці пара венграў, што жыве на Пастаўшчыне летам. На зіму яны з’язджаюць на радзіму: так і не змаглі канчаткова акліматызавацца, хаця Беларусь вельмі любяць.

Згадаем, што адным з пераможцаў сёлетняга конкурсу “Прафота” стаў Сяргей Лескець з серыяй “Агра”. У галерэі Тut.by ў студзені выстаўляліся фота Уладзіміра Меляшэнкі з Піншчыны. Фота вёскі ва ўрбанізаваным асяродку. Але ж не здымаюць зараз мастацкіх фільмаў пра сяло (“Граф у апельсінах” не лічыцца: там пра гарадскую моладзь на вакацыях), практычна не пішуць на гэтую тэму кніг маладзейшага веку аўтары. А ў фотамастацтве — атрымайце-распішыцеся. Большасць згаданых фатографаў ва ўзросце 30 — 40 гадоў, яны не жывуць у вёсцы, але чамусьці здымаюць яе. А да таго яшчэ фатографы-рэпартажнікі, якія на бягу паспяваюць зняць і мастацкія праекты. Чаму актуальная “вясковая” тэма менавіта ў фота? У мяне на гэтае пытанне адказу няма. Можа, чытачы падзеляцца думкамі?

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.09.2019 21:59:56

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.