::
2016.05.28 — Тры жыцці вёскі Што застанецца пасля фотавыстаў? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Тры жыцці вёскі Што застанецца пасля фотавыстаў?
Спасылка
Дата публікацыі
28.05.2016
Катэгорыя
рэцэнзіі
Анатацыя

Адразу тры фотавыставы на “вясковую” тэматыку адкрыліся ў музеях Мінска ў маі. Прапануем агляд іх этнаграфічнага і сацыяльнага складнікаў, а таксама ўласна аналіз з гледзішча фотааглядальніка.

“Візуальныя лісты” Літоўскі фатограф Рамуальдас Вайткус

“Палешукі” Наталля Дораш

“Сула. Непарыўнае” Марына Бацюкова

Поўны тэкст

Тры жыцці вёскі

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Што застанецца пасля фотавыстаў?Адразу тры фотавыставы на “вясковую” тэматыку адкрыліся ў музеях Мінска ў маі. Прапануем агляд іх этнаграфічнага і сацыяльнага складнікаў, а таксама ўласна аналіз з гледзішча фотааглядальніка.

“Візуальныя лісты”

Літоўскі фатограф Рамуальдас Вайткус прафесійна здымае з 1998 года, за гэты час ён падрыхтаваў 10 персанальных выстаў, удзельнічаў у калектыўных праектах многіх краін. Рамуальдас цікавы яшчэ і тым, што прадстаўляе літоўскую правінцыю. Ён з горада Таўраге на 30 тысяч жыхароў, які з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам уезда — па памерах нешта сярэдняе паміж беларускімі вобласцю і раёнам (у Літве такіх уездаў дзесяць). Вайткус вядомы таксама як арт-куратар і арганізатар, ён кіруе Таўрагскім клубам фатографаў “Fotojura”, маладзёжнай фота-відэастудыяй “Kadras”.

Тэматыка твораў Рамуальдаса — сацыяльныя пытанні, фота з вандровак па Літве і замежжы, мастацкія замалёўкі, партрэты. Праект “Візуальныя лісты вёскі Плашкяй” адзняты ў 1999 — 2011 гадах. Плашкяй — вёсачка Таўрагскага ўезда, на мяжы з Калінінградскай вобласцю Расіі. Яна фігуруе ў літоўскіх турыстычных маршрутах дзякуючы напаўразбуранай кірсе, у якой, дарэчы, Рамуальдас неяк выставіў частку гэтага праекта. Таксама ёсць выявы з Таўраге, іншых вёсак уезда, Польшчы і Расіі.

На фота — вясковае жыццё як яно ёсць: старыя хаты, крама, вяселле, пахаванне, галодныя дзеці, чалавек, які жыве ў каробцы… Маем мастацка-сацыяльны праект, дзе пастановачных кадраў, можна сказаць, няма: многія з герояў глядзяць проста на фатографа, але бачна, што не ён ім скамандаваў тое зрабіць. У Рамуальдаса атрымалася падысці вельмі блізка і ў той жа час не паўплываць на звычайны лад жыцця герояў.

Адзін са здымкаў серыі стаў пераможцам літоўскага конкурсу “Press Photo”. На ім рабочыя капаюць магілу, а на заднім плане пара маладых ідзе на могілкі праведаць памерлых сваякоў у час вяселля. Подпіс да фота філасофскі: “Калі яны ажаніліся, абяцалі кахаць адно аднаго да смерці. Ці спыняемся мы, каб задумацца, што жыццё і смерць часцяком ходзяць побач?” Подпісы, дарэчы, суправаджаюць усе фота на выставе, на іх — ці фрагмент аповеду героя кадра ці назіранні фатографа.

“Вёскі змяняюцца — частка іх проста знікае, бо многія жыхары эмігруюць, а вярнуўшыся з-за мяжы, людзі ствараюць ужо іншую вёску ды іншае асяроддзе. Праз 10 — 15 год такіх сюжэтаў ужо не застанецца. Ні ў якім разе не хачу прадэманстраваць гэтай выставай сумнае і ўбогае жыццё правінцыі. Проста сцвярджаю, што ўсё гэта існуе побач з намі. Я больш паглыбляюся ва ўнутраны свет чалавека, спрабую паказаць яго асобу без усялякіх канатацый. Хоць большасць адлюстраваных тут персанажаў, магчыма, і выглядаюць асацыяльна, аднак насамрэч гэта не так — у многіх з іх гісторыя жыцця прыгожая і цікавая”, — кажа фотамастак.

“Палешукі”

Наталля Дораш нарадзілася і жыве ў Гродне, працавала журналісткай. Куратар выставы — мінскі фатограф Валерый Вядрэнка. Ён пабачыў працы Наталлі на яе старонцы ў “Фэйсбуку” і прапанаваў іх выставіць у сталіцы. Вядома, гэткі пераказ — вельмі сціслы.

Што тычыцца фотапраекта, дык падчас летняга адпачынку Наталля здымала вёску Букча Лельчыцкага раёна, куды ездзіла да свёкраў на працягу 37 гадоў. На фота — яе сваякі, дзеці, якіх яна даглядала, пакуль іншыя жанчыны працавалі ў полі ці хадзілі ў ягады, простыя вяскоўцы. Свёкар Наталлі Марцін Рыгоравіч на сенакосе, за бандарствам, пры стале… Сцэны вясковага жыцця: жанчына нясе дзіця ў плеценым корабе за спінай, едзе ў традыцыйным строі аўтобусам, паштарка з газетай “Праўда”, смаленне кабанчыка… Тое адлюстраванне штодзённага жыцця вёскі праз рэпартажныя і пастановачныя здымкі. На выставе не знойдзеце фота з абрадаў ці традыцыйных урачыстасцяў (хаця ёсць выява на фоне плаката “С 1 мая!”).

Па словах фотамастачкі, яна хацела паказаць адметную культуру Палесся: “Чужая краіна. Паедзьце ў Афрыку, вы пабачыце там абарыгенаў. Для мяне гэта было адкрыццём іншага свету. Што да характару палешука… Уразіла адкрытасць людзей. Вось я пражыла 40 год з мужам. Ён вельмі добры чалавек, сентыментальны, але ён пакрыўдзіць не дасць сябе. Жанчына там ніколі не камандуе мужам, слухаецца. Складана было засвоіць гэта — трэба заўсёды слухацца. А потым аказваецца, што ён мае рацыю! Нельга ўпарціцца, сварыцца на яго. Ён робіць сваю працу, выконвае мужчынскую работу. У мяне бацька такі быў, быццам палешук, хаця паходзіў з казацтва: жанчына — дом, дзеці, гарод, а ў яго — мужчынская работа. Жанчыны насілі традыцыйныя строі ў буднія дні. Без фартуха ні ў краму не хадзілі, нікуды. А якая мова! Захавалі і яе, і песні”.

“Сула. Непарыўнае”

Марына Бацюкова вядомая як адмыслоўца ў галіне дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Яна здымала праекты пра дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, савецкую спадчыну ў Беларусі, самоту і веру, партрэты, стрыт-фота… Сама фотамастачка кажа: “Па інтарэсе грамадства да сацыяльных праектаў можна меркаваць аб яго сталасці. “Сула. Непарыўнае” — гэта сацыяльны і арт-праект з этнаграфічным складнікам. Ён пра наша сённяшняе стаўленне да нацыянальных каштоўнасцяў. У людзей кросны ў дамах, яны носяць строі, пяюць. Традыцыя застаецца, але і глабалізацыя тут, паўсюль навідавоку. Бабулькі апранаюць цудоўныя старыя кашулі, а на нагах у іх будуць красоўкі “Адзідас”. Але ад таго, што гэта ўсё ў гэтым месцы, з гэтымі людзьмі, глабалізацыя атрымліваецца таксама аўтэнтычнай”.

Марына трапіла на абрад пахавання стралы ў вёску Стаўбун Веткаўскага раёна ў 2013 годзе разам з кафедрай этналогіі і фальклору Універсітэта культуры і мастацтваў. Удзельнічала ў свяце і ў наступныя гады, наведала вёску Неглюбка таго ж раёна. Да таго яна не цікавілася этнаграфіяй: “Вырасла ў Мінску, але ставілася з пашанай. Затое калі трапіла на абрад, мела свежы погляд. Гэта не прэс-фатаграфія, я ўсё ж мастачка”.

Чаму праект з надрукаванымі на банерным палатне кадрамі выстаўлены менавіта ў арт-прасторы дворыка Нацыянальнага гістарычнага музея? “Калі я пабачыла гэты двор з вышыні другога паверха, зразумела: фотаздымкі тут “загучаць” — кажа фотамастачка. — Старыя будынкі, старая цэгла”.

Наконт назвы выставы ў этнографаў узніклі заўвагі. “Сула” абрад завецца ў Маркавічах Гомельскага раёна і на Чарнігаўшчыне, у Стаўбуне і Неглюбцы — “Страла”. Атрымліваецца, на выставе фотаздымкі “стрэльныя”, а завецца яна “Сула”.

Больш выстаў і альбомаў!

“Візуальныя лісты вёскі Плашкяй” не засталіся па-за ўвагай літоўскай і міжнароднай фотасупольнасці: восем разоў экспанаваліся ў Літве, у 2014-м яшчэ і ў Цільзіце (Калінінградская вобласць). Наталля Дораш падаравала фотаздымкі з “Палешукоў” Нацыянальнаму гістарычнаму музею і наўрад ці будзе займацца далейшым экспанаваннем выставы. Разам з тым, у яе засталіся сотні неапублікаваных і нявыстаўленых фотаздымкаў — на цэлую кнігу хопіць. Ужо ў колеры Наталля здымала традыцыйны тэкстыль. Хто б узяўся выдаць? Марына Бацюкова хацела б пасля Нацыянальнага гістарычнага выставіць свой праект дзесьці яшчэ. Дапамагаць ёй у гэтай справе паабяцаў дырэктар музея Алег Рыжкоў.

Урэшце, кожная з гэтых выстаў заслугоўвае таго, каб экспанавацца зноў і зноў. Ідэальна — у месцы стварэння фотаздымкаў, але і пабываць у райцэнтры, абласным горадзе, сталіцы, за мяжой — таксама выдатна. Але як паглядзець стаўбунскім бабулям на свае партрэты, выстаўленыя ў Мінску? Бадай што ніяк, калі дзеці не жывуць у сталіцы. Хіба нехта зладзіць бабулям культпаездку? А як файна глядзеўся б іх канцэрт у дворыку, на фоне здымкаў! У такіх выпадках, з аднаго боку, хочацца, каб была зладжана маштабная імпрэза. А з іншага боку — жанчынам сталага веку далёкая дарога дасца няпроста. Выхадам мог бы стаць выступ маладзейшага складу гурта (з бабулямі пяюць жанчыны сярэдніх гадоў), напрыклад, разам з гомельскім электра-фольк гуртом “Ягорава гара”, які выкарыстоўвае і стаўбунскі матэрыял у сваёй творчасці. У той жа час, каб бабулі выступілі на самім адкрыцці, гэта стала б праявай павагі да іх як носьбітак традыцый.

І канечне, хацелася б пабачыць фотаальбомы аўтараў. Найбольшы вопыт у гэтай галіне — у Рамуальдаса Вайткуса. Ён выдае фотакнігі з дапамогай вэб-сэрвісу “Blurb”. Можна замовіць ад аднаго да бясконцай колькасці асобнікаў, чым менш, тым даражэйшы кошт аднаго. Фатограф сам вярстае свой альбом, кошт вагаецца ў залежнасці ад таго, ці пакідае ён у кніжцы лагатып “Blurb”, ці дазваляе кампаніі выкласці макет кнігі для прагляду. Гэта добрая магчымасць піяру: усе выстаўленыя на сайце фотаальбомы можна замовіць сабе з любога населенага пункту планеты. За немалы кошт, на жаль. Рамуальдас кажа, што сэрвіс выкарыстоўваюць не толькі прафесійныя фатографы: людзі хочуць у фармаце кніжкі атрымаць вясельны фотаальбом ці аформіць такім чынам успаміны з вандроўкі. Беларускія маладыя фатографы з дапамогай сервісу надрукавалі летась супольны фотаальбом “Дотык”, які быў прэзентаваны на адкрыцці аднайменнай фотавыставы ў лофт-прасторы “Space”.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Тры выставы, што адкрыліся на мінулым тыдні, прадэманстравалі тры аўтарскія стратэгіі працы з вясковай тэматыкай і ўласна, фатаграфіяй. Фатаграфія як інструмент камунікацыі і даследавання — гэта Рамуальдас Вайткус, фатаграфія як сямейны альбом фотажурналіста — Наталля Дораш, і фатаграфія як глыбокі рэпартаж, і разам з тым, атракцыён — выстава Марыны Бацюковай.

Без прыўкрас

“Візуальныя лісты вёскі Пляшкай” Рамуальдаса Вайткуса ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі — не столькі выстава гэтага, здаецца, забытага Богам населенага пункта, а занурэнне ў лёсы людзей правінцыі. Шчыры і жорсткі сацыяльны рэпартаж, але з асабістым болем. З унутранымі развагамі, перажываннямі, якія выліліся ў подпісы пад здымкамі, што дапамагаюць гледачу прыняць убачанае. Канстатуючы занядбанне пэўных вёсак, Рамуальдас усё ж не ператварае іх маргінальных жыхароў у “аб’екты”. Гэта заўжды спагада да таго, як жыве чалавек, ды, вядома, пытанне: “Як ён дайшоў да такога жыцця?” Але без асуджэння і перавагі з боку аўтара. Тая асаблівая інтанацыя і робіць серыю літоўскага фатографа пры ўсёй яе “чарнушнасці” чалавечнай. Па сутнасці, перад намі — развітанне з вёскай як з жывой фармацыяй, з чалавекам зямлі. Галеча і запусценне — прычым не важна дзе гэта адбываецца: як піша сам аўтар пад некаторымі фота — “у былым Вялікім Княстве Літоўскім”. Гэта гісторыі закінутых лёсаў вясковай правінцыі. Без прыўкрас. Без падтрымкі. І без колеру.

Дыханне жыцця

“Палешукі” Наталлі Дораш (Нацыянальны гістарычны музей)  — на кантрасце — вяртанне ў жывое вымярэнне вёскі. Пры тым, што фатаграфіі, прадстаўленыя ў экспазіцыі, былі зробленыя аўтаркай у 1970-1980-я, калі калектывізацыя ўжо магла пакінуць ад вёскі адно фантом, палеская Букча захавала і свой жыццёвы уклад, культуру, і, адпаведна, — сілу. Жывое адлюстраванне працы і побыту яе жыхароў, якія маюць годнасць і адметны характар, стварае аснову серыі гродзенскай журналісткі, якая ў свае дваццаць аднойчы ўпершыню прыехала ў вёску мужа на тураўскую зямлю.

Бачна, што фатаграфія для Наталлі Дораш  — лад жыцця; яна фатаграфуе  — і назірае за жыццём, фатаграфуе — і практыкуецца, фатаграфуе — і стасуецца. Вяскоўцы Букчы на фотаздымках — гэта сваякі Наталлі па мужы, знаёмыя, дзеці сяброў, суседзяў… Тое фіксацыя бліжэйшага атачэння, а ў той жа час і асобнай, адметнай, культуры. Цікава, што ў гэтых фотаздымках адчуваецца прысутнасць “свайго”, і адначасова “іншага”, у сэнсе “адрознага”. Таму так і цікава часам заўважаць гэту дыстанцыю. Перад намі — лічы, сямейна-родавы альбом: замалёўкі, партрэты, сцэнкі, але менавіта позірк таленавітай фотажурналісткі выводзіць гэты збор на іншы мастацкі ўзровень. Некаторыя з партрэтаў, да прыкладу, палешук з чатырма хлябамі — выява, якая сталася сімвалам; праца са светам і атачэннем, кампазіцыяй — у цудоўных партрэтах дзяўчат. Нават калі заўважаеш пастановачнасць фота, цікава вылучаць стылістыку, якая таксама становіцца прыкметай часу. Манера здымак Наталлі Дораш выдае нам апалагета клубнай і класічнай фатаграфіі, аўтара, які ўмее працаваць з людзьмі, “зацягваць” іх у здымак, ва ўзаемадзеянне з аўтарам, і таму яе работы настолькі эмацыйна прыцягальныя. Тут мо і няма канцэпту, глыбокага даследавання, але ёсць “дыханне жыцця”.

Істотна, што праз столькі гадоў гэты архіўны матэрыял быў выцягнуты з “куфра” і паказаны вялікай аўдыторыі. І тут важна адзначыць ролю куратара выставы — Валерыя Вядрэнкі, а таксама сяброў Наталлі, якія дапамаглі ёй зрабіць гэты крок, паказаць сведчанні жыцця палескай вёскі 1970-1980-х, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца не толькі мастацкім актам, але і дакументам.

Беларускі “атракцыён”

Ды, нарэшце, вядомы аўтар Марына Бацюкова і яе праект “Сула. Непарыўнае”, які стаў адным з галоўных ньюсмэйкераў апошіх тыдняў. Праект — сучасны, і быў засняты фатографам у 2010-я. Завязаны на канкрэтнай экспедыцыі, ён, у першую чаргу, адлюстроўвае абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”, які да гэтай пары захаваўся ў вёсках Стаўбун і Неглюбка. Яго фіксацыя — у цэнтры візуальнага паведамлення. Але праект раскрывае значна большае, чым звычайная дакументацыя абраду. Ён сведчыць пра мульцікультурнае аблічча сучаснай беларускай вёскі, суплёт глабальнага, лакальнага ды нават савецкага на прыкладзе пазначаных месцаў. Савецкія манументы, красоўкі на нагах бабуль, асфальт, старажытны абрад і нацыянальны строй  — усё гэта спалучаецца ў адным часе, у адной прасторы, і, лічы, у адной асобе — беларускай вясковай жанчыне. Усё гэта разам — і ёсць адметнасць “Сулы…”, якая чамусьці пасунулася на другі план за эфектам прыгожай карцінкі.

Марына Бацюкова робіць стаўку ў прэзентацыі праекта на беларускасць, вылучаючы сапраўды галоўнае: абрад жыве. Але форма праекта — вялізныя і святочныя банеры — ператвараюць беларускую культуру ў “атракцыён”. Адразу хачу зазначыць, “атракцыён” не ў азначэнні адно “забаўкі”, а як прыём, які мае на ўвазе момант эфектнага візуальнага ўздзеяння на гледача. І ў гэтым сэнсе выстава ўдалася. Яна размешчана ў наноў адкрытай арт-прасторы ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея і ўжо тым прыцягвае публіку. Але самае цікавае, што ў гэтым багатым на колеры, сэнсы і коды візуальным матэрыяле вылучаецца не толькі яго яскравасць, але і крохкая вітальнасць беларускай культуры. Так, зараз абрад жыве, але ці надоўга? Савецкае застаецца манументам на фоне, але глабалізацыя ўпэўнена наступае: паглядзім яшчэ раз на пластыкавыя шлапакі на нагах бабулек. Хацелася б, каб гэту думку таксама заўважыла публіка.

Гэта культура, якая ёсць, якая пакуль жыве, але змяняецца пад напорам глабальных павеваў. Ці варта пісаць, як важна яе захаваць?

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧаглядальнік газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.11.2019 08:21:53

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.