::
2016.06.25 — Як пераняць… забытае / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Як пераняць… забытае
Спасылка
Дата публікацыі
25.06.2016
Катэгорыя
рэпартажы
Анатацыя

Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей правёў летнюю школу “Майстэрня падвойнага ткацтва”. Удзельнікі з’ехаліся з Гродна, Мінска і Слоніма, выкладалі ж мясцовыя майстрыхі і рамесніцы з абласнога цэнтра. Асноўная частка навучэнцаў — сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і ўдзельніцы гуртка па ткацтве пад кіраўніцтвам Наталлі Дзейка ў Мінскім палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Поўны тэкст

Як пераняць… забытае

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей правёў летнюю школу “Майстэрня падвойнага ткацтва”. Удзельнікі з’ехаліся з Гродна, Мінска і Слоніма, выкладалі ж мясцовыя майстрыхі і рамесніцы з абласнога цэнтра. Пра Гудзевіцкі музей і ткацтва “К” пісала ў № 40 за 2015 год, таму гэтым разам асветлім толькі саму падзею і датычныя яе акалічнасці.

Удзельнікі ў час летняй школы ткалі на чатырох кроснах, адзін станок нават самі заправілі. Канешне, за такі кароткі тэрмін цяжка засвоіць складаную тэхналогію падвойнага ткацтва. Навучэнцам дапамагалі ў гэтым дырэктар музея Кацярына Басінская і майстрыха Вера Белакоз. З Гродна прыехалі выкладаць кіраўніца ткацкай майстэрні мастацкай студыі “Суквецце талентаў” Гродзенскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Марына Камінская і гаспадыня галерэі рамёстваў “Ткалля” Яўгенія Станіна. Удзельнічала таксама майстрыха па вырабе габеленаў Алена Шунейка, творчасць якой мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. У музеі акурат экспанавалася выстава яе габеленаў, вырабы мастачкі на беларускую тэматыку: гістарычныя будынкі Гродна, выявы валадароў Вялікага Княства Літоўскага, сялянкі… У сваёй творчасці Алена Шунейка выкарыстоўвае і тэхналогію падвойнага ткацтва, што таксама мае статус каштоўнасці.

Асноўная частка навучэнцаў — сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і ўдзельніцы гуртка па ткацтве пад кіраўніцтвам Наталлі Дзейка ў Мінскім палацы творчасці дзяцей і моладзі. Некаторыя ўдзельнікі летняй школы ўжо мелі пэўны вопыт ткацтва, але можна было павучыцца і “з нуля”. Гэта — не першая летняя школа па падвойным ткацтве ў музеі, а ў планах — доўгатэрміновы летнік, каб кожны мог паўдзельнічаць у запраўцы кросен і выткаць невялічкі фрагмент, кшталту сурвэткі.

Дзякуючы ўдзелу ў праекце “Вандроўка ў этнаказку” ў рамках праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” былі адрамантаваны музейныя памяшканні, пакладзена плітка на падворку каля хаты XVIII стагоддзя, перавезенай з вёскі Семірэнкі. “Мы разумеем, што плітка — не самы лепшы варыянт для нашага падворку і зусім не аўтэнтычны, — кажа дырэктар музея Кацярына Басінская, — але ж у дажджлівае надвор’е яна добра ратуе: вада сцякае, наведвальніцы ў шпільках не скардзяцца”. У хаце, акрамя звыклых экскурсій, ладзяць гульнёвыя праграмы для груп. Часцей такія праграмы замаўляюць для школьнікаў.

Маленькія і вялікія наведвальнікі могуць пабачыць у гудзевіцкай хаце шмат цікавостак, якія сустрэнеш не ў кожным этнаграфічным музеі: рагач на калёсіках, кацуба (прылада для мяшання страў у печы), драўляная качарга, шкляная мухалоўка, вешалка з каровінага рогу, школьная торбачка, каса з лукам (скарыстоўваўся, каб збожжа клалася роўна). Партрэт жа Францішка Скарыны так і застаўся вісець на покуці замест абраза з часоў ваяўнічага атэізму. Музей захоўвае двухасноўны ходнік з гудзевіцкай царквы, што датуецца 1932 годам. Урэшце, шмат цікавага можна пабачыць у хатах жыхароў Гудзевічаў. Напрыклад, птушынае крыло, якім, мабыць, дасюль вымятаюць печ, ці грамнічную свечку, што стаіць на покуці ў жыце круглы год. А вось падвойны дыван у звычайнай хаце сустрэць тут складана: тэхналогія была забытая мясцовымі жыхарамі пасля Другой сусветнай вайны. Адноўленая ўжо ў 1990-х музейшчыкамі, у тым ліку Верай Белакоз, якая ездзіла па сакрэты да Ядвігі Райскай у Індуру пад Гродна.

Навучэнцы плануюць распаўсюджваць атрыманыя веды ў Мінску: пры згаданым этнаграфічным таварыстве дзейнічае гурток па ткацтве. Дзяўчаты пачыналі ткаць ходнікі, потым перайшлі да тканін з узорамі. Перадача ведаў “з рукі да рукі” ў галіне традыцыйных рамёстваў бадай самая эфектыўная. Можна разабраць тэхналогію, канешне, па кніжцы ці, дзякуючы дасяжнасці тэхнікі, па відэазапісе. Але дробязі, сапраўдныя сакрэты майстэрства, застаюцца незаўважанымі, іх лепш пераймаць ад майстра жыўцом.

Мінск — Мастоўскі раён — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.08.2019 18:58:06

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.