::
2016.11.26 — Беларусы на фоне экзотыкі / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Беларусы на фоне экзотыкі
Спасылка
Дата публікацыі
26.11.2016
Катэгорыя
навіны
Анатацыя

У мінскім Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры да 10 снежня экспануецца выстава факсімільных фотаздымкаў мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў “Сям’я ў культуры народаў Еўразіі. ХХ стагоддзе” са збору Расійскага этнаграфічнага музея. Праект вылучае канцэпцыя: дакладна вядомая ступень роднасці між сабой выяўленых на здымках людзей. Можна пабачыць фота з розных куткоў былых Расійскай і Кітайскай імперый. Некалькі фота паходзяць з тэрыторыі Беларусі і яе памежжа.

Поўны тэкст

У мінскім Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры да 10 снежня экспануецца выстава факсімільных фотаздымкаў мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў “Сям’я ў культуры народаў Еўразіі. ХХ стагоддзе” са збору Расійскага этнаграфічнага музея. Праект вылучае канцэпцыя: дакладна вядомая ступень роднасці між сабой выяўленых на здымках людзей. Можна пабачыць фота з розных куткоў былых Расійскай і Кітайскай імперый. Некалькі фота паходзяць з тэрыторыі Беларусі і яе памежжа.

У адкрыцці выставы ўдзельнічала куратар, навуковы супрацоўнік аддзела фатаграфіі РЭМ Юлія Смірнова. Пра тэхнічныя аспекты арганізацыі выставы яна паведаміла “К”: “Сістэма нашых фондаў такая, што прадметы захоўваюцца асобна ад фотатэкі і негатэкі. Ёсць асобны аддзел Украіны, Беларусі і Малдовы, які праводзіць даследаванні, у тым ліку на аснове фота. Фотаматэрыялы класіфікуюцца па рэгіёнах. Здымкі звычайна малога памеру, таму для выстаў робяцца факсімільныя копіі ў большым маштабе. Негатывы скануюцца і такім чынам атрымліваюцца іх копіі ў пазітыўных колерах”.

На выставе найперш, канечне, шукаеш выявы з Беларусі, а потым звяртаеш увагу на “экзотыку”. Юлія Смірнова паведаміла “К”, што вельмі вялікія фонды па Беларусі збольшага сабраныя Аляксандрам Сержпутоўскім. “Ён ездзіў па шматлікіх іншых мясцінах, але асноўная частка яго матэрыялаў у нашых сховішчах паходзіць менавіта з Беларусі”, — і словы куратаркі пацвярджаюцца матэрыяламі выставы: можна пабачыць здымак Сержпутоўскага з Дагестана 1911 года, на якім выяўлены прадстаўніцы народнасці батліхцаў з дзецьмі. Беларусь у яго творчасці паказаная выявамі Мазырскага, Невельскага, Магілёўскага паветаў. Дасюль мала вядомая даследчыцкая дзейнасць Аляксандра Сержпутоўскага па-за Палессем, і якраз выстава “Сям’я ў культуры народаў Еўразіі” часткова запаўняе гэты прабел. Дзякуючы выставе можна адкрыць для сябе малавядомыя імёны фатографаў: Міхаіла Крукоўскага (экспануецца яго здымак 1905 года беларусаў Смаленскай губерні) і Міхаіла Кусцінскага (здымак маладых з Віцебскай губерні 1865 года). Крукоўскі для Беларусі — гэта такі Аляксандр Сержпутоўскі наадварот: найбольш выяў яго аўтарства на выставе паходзяць з Уфімскага павета, дзе татаркі адпачываюць падчас палявых работ, татарын з сынам востраць сякеру, татарка з дзецьмі ў святочных строях… Вельмі цікавы яго здымак “Перавозка пасагу маладой у новую хату пасля вянчання” 1914 года з Уладзімірскай губерні Расіі. Да дугі каня прымацавана нешта накшталт упрыгожанай ёлкі — атрыбут, што сустракаецца і ў вясельнай абраднасці беларуска-ўкраінскага памежжа.

На выставе — добра вядомы здымак калядоўнікаў з зоркай. Аказваецца, яго зрабіў Вячаслаў Костка ў 1903-м годзе ў Горацкім павеце. На вясельным фота з Браншчыны малады падпярэзаны ручніком паверх пояса. Подпіс — “Рускія. 1908”. Можа, рускія, а можа, і не зусім, улічваючы, што мяжа беларускіх этнічных тэрыторый на ўсходзе адпаведна картам Яўхіма Карскага і Мітрафана Доўнар-Запольскага праходзіць па рацэ Дзісне ўласна праз горад Бранск. І не такім ужо недарэчным пачынае здавацца выступ адной з беларускіх поп-зорак з ручніком замест пояса. Думаеш: можа, у гэтым быў нейкі сэнс, спявак хацеў прэзентаваць сябе як маладца-ўдальца, што здабывае нявесту, проста арыентаваўся на этнаграфічныя сведчанні не цяперашняй Беларусі, а яе этнічнай перыферыі? Тым больш у сеціве знойдзеш нашмат больш этнаграфічных фотаздымкаў з тэрыторыі Расіі, чым Беларусі.

“Экзотыка” таксама чапляе: тувінскі шаман, чый галаўны ўбор нагадвае часцей сустраканы на выявах індзейскі, маленькі купец з Елізаветпаля, што глядзіць проста ў кадр, пакуль дарослыя занятыя ўласнымі справамі… Косы з грабелькамі ў курскіх сялян — такія ж пабачыш і ў беларускіх музеях. Аграмадныя рыбныя снасці мансі з Табольскай губерні, балаган — традыцыйнае жытло якутаў, нейкія касмічныя ўзоры на строях эвенкаў прымушаюць задумацца, якая ж прыгожая любая традыцыйная культура ў аўтэнтычным варыянце.

Юлія Смірнова распавядае: “Шмат даследчыкаў, якія імкнуцца працаваць з беларускімі матэрыяламі, і не толькі з вашай краіны. Прыязджалі палякі, украінцы”.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.08.2019 18:57:49

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.