::
2022.09.12 — Школа беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве пачынае навучальны год і запрашае ўсіх ахвочых / Будзьма Беларусамі (budzma.org)
Загаловак
Школа беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве пачынае навучальны год і запрашае ўсіх ахвочых
Спасылка
Дата публікацыі
12.09.2022
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Школа беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве 11 верасня зладзіла ўрачыстае адкрыццё. Яно прайшло ў Музеі вольнай Беларусі. Ужо сёння пачынаюцца заняткі, да якіх можа далучыцца кожны ахвочы.


 

 

У Школе плануюцца заняткі па спевах, танцах, гранні на дудзе і вырабе традыцыйнага строю. Яны будуць праходзіць па адрасе Foksal 11 у Музеі вольнай Беларусі. Ужо часткова вядомы расклад:

 

спевы — па панядзелках з 18.30 да 20.00;

 

танцы — па серадах з 18.00 да 20.00.

 

Ахвочых навучыцца спяваць і танчыць просяць запоўніць анкету. Той, хто хоча граць на дудзе, мусіць скантактавацца наўпрост з выкладчыкам, Дзянісам Шматко. Расклад заняткаў па строі разам з іншымі навінамі можна будзе даведацца ў Instagram Школы.

 

Вучні Школы прадэманстравалі, што засвоілі ў мінулым навучальным годзе (пра ранейшую дзейнасць Школы мы пісалі тут).

 

Спяваць запрашаюць і жанчын, і мужчын. Выкладаць будзе Лізавета Рэут, прафесія якой — кіраўнік фальклорнага ансамбля. Яна распавяла: «Мы будзем займацца аўтэнтычнымі спевамі. Часцей можна сутыкнуцца з іх сцэнічнымі варыянтамі, але гэта два розныя віды мастацтва. Традыцыйныя спевы ад пачатку не прызначаныя для сцэны. Калі гледачы да іх непрызвычаеныя, то слухаць цяжка, і могуць узнікаць пытанні кшталту „Чаму вашы песні такія сумныя і доўгія?“. Першапачатковая функцыя традыцыйных спеваў — не забаўляльная, а рытуальна-магічная. Нашы продкі выконвалі рытуалы, спрабавалі дагукацца да Іншасвету. То бок спевы — гэта мова, на якой размаўлялі з Іншасветам. Выконвалі нейкія працы, здзяйснялі абрад — спявалі ўсе.

 

Безумоўна, калі змяняўся свет, функцыі традыцыйных спеваў таксама змяняліся.

На занятках мы не ставім задачу аднавіць старажытны лад жыцця. Нашы спевы набылі рэкрэацыйны, забаўляльны характар. У той жа час гэта спевы для сябе, не для слухача пад сцэнай, а для выканаўцаў. Можа быць, іх не настолькі файна слухаць, як спяваць. Калі вы прыйдзеце на нашы заняткі, вы зразумееце, што спеў можа быць сапраўднай медытацыяй.

А нам усім не хапае эмацыйнай разгрузкі. Безумоўна, са сцэны традыцыйныя песні таксама могуць выконвацца, адаптавацца».

 


 

На адкрыцці выступіў гісторык і грамадскі дзеяч Цімох Акудовіч, дзякуючы якому ўдзельнікі Школы калісьці сустрэліся: «Я пачну аповед з Калядаў. Калі сезон, заўсёды прапаноўваю беларусам пакалядаваць. Гэта файная інтэграцыя. Вось і летась мы сабраліся ў Варшаве ды пакалядавалі. Я вельмі рады, што пасля таго людзі вырашылі аб’яднацца ў Школу. Мне здаецца, Каляды маюць чароўную сілу: ужо не ўпершыню даведваюся, як пасля калядавання ўтвараюцца нейкія супольнасці. А танцы, на самай справе, — гэта тое ж самае: магчымасць сабраць разам вельмі розных людзей. Напэўна, шмат хто чуў пра сацыяльныя танцы, папулярныя сёння ліндзі-хоп ці сальсу, напрыклад. Гэта танцы, якія людзі выконваюць не для сцэны, а для сябе, сваёй супольнасці. Дзякуючы высілкам шматлікіх людзей у Беларусі за апошнія год пятнаццаць беларускія народныя танцы таксама сталі сацыяльнымі. Яны падыходзяць усім. Могуць далучыцца і дарослыя, і дзеці, нават тыя, хто ніколі раней не танцаваў».


На адкрыцці Школы беларускай традыцыйнай культуры гралі дудар Антось Бельскі, бубначка Наста Бельская і гурт «Літы талер». На заняткі ў Школу запрашаюць усіх ахвочых, незалежна ад узросту, наяўнасці танцавальнага вопыту і пары. Адзінае патрабаванне — не забыцца на зручны абутак. 

Дзяніс Шматко

 

Мастацтва граць на дудзе будзе выкладаць удзельнік гурта «Літы талер» і шматлікіх іншых музычных праектаў Дзяніс Шматко. Ён таксама запрашае людзей з любым узроўнем музычнага досведу і нават без яго. Адзінае абмежаванне — група плануецца невялікая.

 


Ужо знайшлося чатыры вучні. На адкрыцці Школы яны ўпершыню паспрабавалі зайграць на дудзе.

Дзяніс паведаміў: «У маім класе будзе 5–6 чалавек. Я не прафесійны настаўнік, але маю досвед грання ўжо хіба 11 гадоў. Мне хацелася б, каб іншыя людзі таксама захапіліся гэтым інструментам. Майка, у якой я сёння выступаю, была на мне, калі ў 2020-м годзе я сядзеў у Жодзіне (пра арышт Дзяніса мы пісалі тут — рэд.). А сёння я ў ёй адкрываю школу, адкрываю свой клас.

Гэта гісторыя пра тое, што ў жыцці можа ўсё мяняцца вельмі моцна і вельмі сур’ёзна, але патрэбна нешта, што ты будзеш несці ў сваім сэрцы і што будзе дапамагаць табе жыць. Я магу сказаць са свайго досведу, што мне гэты інструмант дапамог шмат дзе, у розных цікавых сітуацыях, дапамог вандраваць, а калі мы пераязджалі, то дапамог выжыць, бо дуда тады была адзіным сродкам заробку».

 

Дзяніс Шматко распавёў пра віды беларускай дуды: «лепельку» і мацянку. Паказаў таксама нямецкі дудльзак і паведаміў, што, навучыўшыся граць на беларускай дудзе, лёгка можна засвоіць дуду любога народа свету.

 

 

У суправаджэнні дуды адбылося дэфіле ўдзельнікаў Школы ў народных строях. Імпрэза праходзіла ўнутры інсталяцыі Ігара Цішына «Дом, у якім разлятаюцца сцены».

 

 

Прыходзьце на заняткі!

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 03.08.2023 15:06:58

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.