::
2021.10.31 — У Варшаве прайшоў цыкл вечарын «Жывая музыка Беларусі» / Будзьма Беларусамі (budzma.org)
Загаловак
У Варшаве прайшоў цыкл вечарын «Жывая музыка Беларусі»
Спасылка
Дата публікацыі
31.10.2021
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Спеўна-танцавальныя імпрэзы ладзілі польская Амбасада традыцыйнай музыкі і беларуская ініцыятыва “Tradycyja / ЭтнаТрадыцыя”. Тры вечары ў кастрычніку зацікаўленыя беларусы і палякі правялі пад беларускую традыцыйную музыку.


 


 

Амбасада традыцыйнай музыкі – гэта ўтульны драўляны дамок у цэнтры Варшавы, у раёне Яздув, сядзіба, дзе адбываюцца пераважна імпрэзы, звязаныя з польскім фальклорам. Будынкам апякуецца варшаўскі Дом танца, арганізацыя, якая з 1995-га года бачыць сваёй місіяй захаванне польскай традыцыйнай музыкі in crudo – у арыгінальным гучанні, без зменаў і апрацовак.

 


 

Яздув – квартал, забудаваны пасля Другой сусветнай вайны драўлянымі жылымі дамамі па фінскай тэхналогіі. У першай палове 2010-х іх хацелі знесці і ўзвесці ў гэтым прывабным кавалку цэнтра Варшавы амбасады розных краін. Аднак грамадзянская супольнасць адстаяла раён, і цяпер у «фінскіх» дамках маюць сядзібы розныя грамадскія арганізацыі, у тым ліку Амбасада традыцыйнай музыкі. У памяшканні засталіся некаторыя рэчы старых уладароў, сапраўдныя этнаграфічныя рарытэты.

 


 

З польскага боку арганізатаркай вечарын стала Караліна Падруцка. Дзяўчына некалькі разоў была ў Беларусі ў этнаграфічных экспедыцыях. Яна спявае ў гурце «Z Lasu», дзе выконвае разам з сяброўкамі польскія, беларускія і ўкраінскія песні.

Караліна распавяла: «Я вывучала арыенталістыку, добра ведала персідскую традыцыю. А неяк за мяжой зразумела, што польскую традыцыю прадставіць не магу. Паехала на варштаты польскіх песень. У асноўным я цікавілася спевамі, але калі едзеш на заняткі ў нейкі летнік, то там звычайна і спяваюць, і танчаць. Таму стала займацца танцамі таксама. Яшчэ ездзіла ў Расію, на Каўказ, пісала пра гэта навуковую працу. Пасля стала хадзіць на заняткі па рускіх шматгалосных песнях. Польскія песні – аднагалосныя, а мне хацелася чагосьці большага. Пазней я пазнаёмілася з рознымі людзьмі і праз сімпатыю да іх і да гучання беларускай мовы палюбіла і беларускія песні. У праекце Ягны Кнітэль (рэжысёрка, вядомая сваімі этнаграфічнымі фільмамі – рэд.) мы з сяброўкамі пачалі займацца Палессем (беларускім і ўкраінскім). Пасля завяршэння праекта канчаткова сфармаваўся наш гурт “Z Lasu”».

 


 

Цікаўнасць Караліны Падруцкай да беларускага фальклору падтрымаў Сяржук Доўгушаў (арганізацыя «Tradycyja / ЭтнаТрадыцыя»), разам з якім яны і прыдумалі цыкл сустрэч «Жывая музыка Беларусі».

«Праз сумныя акалічнасці цяпер шмат беларусаў апынулася ў Варшаве. Таму можна рабіць не аднаразовыя варштаты, а рэгулярныя сустрэчы, – тлумачыць Караліна. – Мы падумалі: калі раней Сяржук праводзіў спеўныя сходы ў Беларусі, а цяпер не можа гэтага рабіць, то можна перанесці іх у Варшаву. Звярнуліся да Амбасады традыцыйнай музыкі, якая і прыняла нас у сваім памяшканні ў кастрычніку. У Польшчы дасюль музычная традыцыя Беларусі не была добра вядомая. Папулярнейшай была ўкраінская музыка, калі казаць пра суседнія з намі краіны. Я цешуся, што цяпер, на рэгулярных сустрэчах, можна будзе пазнаёміць палякаў з беларускімі спевамі і танцамі”.

 


 

За кастрычнік у Амбасадзе традыцыйнай музыкі прайшло тры беларускія вечарыны. На ўсіх граў танцавальную музыку гурт, сабраны беларускай Дар’яй Буцкай. Спачатку ён зваўся «Podlasie Band», а потым памяняў назву на «Hajda Banda».

Дар’я распавядае: «Мы граем музыку памежжа, і з беларускага, і з польскага боку. Усё пачалося з майго праекта на праграме “Gaude Poloniа”: у экспедыцыях я запісвала інструментальную музыку памежжа. Цяпер ужо цяжка знайсці вясковага музыку, які б дасюль граў. Пераважна гэта гарманісты і скрыпачы. Скрыпачоў атрымалася знайсці ўсяго двух: пан Марчук у вёсцы Закалінкі на поўдзень ад Бельска Падляскага і пан Брожэк у Владаве. Я падумала, што проста запісаць іх і скласці матэрыял у архіў было б шкада, таму стварыла капэлю, якая грае музыку таго рэгіёну».

 

Дар’я Буцкая – прафесійная музыкантка, вучылася ў Мінску, Маскве і Кракаве. Яна грае на скрыпцы. Другая скрыпачка гурта «Hajda Banda» Ніка Юрчук – польская беларуска родам з Бельска Падляскага, яна ўдзельнічае таксама ў гурце «Жэмэрва». На цымбалах грае Павел Іван з Падкарпацця. Астатнія музыкі – палякі.

 

«Ім цікавая беларуская музыка, – тлумачыць Дар’я, – таму што яна блізкая да польскай, і ў той жа час – іншая. Гэта штосьці “новае сваё”».

 

Перад танцавальнай часткай імпрэз Сяржук Доўгушаў і Караліна Падруцка праводзілі спевы. Наведвальнікі Амбасады традыцыйнай музыкі вучылі беларускія песні акапэла. На апошняй вечарыне спявалі пад колавую ліру.

 


 

Таксама на апошняй імпрэзе выступіў гурт падляскіх беларусаў «Жэмэрва». Яны выканалі падляскія і палескія песні, запісаныя ў этнаграфічных экспедыцыях, зайгралі танцы, а пасля свайго выступу зладзілі спантанныя спевы ў калідоры.

 

Плануецца новы цыкл беларускіх спеўна-танцавальных вечарын. Ён будзе праходзіць у Амбасадзе традыцыйнай музыкі ці ў Доме культуры варшаўскага раёна Прага. Сачыце за навінамі!

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 13.08.2023 07:12:36

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.