::
2022.07.31 — Магіла ў арэнду да 50 гадоў. Параўналі выгляд могілак у Беларусі і Гішпаніі / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Магіла ў арэнду да 50 гадоў. Параўналі выгляд могілак у Беларусі і Гішпаніі
Спасылка
Дата публікацыі
31.07.2022
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Пахаваньне — тое, што датычыцца кожнага чалавека. Але наколькі рознымі, нават у межах адной Эўропы, могуць быць падыходы да гэтага працэсу. Паразважалі над тым, як арганізаваны апошні шлях. Ці ёсьць куды імкнуцца Беларусі ў гэтым пытаньні?

Фота Паўла Хадзінскага

Як рыхтуюцца да сьмерці ў Гішпаніі?

У адрозьненьне ад Беларусі, дзе пытаньні аб тым, што і як рабіць, як арганізаваць і куды зьвяртацца, узьнікаюць з надыходам трагічнага дня, у гэтай пірэнэйскай краіне ўсё арганізавана наадварот. У Гішпаніі вельмі шырока распаўсюджанае страхаваньне на выпадак сьмерці. У выпадку адсутнасьці страхоўкі муніцыпалітэты зьвяртаюцца да паказчыкаў прыбытку сям’і памерлага, і калі будуць выяўленыя невялікія прыбыткі — орган мясцовага самакіраваньня бярэ на сябе аплату пахаваньня. Пасьля звароту ў пахавальнае бюро першае пытаньне будзе акурат пра страхоўку. На сёньня каля паловы гішпанцаў маюць такія полісы. Кошт на год складае каля 75 эўра. Пры наяўнасьці полісу страхавая кампанія пералічыць у бюро неабходную суму на арганізацыю пахаваньня. У адмысловы «пакет» уваходзіць і захоўваньне цела нябожчыка з вентыляцыяй, і труна, і флярыстыка, і жалобны стылёвы катафалк, і жывая музыка на выбар (тут можа быць і скрыпічны квартэт, і асобная вакалістка са сьпевамі ў разнастайных жанрах), і разьвітаньне ў сучасных залях. У тым ліку страхоўка ўключае ў сябе і ўласна пахаваньне — гэта альбо крэмацыя, альбо стандартнае пахаваньне ў нішах, магілах ці сямейных склепах.

 

 

Спынімся на кветках. Амаль у кожнага быў досьвед прысутнасьці на пахаваньнях у Беларусі. Неабходны атрыбут — дзьве-чатыры кветачкі (часьцей гвазьдзікі), а таксама плястмасавыя вянкі ад чальцоў сям’і («ад жонкі, дзяцей, бацькі») ці нават афіцыйных установаў. Калі ўзгадаць выгляд гэтай флярыстыкі, жадаецца заплакаць, нават без нябожчыка. Цяжар вянкоў, якімі ўрэшце закідваюць у Беларусі сьвежую магілу з крыжом — відовішча трагічнае, безгустоўнае. А таксама, што здараецца вельмі часта, гэтыя вянкі закрываюць сабою і ўласна крыж з імём і здымкам памерлага.

 

 

Давайце зьвернем увагу на звычайныя прыклады кветкавага ўпрыгожаньня ў Гішпаніі. Тут і букет, які ня грэх падараваць і пры радаснай нагодзе, і кампазіцыі, і вянкі. Згадзіцеся, што такога кшталту вянок не выглядае змрочна, тужліва, але наадварот прымушае тых, хто прысутнічае на пахаваньні, скіраваць свае думкі ў сьветлы бок, у прыгожую далячынь, што надае надзеі і скасоўвае прыгнечанасьць, а таксама дапамагае ў суцяшэньні ў трагічны момант разьвітаньня. Не грувасткі кавалак цёмна-зялёнай плястмасы, але жывы набор кветак, які прыўздымае настрой, хай сабе і несьвядома.

 

 

У Беларусі існуюць жалобныя залі, дзе ёсьць магчымасьць разьвітацца з памерлым. На наш погляд, такія месцы хутчэй выклікаюць жаданьне вырвацца са страшэнных шэрых бетонных сьценаў, якія ціснуць на прысутных тугой.

 


 

У Гішпаніі пануюць інтэр'еры іншага кшталту. Прастора, якая дазваляе чалавеку сапраўды, пры жаданьні, пабыць з нябожчыкам пэўны час без пачуцьця прыгнечанасьці. Зручныя, камфортныя залі, у адрозьненьне ад амаль гаражнага тыпу пабудоваў у Беларусі.

 

 

Каб быць пахаваным на могілках Гішпаніі, у вас павінна быць аформлена «канцэсія» — дамова на арэнду месца пахаваньня. Можна абраць паміж стандартнай магілай розных памераў, калюмбарыем і адмысловымі нішамі на могілках для трунаў.

 

 

Фота Паўла Хадзінскага

Нішы — гэта паражніны, убудаваныя ў сьцяну. Труны на іх ставяцца гарызантальна. Стандартны памер нішаў — каля 75 см у вышыню, 70 см ушыркі і да 3 мэтраў углыб. Выглядае гэта для беларускага вока больш чым незвычайна. Калі мы ўявім сьцяну, у якой на адным узроўні пахавана 50 трунаў, атрымліваецца 35 мэтраў. Памножым на 3 мэтры глыбіні, у нас 105 мэтраў квадратных. 50 трунаў памножым на 7 — сярэдні ўзровень пахавальных сьценаў з нішамі — атрымліваецца каля 350 пахаваньняў на прыблізна 100 квадратных мэтраў. У Беларусі надзел для пахаваньня выдаецца плошчай 2,3*1,4 мэтры, такім чынам маем 3,22 квадраты на 1 пахаваньне. Так, на 100 квадратных мэтрах у Беларусі атрымаецца стварыць 31 магілу, у Гішпаніі – 350.

 

 

Фота Паўла Хадзінскага

 

 

Канцэсія афармляецца на тэрмін 25 ці 50 гадоў (да 2004 была магчымасьць і да 99 гадоў). Арэнда нішы на 25-гадовы тэрмін будзе каштаваць 907 эўра, на 50 гадоў — 1814 эўра. Для параўнаньня, кошт арэнды магілы адпаведна складзе 5300 і 10 600 эўра. Што гэта азначае? Што адбудзецца з месцам пахаваньня праз 25 ці 50 гадоў? Ці выкідваюць парэшткі памерлага? Адказ лягічны — па сканчэньні тэрміну арэнды нішы альбо магілы адміністрацыя зьвяжацца з асобай, якая валодае правам канцэсіі (гэтае права пераходзіць па спадчыне, як кватэра ці любая іншая маёмасьць). Ва ўласьніка папросяць працягнуць дамову на наступныя 25 ці 50 гадоў, і ўжо ад яго рашэньня будзе залежыць, што станецца зь ягонымі продкамі. Дастаткова цікавы падыход, які цалкам пасуе ідэі «вы жывыя, пакуль аб вас памятаюць вашыя сваякі і знаёмыя». Такім чынам, парэшткі будуць знаходзіцца ў магіле столькі, колькі пажадаюць спадчыньнікі. У выпадку адмовы на працяг канцэсіі парэшткі будуць эксгумаваныя і перапахаваныя ў братэрскіх магілах. Спіс памерлых, чый тэрмін канцэсіі скончыўся, вывешваецца на інфармацыйных панэлях пры ўваходзе на братэрскія пахаваньні.

 


 

 

 

Існуе таксама магчымасьць пахаваньня ў адной нішы некалькіх нябожчыкаў, аднак праз абмежаваньне прасторы ёсьць наступныя ўмовы: павінна прайсьці прынамсі 5 гадоў з моманту пахаваньня, парэшткі ўжо пахаванага чалавека эксгумуюцца і складаюцца ў адмысловы пакет альбо скрыню, а потым укладаюцца ў труну з наноў пахаваным. Калі адбылася муміфікацыя першага пахаванага (цела не расклалася), яго парэшткі могуць быць перададзеныя для крэмацыі і перапахаваньня з новым нябожчыкам.

 

 

Калі нябожчык не мае дамовы на арэнду месца для пахаваньня, муніцыпалітэт прапануе сваякам такое месца тэрмінам на 10 гадоў. На працягу гэтага часу пры жаданьні сваякоў можна аформіць эксгумацыю і перапахаваньне.

 

 

Давайце бліжэй разгледзім уласна могілкі ў Гішпаніі

 

 

Перад уваходам ў цьвінтар вам можа падацца, што трапляеце на прыкасьцёльную тэрыторыю, але наперадзе ўсё ж могілкі.

 

 

Фота Паўла Хадзінскага

Перад вачыма паўстае сьветлае месца, дзе сонца адбіваецца ад белых колераў. Як антыпод — цёмныя, сьлязлівыя беларускія могілкі, якія нібы нябачнымі доўгімі рукамі выцягваюць з прысутных жыцьцёвую энэргію. Але ж могілкі мусяць быць месцам, дзе пажадаецца на нейкі час застацца, прысьвяціць думкі таму, хто пахаваны, падзяліцца ўспамінамі пра нябожчыка. Могілкі — месца, дзе можна захоўваць гісторыю сям’і, дзе дзед можа прыйсьці з унукам і распавесьці яму пра продкаў.

 

«Тадэвуш Касцюшка з’яўляецца маім чацвераюрадным шэсць разоў прадзедам»

Ці ўзгадаеце вы імя сваёй прабабулі? А ці ведаеце, чым яна займалася, як склаўся яе лёс, якіх поглядаў яна прытрымлівалася? Не дзіўна, калі не. Складаныя сацыяльна-палітычныя абставіны напрацягу апошніх стагоддзяў на беларускіх землях прымусілі многіх саромецца сваіх продкаў, альбо ганарыцца імі моўчкі, каб не наклікаць небяспеку ў свой дом. 

 

У Гішпаніі створана ўсё неабходнае для таго, каб людзям не жадалася хутчэй зьбегчы да жыцьця па-за могілкамі. Акурат за сьценамі пахаваньняў, якія бачыце на здымках, зьмешчаная дзіцячая пляцоўка. Мы былі сьведкамі таго, як з тузін дзяцей гойдаліся на горках і гулялі ў мяч, у той час як у 20 мэтрах спачываюць нябожчыкі. І гэта ніяк нельга назваць «танцамі на касьцях». Гэтае словазлучэньне надзвычай пасуе скандальнаму рэстарану для п’янак на месцы масавых расстрэлаў камуністамі ў беларускіх Курапатах.

 

 

Дзіцячыя гульні ля могілак у Гішпаніі акурат адлюстроўваюць пераемнасьць гісторыі, калі чалавек не адгароджваецца ад памерлых фіранкай няўдзелу ў памінальных справах, але існуе зь імі паралельна. Такім чынам памяць пра тых, хто адыйшоў, натуральна ўплятаецца ў паўсядзённасьць.

 

 

На здымках можна заўважыць нават такія абсалютна не тыповыя для могілак Беларусі сюжэты, як фота нябожчыкаў з улюбёнымі хатнімі жывёламі. Сваякі імкнуцца захаваць вобраз памерлага такім, якім ён быў насмрэч, а не ўставіць на месца пахаваньня шаблонны здымак з пашпарта.

 

 

Фота Паўла Хадзінскага

Шырокараспаўсюджанымі зьяўляюцца і рамантычныя здымкі параў. Ён трымае яе за руку, яны шпацыруюць, думаюць пра сваё шчасьлівае жыцьцё — раз, і гэты момант застаецца адлюстраваным на іх магіле. Такім чынам у вечнасьці захаваецца прыемны і радасны эпізод з жыцьця закаханых. Шмат здымкаў можна знайсьці ў выглядзе асобных фотакартак, а не авальных абразкоў, прымацаваных цэментам да граніту. Такія фота можна забраць і замяніць на новыя, у выпадку празьмернага ўзьдзеяньня сонца ці дажджоў.

 

 

Фота Паўла Хадзінскага

Каля нішаў стаяць разнастайныя фігуркі. Акрамя Езуса і Марыі, тут сустракаюцца маленькія дробязі, якія даюць уяўленьне аб зацікаўленасьцях памерлага. Напрыклад, фігурка карабля, якая сьведчыць пра тое, што пахаваны быў рыбаловам ці аматарам падарожжаў.

 

 

На нашую думку, на могілках неабходна стварыць такую інфраструктуру, каб знаходжаньне там прыносіла радасьць. Зусім не лішнім будзе і стварэньне міні-кавярні на тэрыторыі цьвінтара, дзе сям'я памерлага можа правесьці час за сьветлымі ўспамінамі аб ім. У той жа час, ведаем пра беларускую традыцыю пакідаць на магілах налітую чарку, хлеб з каўбасой зьверху, каб нябожчык мог паласавацца потым. Амаль на кожным сайце рытуальных паслугаў у Гішпаніі вы знойдзеце рэкамендацыі аб паводзінах на могілках. Сярод іх — просьба не пакідаць пасьля сябе ежы на ці каля магілаў. Гэта прыцягвае жывёлаў, якія яўна не самым паважлівым чынам паставяцца да месца пахаваньня вашых сваякоў. Што рабіць са шматгадовымі традыцыямі — пытаньне адкрытае.

 

 

У Гішпаніі сярэдняя працягласьць жыцьця адна з найвышэйшых у сьвеце — 85 гадоў, што дазваляе пачынаць задумвацца пра адыход у лепшы сьвет тады, калі беларусы, пры сярэдняй працягласьці жыцьця ў прыблізна 71 год, у гэты сьвет ужо адыйшлі.

 

 

Да ведама

Сярэдні кошт на пахаваньне ў Гішпаніі (без уліку арэнды нішы ці магілы) складае ад 2 да 4 тысячаў эўра. Рэгіён мае вялікае значэньне, у сталіцы — Мадрыдзе — гэтыя паслугі могуць сягаць і 6 тысячаў, у Сарагосе ці Тэнэрыфэ — каля 2. Тут яшчэ раз нагадаем, што каля паловы гішпанцаў маюць страхавы поліс на выпадак сьмерці. Пры гэтым на поўдні краіны гэтая лічба набліжаецца да 80% насельніцтва, а на поўначы — наадварот, толькі каля 20%.

 

 

У Беларусі сярэдні кошт на пахаваньне складае каля 900 эўра. Сума дзяржаўнай дапамогі роўная сярэдняму заробку ў краіне за пазамінулы працоўны месяц. На ліпень 2022 гэтая сума — 1573 рублі. У пэнсіянэраў сьледчых органаў ёсьць і тут надбаўка.

Месца на могілках усім памерлым выдаецца бясплатнае, але для таго, каб выкапаць і засыпаць зямлю неабходна заплаціць 200-400 руб., у залежнасьці ад пары года. Месца забраніраваць нельга загадзя, яно выдаецца толькі канкрэтна ў выпадку сьмерці. Можна платна зарэзерваваць да 4 надзелаў для пахаваньня побач з ужо вылучаным. Кошт рэзервацыі — каля 1500 руб. за 1 такое месца.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 03.08.2022 01:08:41

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.