::
2020.06.09 — "Імкнемся перадаць традыцыю моладзі": па Лобчы зноў вадзілі Кусту / Sputnik Беларусь
Загаловак
"Імкнемся перадаць традыцыю моладзі": па Лобчы зноў вадзілі Кусту
Спасылка
Дата публікацыі
09.06.2020
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Траецкае шэсце ў Лунінецкім раёне сёлета зноў сабрала прыхільнікаў старадаўняй традыцыі. Прайшліся побач са старажыламі і карэспандэнты Sputnik.

Вёска Лобча ў Лунінецкім раёне – адно з нешматлікіх паселішчаў, дзе яшчэ падтрымліваецца традыцыя "Ваджэння Кусты". Не адмянілі шэсце і сёлета, хоць з прычыны пандэміі старажытны абрад правялі ў скарочаным фармаце.

На другі дзень свята Тройцы карэспандэнт Sputnik Арцём Кір’янаў разам з фотакарэспандэнтам Альфрэдам Мікусам адправіўся ў палескае сяло, каб побач з вяскоўцамі прайсці святочны шлях і даведацца ад старажылаў, як вадзілі Кусту раней.

Гонар быць Кустай

Падрыхтоўка да "Ваджэння Кусты" пачынаецца ў Лобчанскім доме культуры з раніцы. Як і ў папярэднія гады, тут збіраецца з дзясятак мясцовых жанчын. Яны пераапранаюцца ў народныя строі, завязваюць хусткі, гартаюць тэксты традыцыйных песень.

"Дэ тут пэрэд, а дэ зад?", – па-паляшуцку пытаецца адна з удзельніц абраду, якая заблыталася ў спадніцы. "Як наложыш, там і пэрэд", – жартуюць яе сяброўкі.

Кіраўніца народнага фальклорнага калектыву Святлана Мелюх тлумачыць, "Ваджэнне Кусты" – справа выключна жаночая. Мужчын запрашаюць толькі ў якасці музыкаў.

Абрад Ваджэнне Куста© SPUTNIK АЛЬФРЭД МІКУСНезамужнюю дзяўчыну з Лобчы заўсёды ставяць у цэнтр

"У цэнтры шэсця ідзе незамужняя дзяўчына родам з Лобчы. Яе вядуць сяброўкі, а іх суправаджае "жаноцкае войска", як гаворыцца ў песні". Гэта значыць старэйшыя жанчыны і бабулі. Мужыкі, можа, і хацелі б удзельнічаць, але іх ніколі на "Ваджэнне" не бралі, – дадае суразмоўніца.

© SPUTNIK АЛЬФРЭД МІКУСУ гэтым годзе Кустай абралі Настассю Слушнік

Сёлета на Кусту выбралі 14-гадовую Настассю Слушнік. Менавіта яе хутка абвяжуць кляновым галлём з густым лісцем і павядуць па Лобчы ад хаты да хаты. Школьніца гаворыць, гэта вялікі гонар і радасць. Яна ведае: на галоўную "ролю" ў абрадзе спакон вякоў абіралі найпрыгажэйшую ў сяле дзяўчыну.

"Але, спадзяюся, вялікіх праблем з-за гэтага не будзе і знаёмыя не будуць занадта зайздросціць", – жартуе ўдзельніца шэсця, ужо ўбраная ў традыцыйны кляновы вянок.

Старажытны конкурс прыгажосці

Падобным чынам другі дзень свята Тройцы ў Лобчы адзначаюць з 1984 года. 36 год таму "Ваджэннем Кусты" занялася "Лабчанка". Але традыцыю ў вёсцы падтрымліваюць ужо не адно стагоддзе, гаворыць загадчыца мясцовага дома культуры Надзея Юрцэвіч. Нават старажылы прызнаюцца: не памятаюць, каб калісьці абраду ў вёсцы не было.

Абрад Ваджэнне Кусты© SPUTNIK АЛЬФРЭД МІКУСТрадыцыя існуе ўжо шмат вякоў

Каб захаваць аўтэнтычнасць традыцыі, ход "Ваджэння" старанна задакументавалі са слоў мясцовых носьбітаў. Тады ж запісалі і "кустовыя", "летнія" песні: "На другы дэнь Труйцы, на вэлыке свято", "Ой, да по сэлу, по сэлу Любэцкому", "Оддала мэнэ маты замуж" – і шмат іншых.

Суразмоўніца тлумачыць, што матыў вяселля ў спевах невыпадковы. Кустай павінна быць незамужняя дзяўчына, якая ў той год хацела пайсці замуж. Менавіта таму кляновае лісце на ёй адварочвалі да зямлі: кандыдатка сімвалізавала адарваную ад роду галінку.

"Гэта быў свайго кшталту конкурс прыгажосці, кастынг. Часта людзі ў вёсцы напярэдадні Тройцы самі пачыналі абмяркоўваць дзяўчын: хіба тая будзе Кустай, не, вось гэтая", – гаворыць Надзея Юрцэвіч.

Яшчэ адзін матыў "Ваджэння" – будучы ўраджай. Лічылася, што калі не прыняць Кусту на падворку ці яна сама абміне хату, жыта не ўродзіць. Дурным тонам было і не прымаць шэсце каля сваёй хаты.

Абрад Ваджэнне Кусты© SPUTNIK АЛЬФРЭД МІКУСКожны гаспадар павінен быў прыняць у сябе Кусту

"Хоць часам гурты самі не ішлі да таго ці іншага гаспадара. Міналі яго, бо ведалі, што бедна жыве. Казалі тады: яму самому няма чаго есці, што мы туды пойдзем? Тады некаторыя сяльчане злаваліся, бо важна было ім прыняць Кусту ў сябе", – гаворыць загадчыца дома культуры ў Лобчы.

Ад самага дзяцінства

Ева Васільеўна Якавец – старажыл Лобчы і носьбіт абраду. Жанчына ўзгадвае, што памятае "Ваджэнне Кусты" з ранняга дзяцінства. Тады яшчэ малой дзяўчынкай яна назірала, як маці з суседкамі па вуліцы рыхтуецца да свята Тройцы. Сёлета, на жаль, 68-гадовая сяльчанка ў шэсці не пойдзе з-за хваробы ног.

Ева Якавец – старажыл Лобчы і носьбіт традыцыі Ваджэнне Куста© SPUTNIK АРЦЁМ КІР'ЯНАЎЕва Якавец – старажыл Лобчы і носьбіт традыцыі "Ваджэнне Кусты"

"Тоді всё старалыса в зэлёное ўкрасыты. Мы з дэвчінамы в канаві плашнык – так у нас аір называюць – збыралы. Самі прыходым мокрыі, а в хаті од того плашныка такій запах був!" – распавядае жанчына.

Пасля збіралі галінкі клёна, зёлкі і палявыя кветкі. З іх складалі невялічкія букеты, якія потым свяцілі ў царкве. Пасля вяртання з храма зеляніну падпальвалі і акурвалі ўсе памяшканні, у тым ліку хлеў са свойскай жывёлай. Букет пакідалі на покуці – лічылі, што ён уратуе хату ад буры і граду.

У першы дзень Тройцы ўся сям’я зазвычай збіралася дома. Кусту ж вадзілі толькі на другі дзень свята. Прычым, як узгадвае суразмоўніца, па вёсцы хадзілі некалькі груп жанчын. Калі з падрыхтоўкай зацягвалі, маглі ўвогуле ўпусціць шанец прайсці па сяле, бо ўсе хаты ўжо прынялі Кусту.

© SPUTNIK АЛЬФРЭД МІКУСУ абрадзе ўдзельнічалі толькі жанчыны

"Чулы, шчо дэсь там ужэ співаюць. Ага, Залужняны первыі за нас выйшлы, то пуйдэм на Островок. А там ужэ сосідка Катюша вывіла своіх. Тоді пуйдэм мы под Кальгу, это пряма уліца, тут вжэ мы находымся", – узгадвае Ева Васільеўна.

Заканчваўся абрад святочнай вячэрай. Для яе жанчыны выбіралі найбольшую на вуліцы хату. На стол ставілі ўсё, што атрымалі падчас ваджэння – каўбасы, слодычы. Спецыяльна гатавалі яешню – без яе "Ваджэнне" лічыцца неаўтэнтычным і сёння.

Абрад Ваджэнне Кусты© SPUTNIK АЛЬФРЭД МІКУСАбавязковая частка традыці - святочнае застолле

Перад вячэрай з Кусты здымалі галінкі, а яе вянок пакідалі на покуці. Тады казалі: "Дзякуй Богу, што погулялы да дождалы. Шчоб і на той год нам ходыты і Кусту водыты". Дарэчы, падчас вячэры таксама збірался толькі жанчыны. "Бабы самі гулялы, а мужыкі по домах сыдылы", – заўважае Ева Якавец.

Повязь пакаленняў

У нязменным выглядзе "Ваджэнне Кусты" адбываецца ў Лобчы да сёння.

Абрад Ваджэнне Кусты© SPUTNIK АЛЬФРЭД МІКУСГаспадары абавязкова частавалі дарагіх гасцей

Толькі з-за эпідэміі сёлета вырашылі на абыходзіць усю вёску, а колькасць удзельнікаў скараціць. Калі раней на шэсце выходзілі і дваццаць жыхароў, цяпер набралася крыху больш за дзесяць. Таксама вырашылі запрэгчы каня – так пажылым людзям прасцей перасоўвацца ў спякоту.

Абрад Ваджэнне Кусты Чым больш пачастункаў, тым большым будзе ўраджай у гэтым годзе

Надзея Юрцэвіч заўважае, што мясцовыя заўсёды добра прымаюць удзельнікаў "Ваджэння". На яе памяці не здаралася, каб хтосьці выгнаў ці адмовіўся прымаць гурт. Хлеб, каўбасы, сокі і квас, цукеркі, грошы, віно, даюць нават гарэлку – людзі дзеляцца ўсім, што маюць.

Абрад Ваджэнне Кусты© SPUTNIK АЛЬФРЭД МІКУСЦяпер самае галоўнае - перадаць традыцыю маладым пакаленням

"А мы стараемся нашай моладзі традыцыю перадаць. Як нам старыя людзі перадалі сваю спадчыну, так і мы. Каб маладыя, калі састарацца, гэтаксама вадзілі Кусту па сяле", – заключае суразмоўніца агенцтва.

 

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 04.06.2021 21:38:27

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.