::
2019.06.27 — Як моладзь вывучае гісторыю і фальклор / Маладзечанская газета
Загаловак
Як моладзь вывучае гісторыю і фальклор
Спасылка
Дата публікацыі
27.06.2019
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

«Кола» – у полі. Такі слоган прыдумалі няўрымслівыя ўдзельнікі этнаграфічнага клуба «Кола» цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна для сваёй першай тыднёвай экспедыцыі па вёсках Маладзечаншчыны.

 

Сваімі ўражаннямі ад падарожжа ў мінуўшчыну падзялілася з «МГ» кіраўнік «Кола» вядучы метадыст па фальклоры Вольга Трубач. Разам з будучым лінгвістам Ганнай Шакель і фрылансерам Дзянісам Краўчонкам яна стала ініцыятарам экспедыцыі.

Самая высокая кропка раёна – у Бортніках

— Калі глянуць у акно хаты Анюты Кулік з вёскі Бортнікі, здаецца, што ты ў Карпатах: настолькі гарыстая тут мясцовасць, — расказвае Вольга. – На карце пазначана, што найвышэйшая кропка ў Бортніках — 319 метраў над узроўнем мора. Там ляжыць сімвалічны камень.

Бортнікамі ў даўніну называлі пчаляроў. Маладым даследчыкам пашанцавала: пазнаёміліся са Славамірам Каўрыгам, бортнікам, які пра пчол і мёд ведае ўсё. Ён частаваў «колаўцаў» мёдам і быў прыемна здзіўлены, калі на наступны дзень моладзь прывезла яму фота, зробленае ў час сустрэчы. Ад маці Славамір навучыўся пячы хлеб, захаваў драўляныя дзежкі. Расказаў, што валачобнікаў, якія хадзілі па хатах на Вялікдзень, у іх вёсцы звалі валоўнікамі. А яшчэ распавёў гісторыю, якую чуў ад сваёй бабулі. У часы Першай сусветнай вайны ў Дубраве быў спіртзавод. Калі немцы наступалі, яго ўладальнікі вырашылі: спірт ворагу не дастанецца! І спусцілі яго ў возера па трубе. Каб спірт перамяшаўся з вадой (ці апусціўся ўніз), нашы салдаты не прыдумалі нічога лепшага, як кідаць у возера бомбы, і ад гэтага некалькі чалавек загінула.

Раздабыць дыктафон дапамог інтэрнэт

Сацыяльныя сеткі – вялікая справа, асабліва калі патрабуецца тэрміновая дапамога. Вось і «колаўцы» закінулі аб’яву, што мараць пра дыктафон, каб запісваць расповеды, песні доўгажыхароў. І спрацавала! Праект падтрымалі арганізатар спеўнага сходу Сяржук Доўгушаў, кіраўнік гурту «Рада» наш зямляк Алесь Жукоўскі. Сабраных сродкаў хапіла яшчэ на электронны носьбіт інфармацыі. «Бензінавым» спонсарам стаў Дзмітрый Табала з Мінска. А маладзечанец Дзмітрый Каробчыц вызваўся павазіць экспедытараў па вёсках. Работнікі сельсаветаў падказалі імёны старажылаў.

Зноў жа дзякуючы інтэрнэту да «колаўцаў» далучыліся зацікаўленыя людзі з іншых гарадоў. З Бабруйска прыязджала Мая Бараноўская, якая збірае рэцэпты хлеба па ўсёй Беларусі. Марыя Дзмітрусік вучыцца ў Акадэміі мастацтваў, цікавіцца батлейкай. Алена Ляшкевіч – навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, Ала Сідаровіч – навуковы супрацоўнік з Барысава, яе любімая тэма — абрады. У цэлым каманда экспедытараў складалася з 13 чалавек, яны разбіліся на некалькі груп, аб’ездзілі звыш дзясятка вёсак.

500-гадовы дуб і абрад абракання ў Заскавічах

Віктар Сапач, жыхар вёскі Заскавічы, паказаў моладзі дуб, якому 500 гадоў. Месца, дзе ён расце, раней называлася Паддубкі, або Сапачы, цяпер гэта завулак Савецкі. З такога ж дуба, расказаў мужчына, у 1943 годзе за адну ноч мясцовыя мужчыны змайстравалі абракальны крыж. Жанчыны ў тую ж ноч ткалі на кроснах абракальны ручнік, загадзя папрасіўшы дазволу ў нямецкага каменданта не гасіць святло. Раніцай вяскоўцы паставілі крыж, завязалі на яго ручнік. Віктар Сапач нават паказаў месца, дзе ён стаяў. Жыхары суседніх вёсак таксама ставілі такія крыжы. Гэты абрад называўся «Абраканне».

Разам з «колаўцамі» ўспаміны слухалі дзеці Віктара Сапача і здзіўляліся, што раней пра гэта не ведалі.

— Мы просім сваякоў распытваць у сваіх бацькоў, дзядоў падрабязнасці ранейшага жыцця сям’і, вёскі, запісваць, як звалі продкаў, чым яны займаліся. Гэта ж бясцэнныя для кожнай сям’і і для нашага раёна факты, якія адыходзяць у нябыт, — зазначае Вольга.

Вясельныя «цыганы» заскоквалі ў хату на кані

Вельмі цікавыя людзі жывуць у нашай глыбінцы. Знаёмства з імі – падарунак тым, хто захоплены беларушчынай. Такім падарункам стала сустрэча з Арсенем Асіповічам з вёскі Кучкі.

— Мусіць, нядобрая нагода прывяла вас да мяне? – запытаўся ён, калі ўбачыў маладзіц з «Кола».

Спачатку яны не зразумелі сутнасць пытання. Аказваецца, дзед Арсень шмат гадоў адпявае нябожчыкаў і падумаў, што незнаёмкі прыехалі да яго па гэтай прычыне.
Ва ўсім наваколлі ён вельмі паважаны чалавек. У свае 89 дзядуля возіць у Мінск і прадае на «Камароўцы» яблыкі. А памяць у яго такая, што хоць кнігу па ўспамінах пішы. Увагу моладзі прыцягнула выдатнай якасці фота 1953 года з вёскі Рэдзькі з вясёлымі пераапранутымі людзьмі. На другі ці трэці дзень вяселля госці прыбіраліся ў «цыганоў». Хто вусы вугалем падмалёўваў, хто пад яўрэя маскіраваўся, хто вывернуты кажух апранаў… Найбольш заліхвацкія «цыганы» заскоквалі ў хату на кані. Як ім гэта ўдавалася, застаецца толькі здагадвацца.

«Цыганы» — так і напісана на вясельным здымку, які з 1953 года захоўвае Арсень Асіповіч з вёскі Кучкі.   

На здымку некаторыя фрагменты размаляваныя чырвоным колерам. У той час была такая «мода», прычым фатографы рабілі здымкі, а мясцовыя мастакі іх падмалёўвалі. Гэта фота каштоўнае і тым, што адна з жанчын на ім – у каптуры з «вушкамі». Гэта традыцыйны маладзечанскі галаўны ўбор, такі рэдка дзе можна ўбачыць, падмеціла мая субяседніца.

Жылі ў Якавічах музыканты Палянскія

Мікалай іграў на акардэоне, яго брат Леанід – на скрыпцы. Быў яшчэ Яшка-цымбаліст. На любым вяселлі яны былі жаданымі гасцямі. Пра гэта расказала Ніна Палянская, жонка Мікалая, якога няма ўжо ў жывых. Ніна – сапраўдная захавальніца вясковых традыцый. Яна цудоўна вышывае. Раней яе вышыванкі віселі ў рамках на сцяне, потым пашыла з іх падушкі. Паказала моладзі драўляны куфар, які ў вайну ўзарвалі немцы, думаючы, што там захоўваецца скарб. А які ў беларусаў скарб? Саматканыя абрусы, посцілкі ды паясы… Сфатаграфавалі госці сапраўдны рарытэт: насценны гадзіннік пачатку XX стагоддзя з самога Парыжа. Такія прадавалі яўрэі ў Смаргоні, Нінін бацька быў знатным шаўцом, мог сабе дазволіць яго купіць. А яшчэ яна дала прымераць Вользе маміну чырвоную блузку, вышытую дзівоснымі кветкамі.

«На печы сядзелі і песні слухалі»

— Абутку не мелі, адзіныя лапці намочым, босыя на печы сядзім, а цёця Наташа нам песні спявае – купальскія, вясельныя, валачобныя. Так я іх і вывучыла, — успамінала дзяцінства Софія Аноп з Якавічаў і бедавала, што нікому гэтыя песні не патрэбныя.
Аказваецца, патрэбныя! Жанчына напявала, дзяўчаты з «Кола» запісвалі. Выставяць на сайце ў інтэрнэце – пойдуць песні ў вялікі свет.

Як і прыпеўкі Валянціны Габруковіч з Лебедзева. Вось адна з іх:

«Ой, дзяўчына, шахер-махер,
Каля цябе цукер пахне.
Як я цябе пацалую,
Цэлы тыдзень цукер чую».

У Маркаве ўдзельнікі экспедыцыі сабралі дадатковую інфармацыю пра траецкі абрад «Лука», які «колаўцы» запісалі яшчэ на Вялікдзень. Ён характэрны для нашай мясцовасці і можа прэтэндаваць на тое, каб яго далучылі да нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.ъ

Імянны ручнік з Кучак

Не толькі запісы і здымкі, але і прадметы даўніны прывезла моладзь з экспедыцыі. Ніна Міхайлоўская з Кучак падарыла сапраўдную рэліквію – вясельны імянны ручнік. Гэта цяпер вялікая рэдкасць. На ім можна прачытаць імя яго гаспадыні – Марыя Кавалевічава. Ніна Міхайлоўская навучылася ад маці пячы вясельныя піражкі, сняжкі з яечных бялкоў, нават паабяцала паказаць, як яны гатуюцца. З Кучак прывезлі старадаўнюю прынаду для лоўлі пацукоў. Разжыліся плеценымі з лазы лубкамі, з Заскавіч прывезлі прыстасаванне для націскання сыру. Гэтыя рарытэты зоймуць дастойнае месца ў цэнтры традыцыйнай культуры і быту ў Плябані.

«Марым пра графіці на аўтобусных прыпынках»

У дапытлівай моладзі прагрэсіўныя задумы. Па-першае, усе здабытыя відэа- і аўдыятрафеі будуць выкладзены на сайце «Кола», Дзмітрый Давыдаў ужо гэтым займаецца. Плануецца стварыць карту раёна, на якой будуць пазначаны ўсе этнаграфічныя адметнасці.

— А яшчэ мы марым на вясковых аўтобусных прыпынках зрабіць графіці з характэрнымі асаблівасцямі гэтай мясцовасці, з партрэтамі знакамітых мясцовых жыхароў, — дзеліцца планамі Вольга Трубач. — А таксама нанесці штрых-код, на які можна навесці смартфон і атрымаць спасылку на сайт у інтэрнэце. Вось тады здабытая намі інфармацыя пойдзе ў шырокія масы!

Удзельнікі этнаграфічнай экспедыцыі сабралі шмат каштоўнага матэрыялу пра наш раён.

Фота: архіў ЭТНАГРАФІЧНАГА КЛУБА «КОЛА».

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.04.2021 02:39:22

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.