::
2021.01.30 — Дамачаўскі, маларыцкі, і далей па Беларусі / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Дамачаўскі, маларыцкі, і далей па Беларусі
Спасылка
Дата публікацыі
30.01.2021
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Нацыянальны касцюм — частка генетычнага кода беларусаў. Пабачыць аўтэнтычныя строі, якім сто і болей гадоў, можна ў музеях, а можна і на фотаздымках у спецыялізаваных выданнях. Але ці для ўсіх дасяжныя музеі, ды й дзе шукаць тыя фота? У век інтэрнэту вывесці музейныя каштоўнасці ў вялікі свет здольныя анлайн-праекты, якія пры належным падыходзе годна прэзентуюць нашы народныя традыцыі. Напрыканцы мінулага года адбылася прэм’ера першага відэакліпа з анлайн-энцыклапедыі “Традыцыйныя строі” — яго героем стаў дамачаўскі строй, новы год адкрываецца відэа з маларыцкімі касцюмамі. І гэта сапраўды варта пабачыць.

 

/i/content/pi/cult/835/17796/08.jpg

А яшчэ да канца года плануецца стварыць каля 20-ці відэа з нацыянальнымі касцюмамі з усіх абласцей Беларусі. Такім чынам, кожны — і беларус і іншаземец — можа зайсці на Youtube-канал грамадскай суполкі “ЭтнаТрадыцыя”, якая і ажыццяўляе праект, і ва ўсіх падрабязнасцях і з эстэтычным задавальненнем (гэта важна!) пазнаёміцца з асаблівасцямі і рэгіянальнымі адметнасцямі традыцыйнай беларускай вопраткі.

Засяроджу ўвагу менавіта на мастацкай якасці відэакліпаў: гэта не проста сціплы безэмацыйны вучэбны дапаможнік, а мініфільм, што радуе вока і прымушае ганарыцца прыгажосцю і стылёвасцю таго, ува што апраналіся нашы продкі. Хаця і інфармацыйны чыннік немалы: можна пабачыць не проста прыгожых мадэляў, апранутых у сапраўдныя, аўтэнтычныя касцюмы, а і падрабязна даведацца пра кожную дэталь — і як выглядае, і як завецца, і як зроблена. Вось у святочным дамачаўскім строі дзяўчыны: “Сарочка. Палатняная, з адкладным каўняром. Арнаментальнае аздабленне выканана ў тэхніках чатырохнітовага і бранага ткацтва, вышыўкі лічанай гладдзю, крыжыкам, коскай, краявым швом”, “Хвартух (спадніца). Пашыты з паласатай баваўнянай саматканкі, выкананай у тэхніцы чатырохнітовага ткацтва”, “Чылка (галаўны ўбор). Абруч з кардону, абшыты ваўнянай тканінай і тасьмой”, і гэтак далей. Можна і прачытаць, што дамачаўскі строй бытаваў у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў мястэчку Дамачава, вёсках Чэрск, Рудня, Ліпінкі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (зараз — Брэсцкі раён Брэсцкай вобласці). Тэкст ідзе на дзвюх мовах — беларускай і англійскай, каб праект меў сапраўды міжнароднае гучанне.

/i/content/pi/cult/835/17796/09.jpg

Суполка “ЭтнаТрадыцыя” калісьці ўзнікла на базе музычнага гурта Vuraj з лідарам Сяргеем Доўгушавым. Пад яе эгідай адбываецца нямала падзей па захаванні нашай народнай спадчыны, а прыкладна год таму пачалася праца над відэапраектам “Традыцыйныя строі”, які ініцыяваў і каардынуе Віталь Чымбур:

— Мы найперш хочам паказаць прыгажосць гэтага адзення, каб людзі пабачылі — і ахнулі, каб у іх дрыжыкі пайшлі па скуры! І нездарма пачалі са строяў менавіта Берасцейскага рэгіёна: яны яскравыя, маляўнічыя — каб адразу прыцягнуць увагу і каб публіка з нецярплівасцю чакала выхаду кожнай новай серыі.

Праект здзяйсняецца ў супрацоўніцтве з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. І ўсе касцюмы, што мы бачым і яшчэ пабачым, — сапраўдныя, старажытныя касцюмы — узятыя з навуковых фондаў. Дзеля гістарычнай дакладнасці на здымках працуюць навуковыя супрацоўніцы Цэнтра Марыя Віннікава і Паліна Богдан. А каб відэа былі прафесійнымі і якаснымі, працуе вялікая брыгада — рэжысёр, аператар, гукарэжысёр, візажыст і многія іншыя. Дарэчы, у ролі герояў першага, дамачаўскага роліка — Людміла Новак і Аляксандр Крук.

Праўда, ёсць адна праблема, якая не дазволіць прадэманстраваць літаральна ўсе-ўсе строі, што існавалі на Беларусі, — многае проста не захавалася ці захавалася часткова. Але тыя касцюмы, якія можна паказаць цалкам, ад абутку да галаўных убораў, стануць героямі відэа. Маларыцкі строй прадстаўлены трыма вобразамі: двума — незамужніх дзяўчат, і адной — замужняй жанчыны, якая ўжо насіла галаўны ўбор, гэта значыць намітку (плат), багата аздобленую вышыўкай. І няцяжка заўважыць па фота, наколькі моцна дамачаўскі і маларыцкі касцюмы адрозніваюцца адзін ад аднаго, хаця геаграфічна, здаецца ж, гэта блізкія суседзі.

Дарэчы, толькі відэакантэнтам “Традыцыйныя строі” не абмяжоўваюцца — ёсць і фота, на якіх усё можна будзе разглядзець падрабязна, і друкаваная прадукцыя. Зараз ужо відавочна, наколькі праект запатрабаваны. Бо многія людзі цікавяцца тэмай, самі спрабуюць рэканструяваць гістарычныя строі. А якую дапамогу гэта можа аказаць народным фальклорным калектывам, што падчас шыюць свае сцэнічныя касцюмы без любой гістарычнай адпаведнасці! У відэа з праекта “Традыцыйныя строі” вялікі і адукацыйны патэнцыял: за тры хвіліны ў цікавай форме можна пазнаёміць з гісторыяй і дзяцей, і дарослых — першая серыя цыкла са святочнымі дамачаўскамі строямі ўжо скарыстоўвалася Нацыянальным гістарычным музеем у межах нядаўняй выставы нацыянальнага касцюма. Зараз ідзе праца над наступнымі выпускамі, і ў планах — правядзенне гучнай імпрэзы з прэзентацыяй праекта “Традыцыйныя строі”.

 

 

 

 Аўтар: Надзея КУДРЭЙКА
СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.02.2021 01:43:57

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.