::
2021.01.30 — У яго руках і саломінка зайграе! / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
У яго руках і саломінка зайграе!
Спасылка
Дата публікацыі
30.01.2021
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
З Богам у сэрцы, з музыкай праз жыццё — прынцыпы Мар’яна Скрамблевіча“К” пісала неяк, што на сваіх старонках яшчэ не раз звернецца да творчасці майстра народных мастацкіх рамёстваў Мар’яна Скрамблевіча, які атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёння гаворка менавіта пра яго — Мар’яна Антонавіча. У кожнай мясцовасці ёсць людзі, якія нечым выдзяляюцца сярод астатніх. Ёсць такія і ў Адэльску. “Кожны чалавек павінен любіць свой народ, шанаваць сваю мову, і працаваць для свайго краю”, — так пісаў Францішак Багушэвіч, па такім законам жывуць і адэльчане. Скрамблевіч сярод іх — адзін з першых.

 

/i/content/pi/cult/835/17800/019.jpg

Гэта ж пачуцці!

Аграгарадок Адэльск — былое мястэчка на Гродзеншчыне, край ветракоў, жыхары якога спрадвеку займаліся млынарствам. Унікальнае паселішча. Гэта адзіная вёска ў Беларусі, дзе захоўваюцца тры элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Тут унікальныя тэхналогія ткацтва, традыцыйная кухня, а мясцовы храм з’яўляецца помнікам старажытнага драўлянага дойлідства.

Нарадзіўся тут і знакаміты майстар па вырабе народных драўляных духавых і ўдарных інструментаў, народны музыкант, разьбяр, паэт, кампазітар, віртуозны выканаўца, эксперыментатар і проста сціплы мудры чалавек Мар’ян Скрамблевіч.

Яго майстэрня — у бацькоўскай хаце, у аграгарадку Адэльск. А ў Цэнтры культуры ён стварыў музейны пакой, дзе захоўваецца звыш 200 музычных інструментаў. У вёсцы ціха, нават не верыцца, што дзесьці ёсць гарадская мітусня…

— У Адэльску пасля вайны на 2 тысячы жыхароў прыпадала каля 30 музыкантаў: гарманістаў, скрыпачоў, дудароў, — згадвае народны ўмелец. - Іх майстэрства мне вельмі падабалася. Музыка — гэта ж пачуцці! Таму паціху вучыўся мастацтву, цікавіўся навакольным светам, шмат чытаў. Асабліва захапляўся серыяй “Жыццё выдатных людзей”.

Пасля службы ў арміі Мар’ян Антонавіч працаваў настаўнікам музыкі і спеваў у мясцовай школе. У 1965 годзе завочна скончыў Маскоўскі абласны педагагічны інстытут імя Надзеі Крупскай па спецыяльнасці “культурна-асветніцкая работа” (кваліфікацыя — арганізатар-метадыст культурна-асветніцкай работы), затым — курсы баяністаў пры Гродзенскім абласным Доме народнай творчасці.

З цеплынёй успамінае сёння гады вучобы ў Вышэйшай прафсаюзнай школе культуры ў Ленінградзе. Больш за 30 гадоў кіраваў хорам і аркестрам гродзенскага аўтапарка №1, захапляўся фатаграфіяй.

Першая дудачка

Працоўную дзейнасць у аддзеле культуры Гродзенска гар-райвыканкама пачаў у 2009 годзе кіраўніком гуртка разьбы па дрэве, майстрам народных мастацкіх рамёстваў, акампаніятарам Адэльскага Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе працуе і па сённяшні дзень.

Па словах Мар’яна Антонавіча, яшчэ за савецкім часам, калі будучы майстар працаваў у гродзенскім аўтобусным парку № 1, пачалося яго ўважлівае стаўленне да творчасці.

— Не хвалюся, але наш хор быў лепшым у горадзе, — запэўнівае спадар Мар’ян. — Толькі на радыё запісалі чатыры канцэртныя праграмы. Станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі ўсесаюзных конкурсаў. Тады ў аўтапарку працавалі ўнікальныя майстры, якія і дапамаглі змайстраваць першую дудачку. Пасля гэтага сур’ёзна захапіўся тэмай, перачытаў шмат літаратуры. А потым выбіраў і шукаў у лесе ды на балоце матэрыял для інструментаў, майстраваў, перайначваў, нешта пачына ўзноў… Так паступова і пачалося маё сяброўства з музычнымі інструментамі, якіх адрамантаваць і зрабіць давялося ў жыцці нямала.

На жаль, у 1990-я, пасля перабудовы, не засталося і следу ад былой магутнасці творчага калектыву — хор разваліўся. Тады і захапіўся Мар’ян Антонавіч вырабам духавых інструментаў з дрэва. Спачатку атрымлівалася не ўсё: то тэмбр не такі, то гук не той.

— Свае ўменні развіваю і сёння, — прызнаецца Скрамблевіч. - Шапэн казаў, што трэба “размаўляць пальцамі”. Я так і раблю.

На чым граеце, спадарове?

Калі жыццё параўноўваць з аркестрам, дык выявіцца, што кожны з нас грае на сваім інструменце. Таксама і Мар’ян Скрамблевіч. І партыя ў яго свая, і інструменты — адметныя. І, на шчасце, гэта не якія-небудзь цацкі, бутафорыя, забаўкі — а тое, што зусім не боязна назваць прыкметамі народнага духу. Не цяжка ўявіць, як майстар пілуе, выразае, габлюе, свідруе... Але ж, глядзі ты, спакваля узнікае з нематы гук і пачынае жыць самастойна ды здіўляць. Няйначай, закладзена ў гэтай дзеі ці чарадзействе свая тайна, і спасцігаюць яе адзінкі. Пра некаторых умельцаў гавораць, што рукi ў iх залатыя. У дачыненнi да гродзенскага майстра Мар’яна Скрамблевiча можна яшчэ дадаць: музычныя. Бо вырабляе Мар’ян Антонавiч каля 30 гадоў народныя музычныя iнструменты. І не толькi вырабляе, а яшчэ ўмее падабраць мелодыю для кожнага “голасу” — акарыны, жалейкi, рогу, дудкi, свiсцёлкi...

У гэтую справу Мар’ян Антонавіч укладвае ўсю сваю душу. Творчасць майстра заснавана на беларускай народнай традыцыі вырабу духавых і ўдарных музычных інструментаў. У той жа час майстар уносіць мадыфікацыі ў свае творы, захоўваючы агульную стылістыку і марфалогію, але пастаянна эксперыментуе ў тэхналогіі для лепшага гучання музычных інструментаў.

Акарыны ў майстра асаблiвыя, вырабленыя не з традыцыйнай глiны або фарфору, а драўляныя: з акацыi, вiшнi, грушы, дубу, сасны, чаромхi, яблынi, вольхi. А iнструментам з клёну i лiпы, як сцвярджаюць знаўцы, увогуле няма аналагаў у свеце.

Эксперыментатар

Акрамя вынаходніцтваў у галіне духавых і ўдарных інструментаў, Мар’ян Скрамблевіч працуе як майстар-рэстаўратар і эксперыментатар у галіне гукавых якасцяў гармоніка. Дзякуючы намаганням Мар’яна Антонавіча, другое жыццё атрымалі дзясяткі баянаў, старадаўняя скрыпка ды некаторыя іншыя інструменты.

Як кажа Мар’ян Антонавіч, інструменты ён робіць з розных парод дрэва, бо кожнае з іх мае свой характар і непаўторнае гучанне. Напрыклад, яму даводзілася вырабляць інструменты і з сібірскага кедру, і з інданезійскага бамбуку, не кажучы ўжо пра беларускія асіну, вольху ці дуб.

Музыкант і майстар-разьбяр, творца і выканаўца — у адной асобе! Майстар-музыкант з горада на Нёмане, мабыць, і сам цалкам не ўсведамляў, што стварае асабістую музычную легенду. І складаецца яна ў яго залатых руках з гуку і… дрэва, памножаных на талент выканаўцы.

Успамінае, што яшчэ ў школьныя гады займаўся рэстаўрацыяй музычных інструментаў. Менавіта тады для школьнага ансамбля, які стварыў, спатрэбілася скрыпка. Знайшлі інструмент, якому было амаль 90 гадоў. Здавалася, “жыццё” яго ўжо назаўжды пакінула. А Мар’ян змог надаць скрыпцы новае дыханне. Не без радасці бярэ ў рукі гэты рарытэт майстар і цяпер.

Працуе над кожным інструментам даволі доўга - мяняе таўшчыню сценак, велічыню адтулін, шліфуе гук і тэмбр. Затое кожная яго дудка мае сваю асаблівую меладычную афарбоўку і набліжана да прыроднага каларыту — на іх можна перадаваць шум ветра і лістоты дрэў, птушыныя спевы.

У пошуках гуку

На пытанне аб тым, як прыйшла ідэя стварэння падвойных і патройных дудак, майстар адказаў жартам: “Я ўсё думаў, як зручней граць адразу на дзвюх ці трох дудках. Як трымаць трубкі, у адзін бок ці ў розныя - хто яго ведае? Вось я і падумаў: чаму б гэтыя трубкі не склеіць?” Што тычыцца дуды, то і тут Мар’ян Антонавіч дае падрабязныя тлумачэнні аб канструкцыі старажытнага духавога інструмента, заўсёды тлумачыць, што перад пачаткам ігры неабходна напоўніць скураны мех паветрам. І пачынае гучаць сапраўдная дуда! Яе некалькі рэзкаваты, але насычаны і густы тэмбр зачароўвае.

Сярод экспанатаў ёсць ляскоткі і гармонік. Віртуозная ігра на гармоніку і ўменне Мар’яна Антонавіча імправізаваць захапляюць усіх прысутных, а танцавальныя найгрышы гучаць з такім запалам, што публіка мімаволі пачынае прытанцоўваць. А дудкі — са шлангам. Яны імітуюць галасы жывёл: вала, дзіка, зязюлі, жураўлёў.

— Гэтай музыкай з нізкімі гукамі можна нават лячыць, — упэўнены майстар. - Калі дзіця плача, яно адразу заспакоіцца, пачуўшы такія гукі, — ужо не раз так адбывалася. Я насычаюся гукамі, удасканальваю іх.

Як кажа Мар’ян Антонавіч, навучанне ігры на народных музычных інструментах павінна быць абавязковым у дзіцячых музычных школах, школах мастацтваў, на факультатывах сярэдніх школ, факультэтах грамадскіх прафесій вышэйшых навучальных устаноў, у гімназіях, ліцэях, педагагічных каледжах, гуртках і калектывах мастацкай самадзейнасці. Надзвычай слушна!

Спадара Мар’яна наведвае шмат высокіх гасцей. Прыязджаюць музыканты, прафесары, дыпламаты з усёй Беларусі і з-за мяжы.

Драўляны інструмент майстра быў прызнаны спецыялістамі ў Еўропе. Вынік плённай працы высока ацанілі музыканты з Польшчы, Канады, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Славакіі. На дудачках Мар’яна Скрамблевіча граюць музыканты Беларускай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама ансамбляў “Белыя росы”, “Гарадніца”, “Гуды”. Мар’ян Антонавіч стварыў нават музычную сям’ю акарын, кожная з якіх мае свой голас: бас, альт, сапрана, тэнар.

Чалавек-аркестр: у яго руках і саломінка зайграе — так кажуць землякі пра майстра-музыканта, ініцыятара стварэння першага ў Беларусі музея народных інструментаў.

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра

Фота прадастаўлена цэнтрам

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.07.2021 20:27:41

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.