::
2021.01.23 — Абярэг дарогі, Абярэг жыцця / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Абярэг дарогі, Абярэг жыцця
Спасылка
Дата публікацыі
23.01.2021
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Яшчэ колькі слоў пра наш ручнікЁсць рэчы, якія не выходзяць з нашага ўжытку стагоддзямі. Напрыклад, ручнік. Сёння мы называем яго на рускі манер “палаценцам”, хоць нярэдка можна пачуць і папярэднюю назву. Абодва словы звязаны паміж сабой: рускае “полотенце”, відаць, утварылася ад слова “полотно”, а “ручнік”, або, як яшчэ гавораць, “рушнік” — ад “рушыць”, рваць. Такім чынам, гэта нібыта адарваны кавалак палатна.

 

/i/content/pi/cult/834/17788/20.jpg

Хараство ткачыхі

Ручнікі выкарыстоўваліся яшчэ ў часы Кіеўскай Русі. Шмат больш звестак пра беларускі ручнік пакінула Сярэднявечча. У судовых дакументах XVI — XVII стагоддзяў згадкі пра ручнікі — звычайная справа. Напрыклад, у вопісе пасагу, атрыманага гродзенскім “боярином Мартином Пашкевичем за женой своей”, адзначана, што сярод іншых рэчаў там было сем ручнікоў.

Падобны выраб мы бачым і на партрэце Францыска Скарыны, змешчаным у яго Бібліі 1517 — 1519 гадоў: вядомы асветнік паказаны за рабочым столікам, пакрытым арнаментаваным ручніком.

Беларускі ручнік меў сваё ўласнае арнаментальна-каляровае аздабленне, якое адразу ж выдавала нацыянальны стыль, бо ў ім было ўвасоблена асабістае светаўспрыманне, адчуванне хараства ткачыхі, вышывальшчыцы.

Не стыль, а мода?

У нашым школьным “Кутку беларускіх рамёстваў і традыцый” сабрана 12 саматканых і 4 вышываных ручнікоў з фабрычнай (крамнай) тканіны. Палотны выраблены ў пачатку і сярэдзіне XX стагоддзя. У гэты час, на жаль, ужо мала хто з ткачых і вышывальшчыц прытрымліваўся дакладнай рэгіянальнасці — пэўных асаблівасцяў менавіта сваёй мясцовасці. Рэгіянальны стыль паступова саступіў месца звычайнай модзе.

А пачалося гэта яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. У Маскве (тады Расійская імперыя) існавала мылавараная і парфюмерная фірма “Брокар і К” (1893 — 1917), якая ўкладвала ў сваю прадукцыю (мыла і танны адэкалон), або бясплатна раздавала пакупнікам аркушы з друкаванымі ўзорамі вышыўкі крыжыкам.

Канкурэнты кампаніі “Брокар і К” — “Таварыства вышэйшай парфюмерыі А. Ралле і К” пайшлі яшчэ далей і выпусцілі для пакупнікоў альбомы вышывак, а таксама “Энцыклапедыю жаночых рукадзелій”, што значна паўплывала на распаўсюджванне модных вышываных малюнкаў “крыжыкам”. У выніку народныя тканыя вырабы “амаль страцілі сваю этнічную непаўторнасць, своеасаблівасць арнаментальна-дэкаратыўнай мовы і не неслі ўжо яскравых рэгіянальных і лакальных мастацкіх адметнасцяў” (В. Лабачэўская. “Повязь часоў — беларускі ручнік”). На такіх вырабах пераважае раслінны арнамент: простыя кветкі, вазы з кветкамі, сцяблінкі, лісткі, якія і сталі асновай “брокараўскага стылю”.

Падарунак на вяселле

/i/content/pi/cult/834/17788/21.jpgІ

ўсё ж сярод модных тэндэнцый можна заўважыць рэшткі былога традыцыйнага аздаблення палатна. Прыкладам такога вырабу з’яўляецца тканы ручнік з вышыўкай, які перадала ў школьны куток намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Княжыцкай сярэдняй школы Лілія Папкова. Лілія Віктараўна — ураджэнка вёскі Княжыцы, і гэты ручнік застаўся ў яе ад бабулі Надзеі Фёдараўны Ліхуновай, таксама мясцовай жыхаркі.

Ручнік Ліхуновай, па ацэнцы загадчыка аддзела этнаграфіі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Святланы Рыбаковай, да якой мы звярнуліся па кансультацыю, змяшчае ў сабе элементы традыцыйнага беларускага геаметрычнага арнаменту.

Вышываныя малюнкі ручніка маюць розную вышыню і розны сюжэт, як і на старадаўніх вырабах. Яны раздзелены зігзагападобнымі дарожкамі — сімваламі мяжы. Выбар колераў для вышываных малюнкаў, чырвоны і чорны, традыцыйны для беларусаў. Пра беларускія традыцыі таксама нагадваюць махры па краях вырабу. Што датычыць вышываных пеўнікаў на ручніку, то з часоў старажытнай міфалогіі певень быў сімвалам аховы дома ад бед і пажараў. Ручнікі з пеўнямі звычайна дарылі на наваселле або вышывалі да вяселля.

Так, кожная рэч мае сваю гісторыю. Асабліва, калі гэта ручнік, доўгае беленае палатно, якое вось ужо не адно стагоддзе з’яўляецца не толькі неабходным прадметам быту, а і абярэгам у доме, а яшчэ сімвалам дарогі ці ўсяго нашага жыцця.

Наталля Чабан, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Княжыцкая СШ”

Магілёўскі раён, Магілёўская вобласць

Фота аўтара

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя выданні
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 28.03.2021 14:14:10

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.