::
2020.11.28 — Свята млына з гагатой / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Свята млына з гагатой
Спасылка
Дата публікацыі
28.11.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Гісторыя аднаго старадаўняга адэльскага брэндаАдэльскам і яго жыхарамі апякуюцца два Святых: Антоній і Марцін — заступнік млынароў. Тут адбываюцца два брэндавыя мерапрыемствы: Адэльскі фэст на рынкавай плошчы і маштабнае Свята млынароў Дзень Святога Марціна — 11 лістапада, заступніка млынароў. Дату нашы продкі абралі невыпадкова: у гэты час млынарам, што апрацоўвалі сабранае збожжа, было не да адпачынку. І толькі ў канцы лістапада з’яўляўся вольны час. У гэтыя дні і вырашылі ладзіць Свята млынароў. Потым традыцыя пачала знікаць разам з млынамі. Упершыню за доўгія дзесяцігоддзі, 10 лістапада 2013 года, яго аднавілі работнікі культуры па ўспамінах мясцовых жыхароў, у тым ліку па расказах тагачасных млынароў, якія працавалі ў Адэльску яшчэ ў 50 — 70-х гадах. Так, вятрак, ці то вадзяны або паравы млын даўно знік з краявідаў Адэльска і яго ваколіц. Захаваўся толькі вадзяны млын у суседзяў з аграгарадка Луцкаўляны — але гэта зусім іншая гісторыя.

 

/i/content/pi/cult/826/17651/21.jpgДзень мінулы

Марцін, адзін з самых славутых хрысціянскіх святых, нарадзіўся ў рымскай правінцыі Панонія (сучасная Венгрыя). Яго бацька быў легіянерам і перакананым прыхільнікам паганства. Таму назваў сына ў гонар Марса — рымскага бога вайны.

У Рэчы Паспалітай Марцін быў адным з самых шанаваных святых, у гонар якога было названа больш за 200 касцёлаў. Шмат стагоддзяў яго дзень быў абавязковым касцельным святам.

У некаторых мясцовасцях Беларусі ў гонар святога Марціна ладзілі кірмашы і вячоркі, дзе вяскоўцы спявалі, танчылі, а таксама каштавалі традыцыйный стравы з гусяціны і іншай хатняй птушкі — курэй, качак і індыкоў.

Як расказвалі адэльскія старажылы, для правядзення святаў мястэчку Адэльск існавалі пэўныя правілы: напрыклад, нельга было праводзіць ніякіх буйных работ у гэты дзень, прытрымлівацца будзённых нормаў жыцця, нічога не пазычаць. Таму дзень 11 лістапада ператварыўся ў кірмашовы дзень, калі мясцовыя жыхары адпачывалі і весяліліся. У гэты дзень таксама збіралі падаткі, а як вядома, тыповым “плацёжным сродкам” сялянства заўсёды з’яўляліся гусі. Таму ў святочны дзень традыцыйна спажывалі спецыяльна прыгатаваную запечаную гусяціну “птушку Марціна”, якая падавалася з віном, капустай і печанай бульбай, але і дэгустацыяй маладога віна.

Дзень сённяшні

Сёння незвычайную атмасферу Свята млынароў ствараюць млынар Васіль (Дзяніс Балабуеў) са сваёй жонкай Гандзяй (Надзея Маркевіч), якія з задавальненнем дэманструюць працэс памолу зерня на старых жорнах, якія падараваў творчаму калектыву Адэльскага Цэнтра культуры і народнай творчасці мясцовы млынар Франц Пясецкі. Гаспадары абавязкова частуюць усіх гасцей смажаным гусём (“гагатой”), традыцыйна дзеляць яго паміж усімі прысутнымі на каменным млынавым крузе. Жыхары і госці свята маюць магчымасць прадэгуставаць розныя мучныя прысмакі, духмяны каравай, патанчыць па-даўнейшаму і праславіць млынароў песнямі.

/i/content/pi/cult/826/17651/22.jpgШто такое палтрак?

У XIX стагоддзі ў Гродзенскай губерні налічвалася 258 ветракоў. Пазней сталі выкарыстоўваць вадзяныя і нават конныя млыны. Самыя раннія згадкі пра вадзяныя млыны ў ваколіцах Гродна адносяцца да XV стагоддзя.

Таксама як вадзяны млын залежаў ад напору вады, так ветраны млын (вятрак) залежаў ад ветру. Вятрак як вынаходніцтва тэхнічнай думкі намнога маладзейшы за вадзяны. Ветраныя млыны з’яўляюцца ў Еўропе ў X стагоддзі, а на землях Вялікага Княства Літоўскага — яшчэ на некалькі стагоддзяў пазней.

Найбольшае распаўсюджванне мелі ветракі сталбавой канструкцыі, ці “казлоўкі”, “казловы”. Звычайна яны былі двух’ярусныя, квадратныя ў плане, вышынёй 8 -— 12 метраў. Козлы, на якія абапіралася ўсё збудаванне, складаліся з магутных гарызантальных брусаў. Уваход у млын заўсёды быў з боку (па лесвіцы), процілеглым наветранай частцы, дзе размяшчаліся крылы. Вядомы яшчэ ветракі, якія спалучалі ў сабе канструктыўныя асаблівасці “козловок” і “голанок” — млыны-пальтракі.

На абшары сучаснага Гродзенскага раёна ў пачатку XX стагоддзя было як мінімум дваццаць ветракоў. У Адэльску і суседніх вёсках Мінькаўцы і Старадубава працавала ажно адзінаццаць ветраных млыноў. Відовішча ўражвала: уявіце, што адразу махала крыламі столькі млыноў, і гук пры гэтым быў вельмі характэрны. Апошні адэльскі вятрак упаў падчас буры ўжо ў пачатку XXI стагоддзя.

І знахары, і лекары

Праца млынара паважалася ў вёсцы, дый заможным ён быў: у падзяку браў дзясятую частку з кожнага намалочанага мяха. Аднавяскоўцы заўсёды стараліся дагадзіць прадстаўнікам гэтай старажытнай прафесіі, бо ад іх наўпрост залежала якасць ужытнага хлеба. Таму часцей млынары былі багатымі гаспадарамі. І нездарма ў народзе хадзіла прыказка: “Мельнікава карова, дачка папова і старасціна кабыла ніколі галоднымі не былі”. Самі млынары ў народнай свядомасці часта надзяляліся магічнымі якасцямі. Яны — і знахары, і народныя лекары, і волаты.

Без адзінага цвіка

Ветраны млын у Адэльску прастаяў каля 70 гадоў. Манументальная звонку пабудова з дапамогай доўгага бруса-рычага магла разварочвацца па ветры вакол цэнтральнага слупа-апоры на магутнай крыжавіне ў аснове. Гэты рычаг называўся “вадзіла”. Цэнтральны слуп, як і іншыя найважнейшыя дэталі канструкцыі, вырабляўся з дуба. Сцены млына таксама былі зроблены дасведчаным народным майстрам з дубовых дошак, прычым без адзінага цвіка. Дошкі змацоўвалі паміж сабой і з рамай спецыяльнымі клінамі. Дах ветрака і пярэдняя сценка, першымі сустракалі вецер і дождж, былі пакрыты дранкай, якую перыядычна мянялі на новую.

Млынар сачыў, каб млын быў павернуты ў бок ветру. Крылы прыводзілі ў кругавы рух вось з вялікім дубовым колам. У спецыяльны прыёмнік засыпалі збожжа, якое размолвалася паміж двума жорнамі (часта крылы млына круцілі і па дзве пары жорнаў) і ператваралася ў муку. Гэта было сапраўды сакральнае дзейства.

Таццяна Лісоўская, настаўнік гісторыі і геаграфіі адэльскай школы, высветліла, што ўладальнікам апошняга адэльскага млына быў Альбін Будрэвіч. Гэты млын, уключаючы яго механізм, па расказах старажылаў, Будрэвіч скапіраваў у іншага адэльскага ветрака, які належаў мясцоваму жыхару Шупіцкаму. А ён, у сваю чаргу, запрашаў у Адэльск спецыяльнага нямецкага інжынера з Познані. На шчасце, каля гэтага ветрака, які ўяўляў з сябе мясцовую славутасць, любілі фатаграфавацца жыхары, і амаль у кожным адэльскім доме захаваліся каштоўныя для гісторыкаў сямейныя фотаздымкі на фоне млына.

Хацелася б згадаць пра адэльскага млынара Дамініка Навацкага. Ён быў добрым гаспадаром, меў моцную гаспадарку. Яго вятрак знаходзіўся на ўзвышшы па правым баку ад вулачкі, якая вядзе ад вуліцы Школьнай (некалі Крынскай). Млын гэты бачны на карце 1928 года, гэта дакладна тое месца, аб якім узгадвалі сучаснікі. На карце можна налічыць пяць млыноў, а ў даведніку ўзгадваецца пра сем гаспадароў-млынароў — Будзевіч, Локіць, Навацкі, два Скрамлевічы, Шупіцкі, Звяжэвіч. На месцы млына ў 1950-х гадах заставаліся толькі парэшткі фундамента, усё было знішчана і зруйнавана.

Жорны з млына Навацкіх захаваліся па сённяшні час. Яны знаходзяцца ў добрым стане, таму што ў свой час былі звезены ад млына і захаваны пад навесам ля адрыны. У дыяметры камень мае каля метра.

Лёс аднаго экспаната

Жорны, або ручны млын — адно з галоўных вынаходніцтваў чалавека. Будова жорнаў простая: два плоскія камяні, ніжні — большы, ён умацоўваўся ў драўляную аснову. На яго клаўся больш лёгкі — верхавік, які круціўся і цёрся аб большы камень. Каб мука лепш сыпалася, паверхню ніжняга каменя рабілі крыху выпуклай, а верхняга ўвагнутай, рабочая паверхня мела насечкі для лепшага размолу.

Жорны былі амаль у кожным сялянскім двары і займалі пачэснае месца ў сенцах ці нават у самой хаце. За дзень на іх, найбольш тэхнічна дасканалых, можна было змалоць да 3 пудоў мукі. Цяжкая і марудная гэта была праца. А пакруцілі жорны ў Беларусі вясковыя людзі шмат, асабліва ў 40 — 50-я гады мінулага стагоддзя. Калі гаварыць пра хутаран, дык там жорны былі яшчэ і ў 60 — 70-я гады.

Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і праца нашых продкаў, тое, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа, тое, што кожнае пакаленне павінна шанаваць і памнажаць. Самы важны экспанат у Адэльским Цэнтры культуры і народнай творчасці — старыя жорны, якія штогод са складскога памяшкання перамяшчаліся на цэнтральную пляцоўку Свята млынароў, каб расказаць нам пра ўсе таямніцы цяжкай, але вельмі патрэбнай працы. А ў 2019 годзе на Свяце млынароў на пляцоўцы перад цэнтрам культуры з’явіўся новы арт-аб’ект “Жорны… Вяртанне да вытокаў”. Жорны адпачывалі пасля “цяжкай” працы на падворку мясцовага жыхара Эдварда Будрэвіча і датуюцца 1893 годам. Яны засталіся ад млына, гаспадаром якога з‘яўляўся сваяк Эдварда Антонавіча — Казімір Локець.

Жорны адэльскага млына спыніліся, нібы ў чаканні ветру, больш за паўстагоддзя таму. Але для мясцовых жыхароў гэта сапраўдны сімвал вёскі, якi павiнен застацца i адрадзiцца.

Вядомы майстар народных музычных інструментаў Мар’ян Скрамблевіч, чые дудачкі, ражкі, акарыны ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, успамінае: “Мелодый у прыроды — тысячы! Да гэтага часу памятаю, як “спявалі” ў рознае надвор’е ветракі, якія каля нашага дома стаялі...” Веру, што наш вятрак, усталяваны на сваім гістарычным месцы, калісьці зноў заспявае і стане адной з візітовак не толькі Гродзенскага раёна, але Беларусі”.

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра

Фота аўтара і з архіва цэнтра

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.01.2021 08:32:21

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.