Але вячоркі — не проста сумесная праца, калі вопытныя праллі перадавалі некалі свой працоўны досвед малодшым. Яны паміж сабой спаборнічалі: хто прадзе хутчэй і выводзіць танчэйшую нітку. А старэйшыя прыкмячалі, каторая дзеўка працавітая, акуратная, добра спявае, набрала розуму і гатовая да шлюбу, бо прыглядалі нявест для сваіх сыноў. Для моладзі гэта быў час, калі можна было пачуць легенды, паданні, казкі, былічкі і проста цікавыя праўдзівыя гісторыі пра жыхароў вёскі — цяперашніх і былых. Усё гэта трывала адкладалася ў памяці, нябачным ланцужком звязвала з продкамі. Такое ўсебаковае працоўнае навучанне і сацыяльнае выхаванне дзяўчынак у калектыве аднавяскоўцаў было сапраўднай школай, фарміравала асобу.
Тужлівыя песні пра жаночую долю, сямейныя ўзаемаадносіны, а ў пэўныя дні — песні пра святых Піліпа, Андрэя, Кацярыну, Юрая, Варвару, Міколу гучалі ў такт кручэння верацяна або калаўрота. І сёння яшчэ “святыя песні” захаваліся на Тураўшчыне, у Чачэрскім і Веткаўскім, некаторых іншых раёнах — там, дзе некалі хадзілі старцы з лірай і пакінулі сляды манастырскіх песнапенняў і былога навучання сляпых у школах лірнікаў. Вядома, што каля Турава была такая школа — магчыма, у вёсцы Слепцы, пра што сведчыць яе назва. Хрысціянства і дахрысціянскія погляды і звычаі арганічна перапляталіся і трывала замацоўваліся ў памяці падчас піліпаўскіх попрадак. Але не ўсё было так сумна. Часам прыходзілі хлопцы з гармошкай. А там, дзе сёлы былі вялікія і жанчыны збіраліся асобна, а дзяўчаты — асобна, то моладзь пад наглядам толькі гаспадыні хаты магла сабе дазволіць гульні і іншыя забавы. І гэта не супярэчыла задачам сельскай абшчыны. Наадварот, ігрышчы моладзі ў зімовую пару лічыліся неабходнымі, бо забяспечвалі падбор новых шлюбных пар.
Пачыналіся ігрышчы з Піліпаўскіх запускаў 27 лістапада, затым працягваліся на Каляды і Масленіцу. Самыя вядомыя ігрышчы, якія ў жывой традыцыі дайшлі да нашага часу і ўвайшлі ў Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны, гэта “Ката пячы” — традыцыя Міншчыны, што захавалася ў аграгарадку Скірмантава Дзяржынскага раёна, а таксама “Жаніцьба Цярэшкі” — калядная гульня моладзі ў Лепельскім раёне, некалі адметная для ўсяго Паазер’я. Падчас ігрышчаў старэйшае пакаленне старалася сфарміраваць новыя шлюбныя пары, каб працягваўся род і ніхто не застаўся адзінокім. Старэйшыя перадавалі маладым свой вопыт жыцця ў мастацкай форме і навучалі іх творчасці.
На Тураўшчыне час вячорак і ўвогуле ўсю зімовую пару, прысвечаную вырабу адзення і абутку, распачынаў архаічны абрад “Жаніцьба Коміна (або светача, пасвета)”. А завяршалася гэтая пара на Фаміным тыдні (тыдзень пасля Вялікадня) такім жа абрадам, калі ў хаце апошні час распальвалі агонь на пасвеце і вадзілі вакол яго карагоды, спявалі, сабраўшыся ў апошні раз. Наперадзе — вялікія працоўныя дні ў полі пад яркім, а часам і пякучым сонцам, калі трэба рана ўстаць і позна легчы — дзеля хлеба надзённага на ўвесь год.
Пасвет — гэта рашотка або бляха, на якой гарэла лучына, а дым ішоў праз комін з мешкавіны, абмазанай глінай і пабеленай, на гарышча. Часам Комін, які паўтараў абрысы пячнога, рабілі з лазы, дошак або бляшаны. У традыцыйнай культуры беларусаў год дзеліцца на дзве паловы — зімовую і летнюю, дык вось зімовую пару на Палессі маркіруе менавіта гэты абрад. Яго памятаюць у вёсцы Пагост Жыткавіцкага і ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёнаў. Лічылася, што Коміна жэняць з жаночай працай ў хаце, калі прадуць і ткуць пры асвятленні лучынай.
У Любані аднавілі звычай з вёскі Закальное, які некалі тут існаваў: на Загавіны перад Вялікім постам выносяць на вуліцу бляшаны зімовы свяцільнік, які тут называюць лучнік, і падвешваюць на бярозу. Кожная жанчына раней прыносіла па жменьцы кастрыцы і спальвала на лучніку, што азначала, што пара прадзення скончылася. А на бярозу закідалі пасмы ільну ад кудзелі: хто вышэй закіне, у той на наступны год будзе лепшы ўраджай ільну.
За два тыдні да Каляд ужо можна было спяваць абрадавыя песні. Іх паўтаралі, размяркоўвалі ролі на час калядных абыходаў. Выразалі на вокны сняжынкі, як робім мы і зараз, абнаўлялі фіранкі ў выглядзе выстрыганак, бо пад вокны на Каляды прыходзілі спяваць калядкі. А на Шчодры вечар у двары і ў хаце адбываўся калядны карнавал з традыцыйнымі маскамі, песнямі, жартамі, сцэнкамі, таму акно іграла важную ролю ў абрадавых дзеях. У кожнай сям’і чыста прыбіралі хату, мылі падлогу, засцілалі святочныя посцілкі і вешалі чыстыя ручнікі на абразы, а ў Чырвоны кут над сталом падвешвалі саламянага павука. Ад гарачых страў падымалася пара, і павук круціўся. Гэта было не толькі прыгожа і забаўна для малых дзетак. Павук — сімвал Сусвету, таго створанага Богам-творцам, які быў страчаны людзьмі. Бога параўноўвалі з ткачом-павуком, а працэс стварэння Сусвету — з вырабам тканіны.
Саламяны павук для сям’і — яе ахоўнік, які забяспечвае дабрабыт і лад. Шкада, што ў сучасных гарадскіх кватэрах не кожны гаспадар і гаспадыня могуць дазволіць сабе такое сімвалічнае ўпрыгожанне. Раней жа ў беларусаў не было традыцыі прыносіць з лесу ў хату зялёную ялінку, але быў саламяны павук. Зразумела, можна зрабіць сваімі рукамі саламяныя цацкі — атрымліваецца прыгожа. Праўда, той сімволікі, якую меў некалі павук, яны не створаць… Сёння традыцыйная культура, якая захавалася ў жывой традыцыі, змагла выжыць толькі ў сем’ях, дзе яе лічаць каштоўнасцю. І за рэдкім выключэннем — у вясковай супольнасці.
Там, дзе яшчэ спраўляюць абрады калядавання і шчадравання, перыяд падрыхтоўкі да іх сплочвае ўдзельнікаў духоўна і творча. Паднаўляюцца або робяцца новыя маскі, развучваюцца абрадавыя песні, сцэнкі жывой батлеі, запрашаюцца музыканты. Цяпер ужо не ходзяць з батлейкай, але спектаклі паказваюць у клубах і музеях, на школьных ранішніках і ў дзіцячых садках. Калядны карнавал — вясёлая забава для дзяцей і дарослых. Прыкладам местачковага карнавалу можа служыць традыцыя ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна, якая мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі. Шкада, што карнавальныя звычаі па народных традыцыях шырока не аднаўляюцца ў нас у гарадскім асяроддзі. Навагодняя ноч у сталіцы на арганізаваных пляцоўках праходзіць не заўсёды цікава. Моладзь стараецца дадаць жару і шуму петардамі, што небяспечна. Між тым у Мінску, абласных цэнтрах і гарадках Беларусі шмат творчых людзей. Усё залежыць ад жадання кіраўніцтва распрацаваць канцэпцыю свята на аснове народных этнічных традыцый і закласці сродкі на іх падрыхтоўку ў гарадскія бюджэты. Выдаткі акупяцца, бо няма нічога больш важнага, як зберажэнне сваёй культуры, створанай мудрымі продкамі.
Напісанае — не проста экскурс у мінулае, настальгічнае ўздыханне і туга па страчанай спадчыне. Хачу нагадаць: традыцыйная культура беларусаў — вечны напамін пра тое, што мы павінны захаваць у сваім жыцці, у сваіх сем’ях, у нашым сучасным грамадстве. Гэта наш скарб, наша адметнасць, якую мы проста не маем права забыць.
Беларусы маюць сваю багатую і старажытную культуру, вясковыя этнічныя традыцыі і гарадское высокаразвітае тэатральнае, музычнае мастацтва, музейнае асяроддзе, турыстычныя паслугі. І гэта даступна кожнаму. Давайце не будзем прыніжаць сябе і свой народ, пераймаючы чужое нізкапробнае “мастацтва для шырокіх мас”. Трэба часцей папулярызаваць і развіваць уласную культуру, замацоўваць усё карыснае і добрае, што йдзе спрадвеку ад нашых продкаў, пазбягаць непрыгожых аднадзённых штампаў.
Рэгіна ГАМЗОВІЧ
Фота аўтара.
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.