У папярэднім нумары мы пачалі расповед пра завяршэнне пераходу маладых у новы статус сямейных людзей, які пасля вяселля расцягваўся на год ці да нараджэння першага дзіцяці. У гэты час для мужа было, бадай, толькі адно знакавае свята — Масленіца — якое ён мог адзначаць не зусім так, як у наступныя гады свайго сямейнага жыцця. У “К” № 49 за 5 снежня апісана шанаванне маладога зяця падчас наведвання цешчы. Ніжэй — расповед пра некаторыя масленічныя рытуальныя дзеянні, аб’ектам якіх магла стаць маладая пара, але часцей жонка.
У адрозненне ад мужчыны жанчына ў першы год сямейнага жыцця святкавала не так, як у пазнейшы перыяд, не толькі Масленіцу. Сустракаюцца яшчэ звесткі пра асаблівасці адзначэння Дзядоў, Радуніцы і Калядаў. Гэта даты, калі, як верылі нашы продкі, уся сям’я павінна быць у зборы пры святочным стале. У некаторых лакальных традыцыях маладая жонка ішла на памінальныя трапезы і на Вялікую куццю ў бацькоўскую хату, бо, відаць, яшчэ лічылася не канчаткова прынятай у род мужа, у большай ступені часткай сям’і, дзе нарадзілася. Такім чынам выконвалася патрабаванне рытуальнай цэласнасці роду ў знакавых пунктах года (лічылася, што да трапезы далучаюцца і душы дзядоў).
Падчас Піліпаўскага посту жанчыны збіраліся на попрадкі па хатах. Звычайна замужнія працавалі асобна ад незамужніх, сярод апошніх магло быць некалькі суполак па ўзросце. Маладая жонка пераходзіла ў кампанію да сямейных “баб”. У пост спявалі псалмы, выконвалі песні з матывамі чакання Калядаў, якія пазней маглі гучаць і як калядныя: “Ай, Калядачкі, вы барзджэй-барзджэй…”; “Нам Піліпаўка надакучыла, нас Піліпаўка падзамучыла…”; “Ах, і дай, Божа, нам Каляд даждаць”.
У песнях, што даследчыкі вызначаюць і як “перадзімовыя”, і як “піліпаўскія”, гучаць матывы нядаўняга замужжа. Гэтыя творы ўтрымліваюць наўпроставы зварот да дзяўчыны, якая нібыта рана выйшла замуж. Яна параўноўваецца з зімой, што “раненька настала”. У песні, аднак, даводзіцца, што і зіма прыйшла, і шлюб узяты ў час. Магчыма, функцыя гэтых тэкстаў — своеасаблівая “песнетэрапія” для маладой жанчыны, якой складана звыкнуцца са сваім новым станам. Вось адзін з такіх тэкстаў, запісаны ў колішнім Клімавіцкім павеце:
— Ды зіма, зімачка ты сцюдзёная,
Чаго рана наставала?
— Я не раненька, я не позненька —
Ужо мая пара прыйшла.
Лісточак апаў, зямельку ўслаў —
Ужо мая пара прыйшла.
— Чаго ты, дзевачка, чаго ты, красная,
Малая замуж зайшла?
— Я ж не маленька, не вялічачка —
Ужо мая пара прыйшла.
Татачка аддае, свякорка бярэ —
Ужо ж мая пара прыйшла.
Сем’і, што ўтварыліся на працягу апошняга года, станавіліся аб’ектамі розных абрадавых дзеянняў на Масленіцу. Адмыслова для маладых здзяйсняліся некаторыя віды рытуальных абыходаў. Яны маглі суправаджацца спецыяльнымі песнямі-віншаваннямі. У большасці выпадкаў масленічныя віншаванні звернуты да маладухі, радзей — адначасова да яе мужа, паводле адзінкавых сведчанняў — выключна да яго. Такія песні пачынаюцца найчасцей зваротам да “маладой маладзіцы”, часам яе называюць па імені. У адзінкавых фіксацыях спявачкі звяртаюцца спачатку да мужа маладухі, але потым усё роўна да яе самой:
“Добры вечар, Колечка-Колечка!
Ці дома твая Валечка-Валечка?
Мы к ёй прышлі гуляці-гуляці,
Добрыя песні спяваці-спяваці:
Вынесі сыра, вынесі сыра —
Родзіш сына….”
Сустракаецца таксама зварот да ўсёй вялікай сям’і, часткай якой былі маладыя:
“Добры вечар… добрым людзям…
Мы к вам ідзём
Маладая, маладая ты, Ганначка,
Выйдзі… к нам на вулку…”
Песні для маладухі часта ўтрымліваюць радкі “Вынесь сыра — родзіш сына, / Вынесь мачку — родзіш дачку”. Сыр як абрадавая страва сустракаецца ў беларусаў на Юр’я, Тройцу, Купалле, Пятра, зажынкі, абрады сямейнага цыкла. Асабліва частыя матывы сувязі сыра з нараджэннем хлопца, з маладым мужчынам. У некаторых выпадках сыр як рытуальная страва забяспечвае сувязь паміж жывымі і нябожчыкамі. Тое, што сыр выступае і як сімвал плоднасці, і як сродак сувязі з тагасветам, у традыцыйнай логіцы цалкам апраўдана, бо менавіта памерлыя продкі забяспечваюць дабрабыт жывых. Мак, які ў тэксце песень звязваецца з нараджэннем дачкі, у беларускім фальклоры таксама ўвасабляе плоднасць і мае дачыненне да іншасвету.
Судзячы па тэкстах песень, тых, хто віншаваў, частавала і дзякавала ім сама маладуха. Паводле сучасных запісаў, песню такога тыпу маглі выконваць і для бацькоў кагосьці з маладой сям’і: “Просяць, каб спявалі, нават тады, калі маладыя адсутнічаючь. У Кошкінай не было маладых, яны былі ў Мінску, а песню пелі, і ім ставілі гарэлку…” (вёска Міхейкава Круглянскага раёна).
Абыходы маладых сем’яў маглі здзяйсняць незамужнія дзяўчаты ці замужнія жанчыны. Віншаванне магло працягвацца застоллем у хаце. У вёсцы Маслёнкі Крупскага раёна лічылася, што чым больш падабаецца свёкрам нявестка, тым лепш яны частуюць спявачак.
Як форму шанавання маладзіцы варта разглядаць масленічны звычай “трэсці падушкі”, што фіксуецца ў Шклоўскім і Крупскім раёнах: гурт жанчын краў ці пагражаў скрасці ў маладухі падушкі, а маладая іх частавала, каб аддалі. У вёсцы Вялікае Замошша Шклоўскага раёна жанчыны, скраўшы падушкі, рабілі выгляд, што мочаць іх: “Быў у нас такі абычай. У тых, хто свадзьбу гулялі на Каляды, на Масленку забіралі ў гэтых маладых падушкі. Іх трэба было выкрасці патаемна, штоб ніхто не прымеціў. А потым падушкі гэтыя везлі ад калодзежа. Там жа бралі вёдра і вылівалі ваду збоку, міма падушак. Гэта называлася “мачыць падушкі”. Калі па дарозе ад калодзежа сустракалі кагосьці з вёдрамі, хто па ваду ішоў, выварачвалі яму вёдра і зазывалі з сабой на гулянку. А падушкі маладыя павінны былі адкупіць. І вечарам, калі саглашаліся хазяіны, усе неслі свае харчы, і маладыя ўжэ адкуплівалі свае падушкі. Гулялі ўсёй вёскай, аж весела ж было! Калі аддавалі падушкі, гаварылі: “Ну то ж спіце ўжэ сёння на падушках!” А калі не было чым частаваць, то падушкі забіралі сабе тыя, хто ўцягнуў”. Маніпуляцыі з падушкамі маладухі на Масленіцу фіксуюцца таксама ў вёсцы Ельніца Барысаўскага раёна, там іх “вязалі”.
Падушка ў шматлікіх абрадах выступае як сімвал плоднасці і шлюбу: на ёй можа адбывацца пасад маладой, падушкі ўваходзяць у пасаг, пад падушку кладуць розныя рэчы з мэтай варажбы; вядомая моладзевая гульня “Падушачка”, што завяршаецца пацалункамі. Падчас масленічных рытуалаў з падушкамі маладуха пацвярджае факт свайго шлюбу перад жаночай грамадой, наноў выкупляючы свой пасаг і забяспечваючы сабе дабрабыт і плоднасць. Такім чынам, праз маніпуляцыі з падушкамі на Масленіцу маладзіца працягвала свой пераход у статус замужняй жанчыны.
Ушанаванне маладой сям’і магло таксама набываць форму рытуальнага разування жонкі ці мужа. Змена абутку сімвалізуе змену сацыяльнага статусу маладых. У беларускім фальклоры прасочваецца таксама выразная шлюбная і эратычная сімволіка абутку. Дзеянні, звязаныя з масленічным ушанаваннем маладых, канцэнтруюцца на памежжы Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.
Завяршаючы серыю артыкулаў пра вяселле, хочацца адзначыць, што гэты абрадавы цыкл, з аднаго боку, адкрыты да запазычанняў, а з другога боку — часта захоўвае архаічныя элементы (асабліва ў сельскай мясцовасці). Апошнімі гадамі запатрабаванымі становяцца гарадскія “вяселлі ў беларускім стылі”. Часам маладыя хочуць проста “што-небудзь народнае”, а часам спрабуюць узнавіць традыцыйнае вяселле мясцовасцяў, дзе маюць карані. У любым выпадку вясельная тэматыка ніколі не страціць актуальнасці.
Алена ЛЯШКЕВІЧ,
супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і
літаратуры НАН Беларусі.
Фота аўтара.
Каментароў — 0
Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.