::
2020.09.08 — Як завіць вянок для маладой і выпечы вясельны хлеб, раскажуць у Любані / Млын.by / mlyn.by
Загаловак
Як завіць вянок для маладой і выпечы вясельны хлеб, раскажуць у Любані
Спасылка
Дата публікацыі
08.09.2020
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

Як завіць вянок для маладой і выпечы вясельны хлеб, раскажуць у Любані

 08 Сентября 2020 10:06  74  Афиша

 

У Любанскім музеі традыцыйных промыслаў і рамёстваў  філіяле тутэйшага музея народнай славы — нядаўна адкрылася новая выстава "Прабабуліна вяселле".

Выстава расказвае пра шлюбныя абрады, што бытавалі ў гэтых мясцінах у 30-40 гады мінулага стагоддзя. Якраз тады, калі прабабулі і прадзядулі сучаснай моладзі ішлі пад вянец.

Шлюбную абрадавасць можна падзяліць на перадвясельную, вясельную і паслявясельную. І ўсе тыя абрады (і даведкі, і сватанне, і запоіны, і агледзены, і заручыны, і вянчанне, і само вяселле, і шмат чаго яшчэ) былі скіраваны на адзінае: каб каханне паміж мужам і жонкай было моцным, каб шчаслівай была іх сям'я, каб у ёй панавалі згода і дабрабыт, каб лёс не абдзяліў добрымі нашчадкамі — сынамі і дочкамі.

Узяць хаця б абрад выпякання вясельнага каравая (выпечка ў першай зале адразу кідаецца ў вочы і буйным памерам, і прыгожым аздабленнем). Тут увасоблены адзін з асноўных прынцыпаў народнай культуры - падобнае выклікае падобнае. Людзі верылі, што тыя, каму даручана выпякаць каравай (іх шчаслівая доля, колькасць дзяцей, павага з боку аднавяскоўцаў), абавязкова паўплываюць на лёс будучай сям'і. Самае найлепшае для маладых "праграмаваў" і сам працэс прыгатавання прысмакі.

Асаблівая ўвага нададзена абраду завівання вянка для маладой. Гэты раздзел экспазіцыі стаў своеасаблівай персанальнай выставай народнага майстра Раісы Вальковай з вёскі Кузьмічы. Справа ў тым, што Раіса Міхайлаўна ў свой час рэканструявала мноства такіх вянкоў.

— Некаторыя, як кажуць, па памяці, бо бачыла ў дзяцінстве, — тлумачыць жанчына, — некаторыя па старых фатаграфіях, якія засталіся ў сямейных альбомах. Іншыя — па апісаннях, што давалі жыхаркі населеных пунктаў, дзе мне давялося пабываць.

Народная майстрыха Раіса Валькова з вёскі Кузьмічы

— Такі вянок, — працягвае майстрыха, паказваючы на свае работы, змешчаныя ў экспазіцыі, — завівалі некалі сяброўкі нявесты ў суседняй вёсцы Нежын. А гэтыя — нашы, кузьміцкія. А вунь той — "базарны". Жаніх з больш заможнай сям'і мог дазволіць сабе паехаць на кірмаш, купіць там вянок, зроблены "прафесіяналамі", а потым падарыць сваёй абранніцы.

— Але, канешне, часцей вянкі для тых дзяўчат, што выходзілі замуж,  майстравалі ўласнымі рукамі, — гаворыць Раіса Валькова. — У справу ішлі папера, дрот, воск. Якія кветкі рабілі? Ружы, мальвы і іншыя — па сезону. Цюлявы вэлюм з'явіўся крыху пазней. Спачатку былі рознакаляровыя стужкі, якія мацаваліся да вянка. Пасля — накрухмаленая марля. Па вянку, дарэчы, можна было меркаваць пра, як цяпер сказалі б, статус нявесты. Бачыце той белы з зялёным вянок? Ён азначаў, што дзяўчына — сірата (такой лічылася, калі ў яе памёр хаця б адзін з бацькоў). Калі ж з поўнай сям'і —чырвоны колер пераважае.

— Увогуле ж, — падводзіць рысу пад гутаркай Раіса Міхайлаўна, — нявесцін вянок станавіўся гэткай рэліквіяй: яго захоўвалі, перадавалі з пакалення ў пакаленне. Зноў жа маладая магла аддаць свой вянок свякрусе, а тая ўпрыгожвала ім абразы. На выставе размешчаны і такі экспанат.

Ёсць і нямала іншага. Дапусцім, тое самае традыцыйнае адзенне жыхароў Любаншчыны (узята з фондаў музея), якое яны апраналі, калі гулялі вяселле. А таксама ручнікі (іх павінна была наткаць маладая), посцілкі, наміткі, паясы, дзежкі для замешвання цеста.

Ну і якое ж вяселле без музыкаў?! Скрыпка, кларнет, гармонік з цымбаламі —ўсё гэта "набор" інструментаў некалі самага папулярнага (і за межамі раёна!) вясельнага гурта з вёскі Плюсна, якім кіраваў Часлаў Бяскосты. Чэсь Ігнатавіч быў не толькі віртуозным музыкам, але і выдатным майстрам, які сам вырабляў інструменты. Цымбалы якраз яго рук справа.

Сяргей Квіткевіч

Фота аўтара  

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 24.10.2020 02:52:30

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.