::
2020.08.22 — Дзявочы пасаг / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Дзявочы пасаг
Спасылка
Дата публікацыі
22.08.2020
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст
Экспедыцыя-вандроўка працягваецца далей…Сустэча з Ірынай Іосіфаўнай Бернатовіч з вёскі Шэмбелеўцы Гродзенскага раёна адбылася выпадкова і не запланавана, але яна стала для ўдзельнікаў этнаграфічнай экспедыцыі вельмі багатай на ўражанні, эмоцыі, успаміны і экспанаты. Пры чарговым прыездзе ў вёску Зарачанка для пабудовы новай экспазіцыі музея Тарэса Пятрэвіч, былая загадчыца Дома культуры, а зараз наша дапаможца ў музейнай справе, паведаміла, што стараста вёскі Шэмбелеўцы вельмі хоча сустрэцца, каб перадаць у музей некаторыя рэчы, як пазней аказалася — свой дзявочы пасаг (“приданное невесты”), частка якога захавалася да сённяшніх дзён.

 

/i/content/pi/cult/812/17413/34-kultura-12S.jpg

Раней у гэтай вёсцы мне бываць не даводзілася, хаця там частым госцем з канцэртамі прыязджае аўтаклуб. Дамы стаяць і ўздоўж дарогі, і “схаваліся на прыгорку” ў лясным масіве. А людзі там жывуць пераважна сталага ўзросту, таму сустрэча з імі — як своеасаблівы экскурс у гісторыю: ім ёсць што ўспомніць і пра што расказаць.

Больш адмысловай майстрыхі ў ткацтве, чым Ірына Іосіфаўна Бернатовіч, на ўсю акругу раней было не знайсці. Яна, як ніхто іншы, умела ствараць узоры — размяркоўвала ў кроснах ніткі па нітах і такім чынам вызначала малюнак на будучым дыване. Гэта патрабавала сапраўднага майстэрства.

Як раней жылі беларусы

Ірына Іосіфаўна Бернатовіч, якой у красавіку бягучага года споўніўся 81 год, з маленства і да нядаўняга часу ткала на кроснах ва ўласным доме ручнікі, вопратку і дываны.

— Мяне ўсяму навучыла мама, Юзэфа Станіславаўна Малышка, — расказвае Ірына Іосіфаўна. — Прасці я пачала з пяці гадоў. Гэта зараз нельга ўявіць, каб дзіця такога ўзросту займалася цяжкім відам працы, а тады, у пасляваенны час, дзеці працавалі змалку. Маёй маці трэба было многа чаго перерабіць па гаспадарцы, а пасля яна хутка захварэла. Вось і садзілася я маленькая прасці. Цацак не было, тады замест гульні пралка была.

Успаміны аб мінулым вельмі ўсхвалявалі жанчыну.

— 4 класы скончыла ў мясцовай школе, а 7 класаў — ужо ў Лойкаўскай школе. Сапоцкін быў тады раённым цэнтрам, і ў наваколіцах налічвалася можа каля 50 школ. — Сям’я наша была вялікая — шасцёра дзяцей. Таму з маленства бацькам дапамагала па гаспадарцы. Жалі сярпамі, гэта цяжкая справа, усе рукі былі ў мазалях і балелі. Мама на ноч перавязвала скурай нейкай жывёлы, і на раніцу боль сціхаў. Жыта касілі, снапы цягалі. Мне гадоў 13 было, калі пайшла працаваць “учотчыцай” — мерала палі, хто што вывозіў, і налічвала “трудодни”. Напрыклад, за 1 “трудодень” — 25 сотак зямлі. Зарплата была не грашыма — пару мяшкоў збожжа. Пазней ставілі брыгадзірам — але не пайшла, трэба было гадаваць малодшых… мама рана памерла.

— Унукі мае, часта распытваюць пра тое, як мы раней жылі, — гаворыць бабуля. — Я ім расказваю, як мая матуля, і ў 5 гадоў ужо і я, хлеб пяклі. Замешвалі ў дзяжы цеста на заквасцы, ноч пастаяла і на заўтра ў печ. Абавязкова пяклі на капустным шырокім лісце, які клалі на спецыяльную драўляную рыдлёўку і ў печ.

Расказваю, як страшна было ў гады вайны, але яе мала помню. Добра ў памяці, як хаваліся. Равок ці схроны (“зямлянка”) бацькі выкапалі за вёскай, схаваліся, а на заўтра немцы выгналі. Хаваліся і ў склепе ў вёсцы Кілбаскі, у Монькаўцах. Было страшна ад гулу самалётаў, якія ляталі вельмі нізка над галавой, побач была пераправа і амаль кожны дзень яе ўзрывалі. Жылі бедна, са скляпоў усё пакралі, таму ранняй вясной варылі “вітамінны” суп з крапівы і з вяршкоў лебяды, памятаю, як з цукровых буракоў выраблялі цукар, у хлеб мох дабаўлялі, жытнёвыя каласкі збіралі ў полі за школай, каб трохі намалоць мукі, пазней хадзілі грабаць “боткі” (сасновыя іголкі), каб каровам падсцілаць. І выжывалі, бо былі вельмі працавітымі і беражлівымі, дапамагалі адзін аднаму.

Пасля замужжа ў мяне былі адзіныя белыя басаножкі, на якія я збірала вельмі доўга грошы, абувала іх толькі ўжо калі прыязджала ў Гродна, а да Гродна несла за пазухай, каб даўжэй паслужылі. Чысціла пашкоджанні на іх зубной пастай і клала зноў у шафу.

Цяпер дываны, некалі з любоўю вытканыя Ірынай Іосіфаўнай,
беражліва будуць захоўваць
работнікі культуры.

Рэчы першай неабходнасці

Ірына Іосіфаўна расказвае, што ткацтвам займалася ўсё жыццё з самага дзяцінства і навучылася ад маці, і паказвае нам дываны, ручнікі, посцілкі, воўну, пакулю з канаплі, з якой вілі вяроўкі, карункі — усе рэчы, што ўжо сабрала для музея.

— Раней гэта былі рэчы першай неабходнасці. Ручнікамі выціраліся, вешалі на сцены каля абраза. З імі ж былі звязаны ўсе важныя абрады ў жыцці. Калі я выходзіла замуж у 24 гады, то павінна была толькі для вяселля саткаць і вышыць 4 ручнікі для дружбантаў, 4 — братам, свату і маршалку, не кажучы ўжо пра пасаг маладой, які я з 12 гадоў рыхтавала і складвала ў куфар. Як прыйдуць ад маладога дружбанты (сябры маладога) за маладой, то трэба кожнаму прычапіць ручнікі. Вось з гэтым ручніком з вышыванымі кветкамі я брала шлюб у вёсцы Адамавічы, а пасля ён вісеў заўсёды на сцяне каля іконы, а вось гэтыя — больш прасцейшыя — тканае палатно і карункі — для дружбантаў. І такое прыгожае вяселле было! — захапляецца Ірына Іосіфаўна.

Нам вельмі пашчасціла, бо ўсе гэтыя ручнікі мы атрымалі ў дар музею.

— Пасаг складаўся з адзення, пасцельнай бялізны, дываноў, посуду і прылад працы, — успамінае маладосць жанчына. — У канцы вяселля пад жартоўныя песні перавозіўся гасцямі з боку нявесты (маладой) у дом жаніха (маладога). Пры перавозе змяшчаўся ў куфар, але часцей за ўсё рэчы закручваліся ў прыгожы дыван. Таксама нявеста забірала з сабой і ткацкія прылады: калаўрот, прасніцу, верацёны, церніцу, качалку, трапалку і кросны.

Наша суразмоўца расказала, што ўжо з сямі гадоў яна вязала кручком і пруткамі шкарпэткі, рукавічкі, спадніцы, спачатку мама дазваляла толькі прасці, а калі захварэла моцна, то навучыла ткаць.

Паказала ткачыха невялікі фрагмент той самай першай спадніцы, якую яна сама саткала. “Спадніцу раней у нас называлі “камэля” ці “камэлёва спадніца”, а мужчынскі касцюм — “андарак” ці “летнік” (піджак).

Паводле слоў майстрыцы, “у сваты” абавязкова неслі хлеб, загорнуты ў ручнік. А на хрэсьбіны ў ручнік ці абрус заварочвалі грошы, падораныя дзіцяці. Два абрусы, якімі яна засцілала на свята сталы, таксама былі перададзены ў музей.

— Вось гэты, жоўты доўгі дыван, я ткала яшчэ дзеўкай, але не даткала, не хапіла ніцяў. Фарбу для воўны куплялі ў Гродна на вуліцы Віленскай, на рагу. Якіх толькі колераў не было ў той жанчыны! Усе свае дываны я пазначала, так вучыла мяне маці. Вось, вы бачыце: пазначаны год 1960, у якім я яго ткала і ініцыялы І.М. — Ірына Малышка (маё дзявочае прозвішча). Я таксама з задавальненем іх вам падару, — усміхаецца Ірына Іосіфаўна.

Захаваць старое і паказаць, як карысталіся прыладамі

Самыя важныя турыстычныя “атракцыёны” (прабачце за гэтае слова, але на маю думку, яно вельмі важкае зараз у прымяненні да турыстычнай дзейнасці работнікаў культуры) у хуткім часе будуць дэманстравацца ў музейнай экспазіцыі пад новай назвай “Код памяці” ў вёсцы Зарачанка. Ткацкі варштат з бёрдамі, нічальніцамі, чаўнаком ці цэўкай, прылады працы для ўборкі і апрацоўкі ўраджаю: палка-сухаватка, саха, плуг, барана, гаршкі, кошыкі, дзяжа і іншыя прылады працы гаспадара і гаспадыні будуць не только распавядаць турыстам пра сваё прызначэнне ў гаспадарцы, пра гатоўку ежы і хлеба, але ў першую чаргу і падчас інтэрактыўных праграм работнікі культуры пакажуць, як імі карысталіся. Гэта больш зацікавіць прыезджых, чым самі экспанаты.

Людзі з нашых вёсак думаюць, што ў час наступу сучаснай культуры няма сэнсу паказваць беднае вясковае жыццё, старыя прылады працы, якія валяліся на гарышчы, ці пажоўклыя, у плямы ручнікі, ці пабітыя ў дзіры дываны. Аднак жыццё на вёсцы можна паказваць турыстам як культурную каштоўнасць. Хаця многія прылады працы наводзяць людзей на сумныя ўспаміны, бо звязаныя яны з цяжкай працай у полі або дома.

А мы будзем паказваць іх як музейныя экспанаты і расказваць пра іх сапраўдныя гісторыі з жыцця нашых продкаў.

Нам вельмі спадабалася ў гасцях у Ірыны Іосіфаўны. Мы нібыта акунуліся ў гістарычныя часы мінулага. Галоўным у жыцці для гаспадыні заўсёды была праца, таму што час быў цяжкі, хацелася, каб у дзяцей было ўсё не горш за іншых, а для гэтага патрэбна было ўмець усё рабіць і шмат працаваць.

Ірына Іосіфаўна Бернатовіч — цудоўная жанчына, душэўная суразмоўца. Дзякуй вам за памяць і свой дзявочы пасаг, які зойме дастойнае месца ў нашым музеі.

Наталля РАМАНОВІЧ,

вядучы метадыст ДУК “Гродзенскі раённы культурна- інфармацыйны цэнтр”

Фота аўтара

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.10.2020 15:04:16

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.