::
2020.08.22 — “Котчынская кадрыля”: брэнд Мастоўскага раёна / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
“Котчынская кадрыля”: брэнд Мастоўскага раёна
Спасылка
Дата публікацыі
22.08.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Апошнім часам вёска Котчына Мастоўскага раёна стала вядомай не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і за яе межамі, дзякуючы яскраваму мясцоваму танцу “Котчынская кадрыля”. Гэты мясцовы своеасаблівы танец спакон веку мясцовыя жыхары, як кажуць, перадавалі з нагі ў нагу. Але ж з цягам часу вёска састарэла, моладзь з’ехала, клуб закрылі… Можа, і зніклі б скокі з адметным мясцовым каларытам, калі б не перавандравала традыцыя ў суседнія Вялікія Азёркі.

 

/i/content/pi/cult/812/17407/013.jpgСельскі клуб “Азёркі” пераняў котчынскую кадрылю і цяпер удзельнікі фальклорнай групы “Вытокі” і дзіцячы фальклорны гурт “Крынічка” танчаць яе на розных вясковых святах, абрадах, мерапрыемствах і нават фэстах, паведамляюць з Мастоўскага раённага цэнтра культуры.

Котчынская кадрыля, сярод іншых беларускіх танцаў, на першы погляд вылучаецца простым характарам выканання, але з мудрагелістымі пераходамі. Выконваецца яна заўсёды выразна, весела, задорліва, зладжана, з іскрыстым народным гумарам. У кадрылі некалькі частак — кален, кожнае мае сваю назву, мелодыю, пэўны парадак рухаў. Кадрыль танчаць шэсць, а часам і больш пар.

У 1960 годзе дырэктар Котчынскага Дома культуры Марыя Калбасенкава прысутнічала на хрысцінах дачкі Яўгеніі Брыгадзір — Ларысы. Там яна і ўбачыла гэты танец, які ёй вельмі спадабаўся, і яна вырашыла стварыць пры клубе танцавальны калектыў.

Ужо ў 1969 годзе Котчынская кадрыля пачала занава жыць і была прадэманстравана на занальным фальклорным аглядзе. З таго часу калектыў неаднаразова прымаў удзел як у раённых, так і ў абласных мерапрыемствах, аглядах. А ў 1971 годзе ў вёску Котчына прыехалі вядомы харэограф Іван Хвораст, пісьменнікі Арсеній Ліс, Янка Брыль, Мікола Аўрамчык. Яны зрабілі апісанне танца і змясцілі яго ў кнізе “Беларускія танцы”.

Раней у кадрылі было 24 элементы і доўжылася яна больш за гадзіну. Але ў 1970 годзе, падчас абласнога агляду фальклору, удзельнікаў папрасілі выступіць на тэлебачанн і пасля гэтага народныя скокі скарацілі ўдвая.

Вельмі цікава назіраць, калі котчынскую кадрылю танчаць на фэстах трыма складамі. Кожная пара-ўдзельніца па чарзе паўтарае рухі па прынцыпе “ўсе за ўсімі”. Танцавальныя фігуры адасабляюцца адна ад адной музычнымі паўзамі: “Мышка”, “Полька”. Іх колькасць можа быць большай ці меншай, у залежнасці ад фармату свята. Спачатку саліруе асноўны (дарослы) склад калектыву. Затым уступаюць старшакласнікі, а завяршаюць кадрылю самыя маленькія ўдзельнікі. Назіраць за дзеяй, здаецца, можна бясконца, а ногі самі рвуцца ў скокі.

21 верасня 2010 года Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як узор нематэрыяльнай культуры з катэгорыяй каштоўнасці “А” (гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя).

Котчынскую кадрыль адрадзілі ў новых пакаленнях. Дзіцячы фальклорны гурт “Крынічка” вывучыў гісторыю ўзнікнення танца і сам танец.

Дзеці з захапленнем выконваюць танец. Яны весела і жыва ў парах з дарослымі танчаць на святах, абласных фестывалях фальклору, аглядах-конкурсах народнай творчасці. “Котчынскую кадрылю” танцуюць і шматлікія сямейныя дынастыі.

Мясцовы танцавальны стыль пастаянна дэманструецца на розных святах, канцэртах і іншых мерапрыемствах абласнога, раённага і іншага ўзроўню. Неаднаразова Беларускае тэлебачанне запісвала фальклорныя праграмы з беларускімі песнямі нашай мясцовасці, паказвала і знакаміты танец ў выкананні трох пакаленняў.

Штогод у вёсцы Вялікія Азёркі ладзіцца фальклорнае свята “Па сцежках спадчыны”, дзе заўсёды выконваецца, безумоўна, і “Котчынская кадрыля”.

Адным словам, танец “Котчынская кадрыля” жыве і ўжо доўгі час з’яўляецца брэндам Мастоўскага раёна. Сёння яго развучвае ўжо шостае пакаленне. Ад старэйшых жыхароў вёскі задорны танец пераходзіць да іх дзяцей. Дзеці ў сваю чаргу сталі больш цікавіцца спадчынай свайго роднага краю: з ахвотай спяваюць беларускія народныя песні, ведаюць і танцуюць беларускія народныя танцы, у іх больш яскрава пачалі развівацца артыстычныя здольнасці. Бо праз танец яны могуць дакрануцца да духоўнай спадчыны, да народных традыцый і звычаяў беларусаў.

СМІ
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.10.2020 15:04:24

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.