::
2020.09.05 — Тоесны сімвал Беларусі / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Тоесны сімвал Беларусі
Спасылка
Дата публікацыі
05.09.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Для мяне, беларуса, хлеб — гэта сімвал самой Беларусі. Хлеб і Васілёчак у жыце заўсёды растуць побач, радуючы мае вочы і сэрца. Нас з дзяцінства прывучаюць да беражлівых адносінаў да адной з самых галоўных святынь — хлеба. Нездарма паэты яго параўноўваюць з жыццём і сонцам.

 

/i/content/pi/cult/814/17451/23.jpgХрумсткая скарыначка і непаўторны водар нікога не могуць пакінуць абыякавым. Іншага больш значнага сімвала ў жыцці чалавека, чым хлеб, не існуе. Аб ім напісана шмат вершаў, апавяданняў, кніг, казак. Складзена безліч загадак, прыказак, прымавак.

Хлеб з’яўляецца святым атрыбутам дастатку, залогам дабрабыту і асацыіруецца з карпатлівай і нялёгкай працай. Для продкаў ён з’яўляўся сімвалам зямлі: яго не рэзалі, а разломлівалі рукамі. Казалі: “Хлеб — цар стала”. У старажытнасці славяне клалі хлебныя каўрыгі перад абразамі. У полі збожжа для пасеваў маглі выносіць толькі мужчыны.

Традыцыя сустракаць дарагіх гасцей хлебам-соллю сведчыць пра дабрабыт гаспадарскага дома, гасціннасць. Пакаштаваць кавалачак хлеба з соллю азначала ўступіць з гаспадарамі ў сяброўскія, зычлівыя адносіны, падзяліць пароўну ўсе нягоды і клопаты. Калі хтосьці некалі прыходзіў у госці і заставаў гаспадароў за ядой, то не казалі “смачна есці”, а “хлеб ды соль вашаму дому”.

Хлеб, спечаны на Каляды, ніколі не заплеснявее. Продкі лічылі: перевёрнуты хлеб скарынкай уніз прывядзе да няўдачы. Ні ў якім разе нельга было пакідаць пачаты кавалак недаедзеным. У калядныя святы ў кожнай хаце ў куце пад абразамі ставілі вялікі ячменны або аўсяны сноп, знак урадлівасці і сімвал падзякі будучаму ўраджаю.

У нашых продкаў існавала традыцыя выпякаць хлеб у форме кальца. Праз адтуліну гэтага абярэга глядзелі на людзей, абараняючы сябе ад сурокаў.

Ні адно сватаўство не абыходзілася без хлеба. З караваем і соллю на ручніку сустракалі маладых з вянчання. Каўрыгу выкарыстоўвалі ў якасці абярэга, абклаўшы вакол нованароджанага ў калысцы.

Хлеб выкарыстоўвалі таксама пры абрадзе наваселля. У новы дом на ноч упускалі ката або пеўня, затым заносілі святы абраз і каўрыгу.

Смяяцца з хлеба лічылася вялікім грахом, а нядбайнае стаўленне нават да хлебных крошак магло прывесці да недахопу грошай і голаду. Пакінуць надкушаным кавалак хлеба пагражала стратай шчасця і сілы.

З хлебам праводзілі на фронт і сустракалі з вайны. Памінкі таксама не абыходзіліся без хлеба, якім паміналі памерлага.

Для таго, каб мы кожны дзень на сваім стале мелі духмяны хлеб, ад ранку да позняга вечара працуюць не пакладаючы рук хлебаробы. Хвала і пашана ім!

Менавіта таму свята дажынак — адно з самых пачэсных і важных на роднай зямлі!

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 15.10.2020 13:20:24

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.