::
2020.08.15 — Спасаўка-ласаўка, або Пчала на духмяным яблыку / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Спасаўка-ласаўка, або Пчала на духмяным яблыку
Спасылка
Дата публікацыі
15.08.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
14, 19 і 29-га жніўня праваслаўныя святкуюць тры Спасы. У царкоўнай традыцыі гэта святы ў гонар пакутнікаў Макавеяў, Ісуса Хрыста, у беларускай традыцыйнай культуры — па сутнасці, адны з шэрагу святаў новага ўраджаю. Таму даследчыкі часам класіфікуюць іх як урачыстасці восеньскага перыяду традыцыйнага календару. Вялікі, Яблычны, Спас — на гэтым тыдні, 19 жніўня. Асвячаюць яблыкі, а таксама іншую садавіну. У народнай культуры ўжыванне яблыкаў, грушаў, агрэсту, струкавай гародніны да свята забаронена. Яшчэ асвячаюць нядаўна выпампаваны мёд. У некаторых мясцовасцях Падзвіння гэты Спас нават завуць Мядовым.

 

14 жніўня — першы Спас

Аднак найбольш урачыста і масава мёд асвячаюць на першы Спас, 14 жніўня, завуць яго Мядовым ці Макавым (Макавеем). Апошняя — гэта народнае пераасэнсаванне царкоўнай назвы свята старазапаветных пакутнікаў Макавеяў. Мёд да гэтага дня забіралі ў пчол апошні раз за сезон. Імкнуліся да свята выбраць цыбулю, лічылася, што пасля Спаса яна “пойдзе расці ў корань, а не ў галоўкі”. На першы Спас, акрамя садавіны і мёду, асвячаюць яшчэ насенне маку, гародніну, кветкі, лекавыя зёлкі, жыта, ваду.

На Гродзеншчыне да святкавання Мядовага Спаса далучаюцца католікі, хаця ў кананічным касцёльным календары такога свята няма.

/i/content/pi/cult/811/17392/12_1.jpg

Мак, асвечаны на першы Спас, круглы год выкарыстоўваўся ў гаспадарчай магіі: яго сыпалі ў калодзеж дзеля выклікання дажджу, на Купалу бараніліся ад ведзьмаў, рабілі лекі. Дапамагаў асвечаны мак і ад сурокаў, калі ўзяць трошку сабе ў кішэню ці абсыпаць карову. На Міншчыне запісаны аповеды пра варажбу на Макавея з дапамогай маку ці канапель: абсыпалі калодзеж, прыгаворваючы: “Макавею, Макавею, я табе канапельку сею, судзі, Божа, знаць, з кім буду век дажываць”.

Верылі і ў гаючыя ўласцівасці асвечанай на першы Спас вады. У вёсцы Фалькі Вілейскага раёна зафіксаваны звесткі, што такую ваду давалі дзецям ад спуду.

19 жніўня — Вялікі Спас

Другі Спас у царкоўнай тэрмінаогіі - свята праабражэння госпада Бога і збавіцеля Ісуса Хрыста. Аналагічнае свята адзначаюць католікі 6 жніўня - перамяненне Пана.

Да Другога Спаса імкнуліся скончыць жніво, таму асвячалі зерне новага ўраджаю. Жыта маглі асвячаць таксама на першы і трэці Спас. Свянцонае зерне трэба было дадаць у насенне, верылі, што гэта спрыяе добраму ўраджаю налета.

Асвячэнне яблыкаў на Вялікі Спас — адна з найбольш трывалых народных традыцый, шырока распаўсюджаная і сёння. Цікава, што ў выпадку, калі царква далёка, яблыкі маглі проста пакласці на страху, верачы, што яны такім чынам асвячаюцца. Гэту практыку падтрымліваюць праваслаўныя святары: “Бацюшка гаворыць, што ён ужо, як сьвеця, кругом цэрквы ходзя і сьвеця, значыць, па ўсяму сьвету ета ўжо сьвяшчэннае расходзіцца — і яблыкі пасьвецяцца” (распавялі ў вёсцы Акцяброва Кармянскага раёна). Падобная практыка асвяшчэння ежы на вольным паветры сустракаецца і на Вялікдзень. Праўда, трэба, каб прадукты пераночылі пад небам. Магчыма, таму, што найбольш урачыстая велікодная служба — усяночная.

/i/content/pi/cult/811/17392/12_2.jpg

Частку асвечанай ежы, асабліва яблыкі, носяць на могілкі ці ахвяруюць на прошчах. Сувязь з культам памерлых прасочваецца і ў асабліва строгай забароне каштаваць яблыкі да Спаса для жанчын, у якіх паміралі малыя дзеці. Верылі, што калі маці на гэтым свеце з’есці яблык, то на тым Бог “не дась дзіцяці з яблыкам пагуляць”.

Па надвор’і на Другі Спас меркавалі, якой будзе восень: калі сонечна — будзе суха, калі додждж — мокра. Лічылася, што Спас — гэта час адлёту буслоў: калі птушкі адлятаюць за тыдзень да свята, то зіма будзе ранняя і марозная, затое вясна цёплая; калі адлятаюць ужо пасля Спаса —то зіма будзе позняя, а вясна халодная. Пасля Яблычнага Спаса пачыналі збіраць журавіны, брусніцы, арэхі. Казалі “Прыйшоў Спас — пайшло лета ад нас”.

29 жніўня — трэці Спас

У праваслаўнай царкоўнай традыцыі гэта свята ў гонар перанясення вобраза Ісуса, які адлюстраваўся на палатне пасля ўцірання ім твара (“Спас нерукатворны”) з Эдэсы ў Канстанцінопаль у 944 г. У народзе свята маглі зваць Малы, Арэхавы, Хлебны, Льняны Спас. Асвячалі арэхі, жыта, у лакальных традыцыях - гародніну і кветкі. Нездарма гэты Спас завецца Малым: ён часта праходзіў амаль незаўважаным, бо яму папярэднічала вялікае свята — Прачыстая 28 жніўня. Трэці Спас — гэта хутчэй прысвятак, які мог быць істотны ў пэўных мясцінах, але не адзначаўся шырока паўсюдна.

Шанаванне крыніцы

На Спас прыпадае пік масавага наведвання крыніц, якое мае даўнія традыцыі. Наведванне на Вадохрышча, так папулярнае сёння, можа быць ініцыявана праваслаўнай царквой адносна нядаўна. Акрамя звычайных ахвяраў (грошы, тэкстыль) на першы Спас ля крыніц пакідаюць кветкі і моркву, а на другі — яблыкі.

Адно з найбольш масавых паломніцтваў да крыніцы адбываецца ля адселенай вёскі Кліны Слаўгарадскага раёна на другі Спас: прыязджае ад 20 да 30 тысяч чалавек. На працягу года, асабліва ўлетку, туды таксама едуць людзі. У 2013 г. шанаванню крыніцы нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі (Інвентар нематэрыяльнай спадчыны вядзецца ў адпаведнасці з Канвенцыяй UNESCO 2003 г., ратыфікаванай Беларуссю ў 2006-м).

/i/content/pi/cult/811/17392/12_3.jpg

Акрамя афіцыйнай, “Блакітная крыніца”, у народных гаворках сустракаюцца назвы “Сіні калодзеж”, “Клінаўская крыніца” (па назве вёскі, якая была побач), “Макавееўская крыніца” (па мясцовай назве Другога Спаса). Найбольш старажытная з іх, зафіксаваная ў 1891 г. этнографам Еўдакімам Раманавым, — “Сіні калодзеж” - дакладна перадае галоўную асаблівасць аб’екта: вада падымаецца з зямлі па шахце, глыбіня якой так дакладна і не вымерана. Вада ў крыніцы вельмі халодная, каля 8 градусаў. Лічыцца, што ручай, які ўтварае крыніца, трэба перайсці 3 разы (сустракаюцца таксама звесткі пра неабходнасць здзейсніць 7 ці 40 пераходаў), што спрыяе пазбаўленню ад хвароб.

Першая пісьмовая фіксацыя расповедаў пра крыніцу таксама выдадзена ў 1891 г. Раманавым. Легенды і былічкі можна і сёння пачуць ад паломнікаў. Гэта той рэдкі выпадак, калі расповед, зафіксаваны 100 год таму, можна запісаць і сёння ў амаль нязменным выглядзе. Узнікаюць і новыя сюжэты, звязаныя з сучасным жыццём. Неабходна збіраць розныя варыянты легенд пра паходжанне крыніцы, гісторыі ацалення на ёй і аповеды пра містычныя выпадкі, звязаныя з вадаёмам, ад жыхароў Слаўгарадскага раёна і паломнікаў. Гэтым займаюцца Слаўгарадскі краязнаўчы музей і Дом рамёстваў.

/i/content/pi/cult/811/17392/12_4.jpg

Паломнікі прыязджаюць ужо напярэдадні свята, 13 жніўня, некаторыя застаюцца ночыць. Праходзіць некалькі службаў у капліцы ля вады, на сам першы Спас ранкам 14 жніўня — хросны ход і асвячэнне ежы. Паломнікі пераходзяць ручай, утвораны крыніцай, бяруць са дна гліну і каменьчыкі, верачы ў іх лекавальныя магчымасці, акунаюцца ў ваду, прысланяюцца да валуна побач, завязваюць на дрэвы стужачкі — традыцыйныя практыкі (пераход) суседнічаюць з адносна і зусім новымі (у Блакітную крыніцу не прынята было акунацца, хаця для іншых вадаёмаў такая практыка можа быць характэрнай). Дзейнічае вялікі кірмаш.

Паломніцтва на першы Спас праходзіць да крыніцы між вёскамі Дарасіно і Радуга Любанскага раёна, а да крыніцы ў вёсцы Майскае Бялыніцкага раёна — на Яблычны Спас.

На ўсе тры Спасы часта ладзілі кірмашы. 14 — 28 жніўня праваслаўныя трымаюць Успенскі пост. Ён атрымаў назву па свяце Успення Багародзіцы, якое адзначаюць 28 жніўня, але прыпадае акурат на перыяд між Спасамі. На Успенне (завуць яшчэ Першая Прачыстая) таксама асвячаюць у храмах плады новага ўраджаю. Такім чынам, Прачыстыя працягваюць шэраг “ураджайных” свят.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Фота аўтара

Фотаздымкі зроблены аўтаркай падчас першага Спаса, 14 жніўня 2017 года, на крыніцы “Сіні калодзеж” у Слаўгарадскім раёне.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 15.10.2020 14:54:30

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.