::
2020.08.29 — Успенне: свята ўраджаю між летам і восенню / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Успенне: свята ўраджаю між летам і восенню
Спасылка
Дата публікацыі
29.08.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
28 жніўня праваслаўныя святкавалі Успенне. Католікі адзначылі гэта свята 15 жніўня, у іх яно завецца “Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі”. У народнай тэрміналогіі дзень мае розныя назвы, а яго сімволіка — свята ўраджаю і рубеж між летам і восенню.

 

/i/content/pi/cult/813/17432/20.jpgУспенне, Прачыстая, Спажа, Зельная…

Праваслаўная царква і каталіцкі касцёл адзначаюць смерць Божай Маці і ўзяцце (успенне) яе на неба. У гэты дзень у царкве свецяць плады новага ўраджаю, збожжа, гародніну. Прыносяць свяціць таксама хлеб, лён, яблыкі, кветкі і зёлкі (адсюль назвы “Зялёная”, “Зельная”, “Зельніца”). Такім чынам Успенне трапляе ў шэраг “святаў ураджаю”, распачаты Спасамі (пра іх можна пачытаць у № 33 “К” за 15 жніўня) і часам у народнай свядомасці атаясамліваецца з Трэцім (Малым, Арэхавым, Хлебным, Льняным) Спасам, які адзначаюць 29 жніўня.

На Успенне маглі свяціць не проста жыта, а апошні сноп, зернем з якога пасля свята засявалі.

Царкоўная назва “Успенне” (“Успленне”, “Спленне”) у народнай этымалогіі можа тлумачыцца тым, што да гэтага дня спеюць плады і яравая збажына. Гэта адно са святаў, што адзначае каляндарны рубеж, наступленне восені.

Успенне пад назвамі “Першая (Бальшая, Вялікая) Прачыстая”, “Вялікая Спажа” і “Святок” выступае ў звязцы са святам 21 верасня, якое мае кананічную назву “Раство Маці Божай” і народныя найменні “Багач”, “Малая (Меншая, Другая) Прачыстая”, “Другі святок”, “Спожка”. Гэтыя два святы разам з Пакровамі (праваслаўныя адзначаюць 14 кастрычніка) утвараюць “багародзіцкія святкі”. У Беларусі распаўсюджана ўяўленне, што паміж дзьвюма Прачыстымі павінна прайсці Рабінавая ноч (моцная залева з маланкай). Назву “Прачыстая” народная этымалогія суадносіць з чысцінёй поля, з якога прыбіраюць ураджай. Дзе-нідзе лічылася, што да Другой Прачыстай трэба пакапаць бульбу, а ў некаторых мясцінах, наадварот, да гэтага дня бульбу не чапалі.

Для свята 28 жніўня сустракаюцца таксама назвы “Багародзіца”, “Гаспажа”, “Аспажа”.

Што ў народзе кажуць і пяюць

Традыцыйныя ўяўленні пра каляндар яскрава адлюстроўваюць прыказкі і прымаўкі:

“Прыйшло Успленне — лісце па калене”;

“Прыйшла Зелна — то і лістоў поўна земля”;

“Свята Прачыста — поле ўрачыста”;

“Прыйшла Прачыста — стала поле чыста”;

“Прыйшла Прачыстая — усё абчысціла”;

“Прачыстая прынясе хлеба чыстага”;

“Спажа — хлеба дзяжа”;

“Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці”;

“Прачыстая на восець носіць”;

“Да Святка араць — лішнюю капу нажаць” (пра імкненне пачаць сеяць азімыя да Успення);

“Успленне — ці гатова насенне?”;

“Прыйшла Прачыстая — зусім паціснула” (пра подых восені);

“Успленне — цягні бульбу за карэнне”;

“Сплэнне — хопай копанку і бэжы копаць картошку спозаранку”;

“Больша Прачыста снапкі падаець, Менша Прачыста снапкі складаець”;

“Прачыстая Большая жыта свенціць, засяваець, а Меншая памагаець”.

Спецыяльных песень на Успенне няма, але свята згадваецца ў валачобных песнях, якія выконвалі на Вялікдзень. У шэрагу тэкстаў сустракаецца пералік усіх святаў гадавога кола, якія прыходзяць да гаспадара ў двор. Што ж там пяецца пра Успенне?

“Прачыстая на восець носіць”;

“Святая прачыстая папары мяшаець і жыта засяваець, а другая ёй памагаець” (мяняюцца месцамі землі, што былі засеянныя і пуставалі “пад парам”, пачынаецца сяўба азімых культур);

“Прачыстая большая жыта свенціць, засяваець, а меншая памагаець”;

“Прачыстая засяваець правай ручкай. Рэдка кінець — густа будзець, да й граніста, каласіста”;

“Больша прачыстая снапкі падаець, менша прачыстая снапкі складаіць, а святы Пакроў стагі ўкрываіць”;

“Святая прачыстая са прысеўкамі, са прысеўкамі са асенскімі, са асенскімі, са аржанымі”.

Як святкуюць

Напярэдадні свята сканчваецца Успенскі пост. Яго народыя назвы таксама паказваюць на шчыльную сувязь Успення са Спасам: “Спасаўка”, “Спажынка”, “Спа совчаны пост”, “Спажын пост”. Сустракалася павер’е, што пасля Успення наступае “маладое бабскае лета” (да свята Галавасек, якое адзначалі 11 верасня).

У гонар Успення асвечаныя шматлікія беларускія храмы. На гэта свята наведваюць некаторыя прошчы, у тым ліку ўрочышча Грушка ў Камянецкім раёне. На полі непадалёк ад вёсак Бушмічы і Вярховічы расце старая груша, да якой нясуць ахвяраванні: павязваюць на галінкі стужкі, а побач стаяць крыжы, якія таксама ўпрыгожваюць стужкамі, жывымі і штучнымі кветкамі. Кожная такая ахвяра робіцца з просьбай аб здароўі. Што цікава, прасіць можна як за сябе, сваю сям’ю, так і за працоўны калектыў. Ва ўрочышчы можна пабачыць крыжы ад работнікаў будаўнічага трэста, калгаса, установы культуры, сяброў моладзевага грамадскага аб’яднання…

Па легендзе, каля грушы, што была папярэдніцай цяперашняй, прыкладна ў пачатку ХХ стагоддзя явілася Багародзіца. З таго часу ва ўрочышча сталі хадзіць жыхары навакольных вёсак. Сёння грушка вядомая далёка за межамі Камянецкага раёна. У савецкі час грушу ссеклі, а шанаванне святыні перапынялася. Распавядаюць, што людзі, якія секлі дрэва, хутка памерлі. А тыя, хто не пагадзіўся гэтага рабіць нават пад пагрозай звальнення з калгаса, сталіся доўгажыхарамі. Ссечаная груша пусціла расток, яе шанаванне было адноўлена ў 1990-х. Некалькі гадоў таму ва ўрочышчы пабудаваная капліца. Паломніцтва адбываецца на працягу ўсяго года, але найбольш людзей прыязджае да грушкі на Успенне.

Што робяць з успенскай зелянінай

Грушы з шанаванага дрэва ў Камянецкім раёне можна есці, яго лісткі захоўваюць як абярэг (напрыклад, у пашпарце). Кветкі і зёлкі, асвечаныя на Успенне, на працягу года выкарыстоўваюць у рэцэптах народнай медыцыны. У Стаўбцоўскім і Уздзенскім раёнах сустракаюцца звесткі, што ўспенскія зёлкі клалі ў падушку нябожчыку. Асвячэнне лекавых зёлак больш характэрна для беларусаў-католікаў.

Падляшскія (польскія) беларусы на зажынках (звычай, звязаны з пачаткам жніва — Заўв. рэд.)робяць “квітку”: нешта кшталту букета з каласоў. Яго ўпрыгожваюць і на Успенне асвячаюць. Зажынкавую “квітку” захоўвалі на покуці, а калі ехалі засяваць, то ці бралі з яе зерне, ці сімвалічна “саджалі” ў зямлю на полі. У заходнепалескіх гаворках “квітка” — гэта і звычайная кветка, і сноп, што стаяў на покуці на Каляды, і букет, які асвячалі на розныя святы ў царкве. У Камянецкім раёне “квітку” з палявых кветак і зёлак у большасці вёсак, і праваслаўных, і каталіцкіх, асвячаюць на Зелянец (другі чацвер пасля Тройцы, звычайна прыпадае на чэрвень). Але, напрыклад, у вёсцы Баршчэва гэты звычай “пераехаў” на дзень святога Ануфрыя (25 чэрвеня), бо яму прысвечана мясцовая царква. У вёсцы Пелішча на Зелянец свецяць “квітку” з палявых кветак, а на Успенне — з садовых, бо гэта “квяты Маткі Боскай”. Квітка год вісіць ля ўвахода ў хату, пры патрэбе ёй лякуюцца, падкурваючыся, апырскваюць маладых на вяселлі, кладуць у труну нябожчыку. Праз год квітку ці спальваюць, ці працягваюць захоўваць, пакуль нехта ў сям’і не памрэ, каб пакласці ў труну. Пераноснае значэнне слова на Заходнім Палессі — канец, вянец: “Дабудавалі хату, усё, квітка!” У той жа час, па расповедах з вёскі Вайская Камянецкага раёна, і да скончаннага зруба хаты маглі прымацаваць букет-“квітку”. Хутчэй за ўсё, “квітка” ў абрадавай практыцы пазначае сімвалічны пераход, пачатак ці канец нейкай справы ці каляндарнага перыяду. На Заходнім Палессі так маглі зваць не толькі першы, а і апошні зжаты сноп. У гарадзенскіх гаворках зажыначны сноп завуць “дзед” і “гаспадар”. Гэтыя найменні сустракаюцца на поўнач ад ракі Шчары, то-бок там, дзе “квітка” ўжо не фігуруе.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Фота аўтара

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 15.10.2020 14:54:27

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.