::
2020.10.03 — Карнавал на традыцыйным вяселлі: “падменныя маладыя” і “цыганы” / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Карнавал на традыцыйным вяселлі: “падменныя маладыя” і “цыганы”
Спасылка
Дата публікацыі
03.10.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Восень — пара вяселляў. У беларускай вёсцы яны пачыналіся ад Пакроваў, 14 кастрычніка, калі ўраджай быў прыбраны з поля, сельскагаспадарчыя працы сканчваліся, а запасаў ежы хапала, каб накарміць вялікую колькасць гасцей. “Вялікая Вясельніца” доўжылася месяц і завяршалася 15 лістапада, з пачаткам перадкаляднага Піліпаўскага посту. У наш час большасць пар жэніцца ўлетку і ў верасні, часам захоўваючы некаторыя даўнія вясельныя звычаі.

 

/i/content/pi/cult/818/17513/17.jpgСвята Пакровы як пачатак “вясельнага сезона”

Па беларускіх павер’ях на Пакровы выпадаў снег, таму ўсе працы на полі (збор ураджаю, сяўба азімых) павінны былі быць да гэтага дня скончаны. І вось, маючы больш вольнага часу, чым улетку, калі “дзень год корміць”, сяляне пачыналі займацца ўладкаваннем асабістага жыцця. Дзяўчаты маліліся да Божай Маці, каб пакрыла іх галаву вясельным вянком ці жаночым галаўным уборам, як пакрывае зямлю снегам: “Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку вяночкам”; “Святы Пакроў, пакрыў ты траву лісцем, зямлю снегам, пакрый жа ты і мяне, маладу, чапцом!” Тут вобраз Маці Божай зліваецца з персаніфікаваным вобразам прысвечанага ёй свята. Па праваслаўным царкоўным паданні, свята Пакроваў Багародзіцы ўсталявана ў гонар выратавання Канстанцінопаля ад сарацынаў у 910 годзе. Калі вернікі маліліся аб перамозе над ворагам у храме, святы Андрэй пабачыў Маці Божую, якая пакрывала хрысціян сваім амафорам (пакровам).

У вёсцы Панізоўе Руднянскага раёна, на мяжы Смаленшчыны з Віцебшчынай, даследчыца з Санкт-Пецербурга Марына Уласава запісала ўспаміны пра гульню ў маладых (нявест) на Пакровы. Дзяўчаты-падлеткі плялі вянок з кляновага лісця. Ззаду, таксама з лісця, мацавалі нешта кшталту касы ніжэй за пояс. Магчыма, гэта аналаг вэлюму. “Нявеста” ў вянку кланялася “свекрыві” з прымаўкамі. Напрыклад: “Вставай, свекрова счастливая, встречай невесту сопливую!”

Магчыма, падлеткі так гулялі, таму што бачылі ў гэтую пару вяселлі ў вёсцы, і гэта проста пародыя на “дарослае” жыццё, а магчыма, што гульня мела больш глыбокі сэнс — ініцыяцыі дзяўчат у стан нявест ці абыгрыванне каляндарнага пераходу ад восені да зімы.

/i/content/pi/cult/818/17513/18.jpgРытуальнае пераапрананне ў традыцыйным вяселлі

Пра падрыхтоўку і правядзенне вяселля вядома даволі шмат, элементы традыцыйнай абраднасці можна сустрэць і на сучасных цырымоніях. А вось на завяршэнне вяселля часта забываюцца. Даўней у вёсцы вяселлі маглі доўжыцца ад аднаго дня да цэлага тыдня. Гэта залежала ад мясцовых традыцый і заможнасці бацькоў маладых. Пасля ўласна вяселля да года ці да нараджэння першага дзіцяці мог цягнуцца паслявясельны перыяд, калі завяршаўся пераход маладых у новы, сямейны, статус.

Даволі часта на старых беларускіх вяселлях рабілі пародыю на маладых: як толькі тыя падымаліся з лавы на покуці, іх месца займалі “падменныя маладыя” — мужчына, пераапрануты ў “нявесту” і жанчына-“жаніх”. Звычайна гэта дзея праходзіла ў апошні дзень вяселля і выклікала шмат смеху прысутных, бо “падменныя маладыя” ў гратэскнай форме паўтаралі вясельныя строі і звычаі. Замест вэлюму ў “маладой” магла быць старая ануча, касцюм — брудны і падраны. “Малады” таксама мог быць у старым адзенні. Яны дэманстратыўна цалаваліся, ім, як і сапраўдным маладым, казалі зычанні, але жартоўныя. Калі “маладая” рабіла выгляд, што плача, развітваючыся з бацькоўскім домам, твар ёй выціралі анучай, запэцканай у сажы.

“Падменных маладых” можна сустрэць і на сучасных вяселлях, як сельскіх, так і гарадскіх. Да таго ж, цяперашнія пераапранутыя робяць пародыі на вясельныя звычаі, якія ўвайшлі ў побыт беларусаў адносна нядаўна: напрыклад, кіданне букету маладой, які ловяць незамужнія госці. Гэта відавочны ўплыў амерыканскіх фільмаў пра вяселле. У беларускіх звычаях таксама можна сустрэць “стымуляцыю замужжа” сябровак маладой, але іншымі сродкамі: дзяўчаты танчылі ў вянку нявесты, прасілі яе зачапіць нагой і працягнуць за сабой ручнік, на якім яна стаяла падчас вянчання, кралі кажух, на якім сядзелі маладыя… Праз рэчы, якія мелі кантакт з маладымі, сімвалічна стымуляваліся наступныя шлюбы.

Акрамя “падменных маладых” у канцы вяселля мужчыны маглі пераапранацца ў жанчын і наадварот. Такі абрадавы травестызм, праяву хаосу, “перагорнутага сусвету”, даследчыкі разглядаюць як сімвалічнае зацвярджэнне новай сям’і: каб стварыць нешта новае, трэба разбурыць старое.

Часам пераапраналіся ў “цыганоў”. Яны весялілі прысутных ці ладзілі вэрхал, кралі рэчы і нават жывых курэй (пакідалі сабе ці маладым). Пераапранутымі ў апошні дзень вяселля маглі прыязджаць госці ад маладой да маладога і наадварот. Т. Б. Варфаламеева адзначае, што звычай пераапранання ў “цыганоў” працягвае актыўна бытаваць на Віцебшчыне і ў ХХІ стагоддзі, нават распаўсюджваючыся ў мясціны, дзе яго традыцыйна не было. На Брэстчыне апошні дзень вяселля, калі хадзілі “цыганы”, быў самым любімым: “Трэці дзень — сама інцярэсна свадзьба” (в. Малыя Чучавічы, Лунінецкі р-н). А на Гомельшчыне самі носьбіты традыцый характарызуюць канец вяселля так: “Эта ўсё на юмары, на смеху — балаган эты” (в. Санюкі, Ельскі р-н).

Тры этапы вялікага шляху

Любы пераход, у тым ліку маладых з несямейнага ў сямейны стан, праходзіць тры этапы: “старое” (у нашым выпадку — несямейны статус маладых); хаос, разбурэнне “старога” (уласна пераход); далучэнне да “новага” (у нашым выпадку — сямейны статус маладых). У каляндарных абрадах “старым” і “новым” выступаюць адрэзкі часу: напрыклад, Каляды абыгрываюць наступленне новага гадавога цыкла, а Масленіца — пераход ад зімы да вясны.

Супрацоўніца Акадэміі навук Алена Паўлава тлумачыць: “Вясельны абрад амаль ва ўсіх куточках Беларусі раней складаўся з трох асноўных абрадавых этапаў — давясельны, уласнавясельны і паслявясельны. Трэці этап мог звацца “Цыганы”, “Пярэзвы”, “Куры”, “Частачка”… Калі “афіцыйнае” дзеянне скончана, усе асноўныя абрадавыя моманты выкананы, то можна весяліцца, як кажуць, ад душы. Самая распаўсюджаная назва гэтага абрадавага этапа — “Цыганы”. Госці пераапраналіся ў цыганскія касцюмы, бацькі — у маладых, маладыя — у бацькоў, госці ў іншых дзейных асоб і ладзілі своеасаблівае гумарыстычнае вяселле. Даволі часта мужчыны пераапраналіся ў жаночае адзенне, а жанчыны — наадварот. Мабыць, такую назву абрад атрымаў таму, што цыганы лічыліся народам вясёлым, музычным.

Назва “Куры” гаворыць сама за сябе: вясельныя госці бегалі па вёсцы і збіралі як мага больш курэй, каб зварыць адзін вялікі суп. “Цыганы” таксама хадзілі па хатах, кралі курэй на суп. Калі лавілі куру, яе смалілі і ўпрыгожвалі кветкамі і стужкамі, затым давалі маладому, каб ён яе распрануў, як маладую ў першую шлюбную ноч”.

У вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна гэты звычай так і звалі, “курыца”, і рабілі на трэці дзень вяселля

Рытуальнае пераапрананне і свавольства на вяселлі і падчас каляндарных святаў увасабляла хаос, “перагорнуты сусвет” — этап, неабходны для завяршэння абрада пераходу.

“Цыганы” і “куры” ў калядных і масленічных абрадах

Персанажы Цыган і Цыганка часта сустракаюцца ў складзе калядных гуртоў па ўсёй Беларусі. Як і вясельныя “цыганы” яны могуць што-небудзь красці ці выпрошваць, але не гэта іх асноўная функцыя: яны імкнуцца ў першую чаргу павесяліць гаспадароў. Цыган можа вадзіць Мядзведзя ці Каня. Мядзведзь выконвае каманды кшталту “Пакажы, як гаспадыня ваду нясе!” ці “як бабы з поля ідуць”, няёмка ператупваючыся, чым выклікае агульны смех. Ходзячы з Канём Цыган спрабуе “прадаць” яго гаспадару ці даросламу сыну, калі той ёсць у хаце, і “гандль” праходзіць надзвычай весела. Цыганка можа насіць з сабой ляльку і выпрошваць грошы “на дзіця”, а таксама варажыць, выдаючы смешныя прагнозы. Роля Цыганкі застаецца папулярнай і ў сучасных гарадскіх калядных гуртах.

У Віркаве Клічаўскага раёна дарослы калядны гурт, які абыходзіць вёску 13 студзеня, завецца “цыганы” (“К” пісала пра віркаўскія Каляды ў № 3 за 2018 г.). Акрамя чаканых пад такой назвай персанажаў Цыгана і Цыганкі сярод каляднікаў — Малады з Маладой, Пан з Паненкай і механоша, якога даўней звалі Прыдуркам, а цяпер саромеюцца.

На Масленіцу Цыганка варажыла (Руднянскі раён Смаленшчыны), “цыганы” маглі проста выпрошваць пачастункі (Мсціслаўскі раён), катацца па вёсцы (Буда-Кашалёўскі раён).

У вясельных абрадах курыца можа ўвасабляць дзяўчыну, гатовую да вяселля, маладую, а таксама пладаносны жаночы пачатак (лоўля кур “цыганамі” як сімвалічнае пажаданне дабрабыту маладым). У калядных абрадах “курамі”, “куранятамі” маглі зваць дзяцей, якія здзяйсняюць рытуальны абыход вёскі.

Яшчэ і ў дзяды хадзілі

Па словах жыхаркі Віркава Надзеі Іванаўны Каледзіч, якой цяпер 82 гады, у часы яе маладосці 13 студзеня разам з каляднымі “цыганамі” і “курамі” яшчэ і “ў дзяды хадзілі”: апраналі вывернутыя кажухі, рабілі гарбы, віншавалі гаспадароў і танчылі. Гарбатыя персанажы каляндарных свят увасаблялі “гасцей з таго свету”.

Дзед і Баба выступаюць як парныя персанажы ў многіх абрадах каляндарнага цыкла: жаніцьба Цярэшкі, калядныя пераапрананні, ваджэнне сулы, Купалле. Яны сімвалізуюць продкаў, пра што сведчаць іх імёны і старое адзенне. Сустракалася гэта пара пераапранутых і падчас вясельнага абрада. Вось што запісаў этнограф Казімір Машынскі ў вёсцы Дарашэвічы Мазырскага павета ў 1914 г.: “На трэці, апошні, дзень вяселля госці пераапранаюцца “бабамі”, адзін з іх “дзедам”. Гэтаму апошняму яны робяць бараду з ільняной кудзелі або з саломы і, ходзячы па вёсцы, строяць розныя жарты (“дураць”)”.

Працяг у наступных нумарах

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Фота з архіва аўтара

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 13.10.2020 08:11:18

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.