::
2011.02.12 — Любіць па-беларуску. Ніякіх “зайкаў”! Беларусы спакон вякоў называлі сваіх каханых “ласачкамі”, “зоранькамі”, “бярозкамі” і “анёламі” / СБ. Беларусь сегодня / Советская Белоруссия / Рабочий
Загаловак
Любіць па-беларуску. Ніякіх “зайкаў”! Беларусы спакон вякоў называлі сваіх каханых “ласачкамі”, “зоранькамі”, “бярозкамі” і “анёламі”
Спасылка
Дата публікацыі
12.02.2011
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Як кахалі нашы продкі? Чаму слова “люблю” магло абразіць дзяўчыну, а “шкадую” прывесці ў захапленне? Па якім шаблоне пісаліся любоўныя лісты? І чаму было недапушчальным “крычаць” пра свае пачуцці? Карэспандэнт “НГ” напярэдадні Дня святога Валянціна паглыбілася ў гісторыю беларускага кахання.

Як кахалі нашы продкі? Чаму слова “люблю” магло абразіць дзяўчыну, а “шкадую” прывесці ў захапленне? Па якім шаблоне пісаліся любоўныя лісты? І чаму было недапушчальным “крычаць” пра свае пачуцці? Карэспандэнт “НГ” напярэдадні Дня святога Валянціна паглыбілася ў гісторыю беларускага кахання.

Кахаць ці любіць?

— Для абазначэння сваіх пачуццяў у нашых продкаў было адразу некалькі слоў: любіць, мілаваць, кахаць, — тлумачыць старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы АН Беларусі Алесь Бразгуноў. — У прынцыпе ўсе яны выкарыстоўваліся ў вельмі падобным значэнні. І “любіць”, і “кахаць” у старабеларускай мове значылі адчуваць глыбокую адданасць, прыхільнасць, павагу да кагосьці або чагосьці, а таксама адчуваць прыхільнасць да асобы супрацьлеглага полу. Пазней, у канцы XIX — пачатку XX стагодзя пад уплывам украінскай мовы слова “кахаць” атрымала адно значэнне: мець пэўныя пачуцці да асобы супрацьлеглага полу.
А вось “мілую” — так казалі асобам, да якіх адчувалі вялікую пяшчоту. Дарэчы, у XVII стагоддзі міласцю і называлі тое пачуццё, якое мы сёння называем каханнем.

Кунежыць — гэта як?

Праўда, не ва ўсіх беларускіх вёсках слова “любіць” мела такое станоўчае значэнне. Не дай Бог, каб хтосьці сказаў у кандовых вёсках (дзе найбольш захаваліся старажытыя традыцыі), што хлопец “любіць” дзяўчыну. Горшай абразы для яе і яе бацькоў і чакаць не трэба было! Слова “любіць”, як пісаў Улазімір Караткевіч, азначала любіць па гумнах. Калі ж чалавек з такой вёскі вельмі кахаў жанчыну, то ён яе “шкадаваў”. Цікавае абазначэнне кахання знаходзім у Рыгора Барадуліна — кунежыць.
— Не было такога ў беларускіх вёсках, — тлумачыць Алесь Бразгуноў. — Гэта Барадулін сам прыдумаў, надаўшы старажытнаму слову значэнне, “песціць, душы не чаяць”.

Лось мой ненаглядны

Што да нашых продкаў, то пра сваё каханне яны наогул мала казалі. Не прынята было пра свае пачуцці “крычаць” налева і направа. Толькі ў фальклоры мы бачым, як каханыя звярталіся адзін да аднаго.
Князёўна, багіня, каханенькая, ясачка, міленькая, ласачка, бярозка, ненаглядная, ластаўка легкакрылая, зорачка спагадная, гаспадынька, працаўніца, родненькая называў хлопец дзяўчыну. А яна яго — міленькі, любы, каханы, лось мой, анёл ясны, князюхна, ясакар, гаспадар, галава. Захаваліся да нашых часоў мілосныя вершы XIX стагоддзя, пісьмоўнікі, якімі карысталіся ў XVIII стагоддзі. Гэта былі пэўныя шаблоны, па якіх дзяўчаты пісалі лісты да сваіх каханых. Звычайна пісьмо пачыналася так: “Сяджу за дубовым сталом, пішу залатым пяром...”

Замест пярсцёнка — падушка?

Аднак такія стол і пяро маглі дазволіць сабе толькі багатыя паненкі ды панічы. Вясковыя ж хлопцы і дзяўчаты прызнаваліся ў сваім каханні па-іншаму.
— Некалькі стагоддзяў таму моладзь была вельмі сціплая, — расказвае фалькларыстка Лія Салавей. — Свае схільнасці праяўлялі ў гульнях ды ігрышчах. Ды ў такой далікатнай форме!
Папулярнай была ў вёсцы гульня “Падушачка”. У цэнтры круга станавілася дзяўчына з малой падушачкай (такую ў вёсцы мела кожная дзяўчына, каб пазней пакласці пад галаву свайму немаўляці) і прамаўляла:
Падушачка, падушачка мая пухавая,
Малодачка, малодачка мая маладая,
Каго люблю, каго люблю, таго пацалую,
Падушачку, падушачку маю падарую.
А пасля даравала падушачку хлопцу, тым самым паказваючы, што ён ёй падабаецца.
Пісьмы, вершы, сціплыя падушачкі і ціхае прызнанне на вушка... Можа, нам, сённяшнім беларусам, варта штосьці ўзяць да ўвагі? Усё ж такі каханне — далікатная кветка, створаная для дваіх. Навошта яе губіць лішнім дотыкам?..

Тым часам
“Каханне па-беларуску” напярэдадні Дня святога Валянціна прапануе адчуць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры i побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам заўтра з 13 да 15 гадзін падчас унікальнай лірычна-гумарыстычнай імпрэзы.
— Маладыя людзі змогуць паваражыць на каханне і жаніцьбу, — расказвае загадчык аддзела маркетынгу Ірына Марчанка. — На Вербнай гары завязаць на бярозе стужачкі і загадаць запаветнае жаданне. А вось пазбавіцца ад дрэнных думак і ўспамінаў яны змогуць падчас абраду “Злом навалы і напасці, каб панавала ў сям’і шчасце”. Мы распалім вогнішча, і кожны зможа кінуць туды разам з галінкай усё самае непрыемнае і дрэннае. У праграме запланаваны выступленне фальклорнага гурта “Мілавіца” і незвычайная фотасесія для закаханых пар. Холадна не будзе! Гасцей пачастуем гарачай гарбатай з зёлак, сабраных на Купалле.

СМІ
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 11.10.2020 13:17:26

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.