::
2020.08.08 — Геніяльны даследчык спадчыны / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Геніяльны даследчык спадчыны
Спасылка
Дата публікацыі
08.08.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
7 жніўня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР Генадзя Цітовіча — знакамітага этнографа і хормайстра, чыё прозвішча ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю айчыннай культуры. Невыпадкова калектыў, якім ён кіраваў 22 гады, цяпер носіць яго імя — Нацыянальны народны хор Беларусі імя Г.Цітовіча.

 

Агульнае рашуча пераважае

Малой радзімай Генадзя Іванавіча была вёска Новы Пагост Міёрскага раёна, што на Віцебшчыне. Менавіта там стартаваў самы маштабны праект у яго жыцці — збіранне і запісы беларускіх народных песень. Пачаўшы ладзіць фальклорныя экспедыцыі па навакольных вёсках, ён працягнуў свае вандроўкі па рацэ Дзісне. Геаграфія такіх падарожжаў істотна пашырылася, калі ён паступіў у Віленскую кансерваторыю. І працягвалася яшчэ многа гадоў. Усяго было запісана звыш трох тысяч песень.

/i/content/pi/cult/810/17373/13_1.jpg

Са сваім паплечнікам Міхасём Дрынеўскім і артыстамі хору.

Пры гэтым даследчык звяртаў увагу на структуру кожнай песні, аналізаваў інтанацыйна-рытмічны склад і тым самым высвятляў характэрныя асаблівасці практычна ўсіх песенных жанраў, якія трывала замацаваліся ў беларускім музычным ландшафце. Цітовіч выступіў адным з піянераў у фундаментальным вывучэнні беларускай народнай музыкі. Яму належала першынство ў сістэмным паказе агульнага і асаблівага ў архітэктоніцы беларускіх і балгарскіх народных песень, дзе ён прыйшоў да высновы, што агульнае рашуча пераважае. Тым самым ён задаў алгарытм аналізу ўзаемасувязяў беларускіх народных песень з рускімі, украінскімі, польскімі, літоўскімі.

Перліна з ідэальнай інтанацыяй

З 1939 года, як скончыў кансерваторыю і адначасова ўніверсітэт, дзе таксама вывучаў этнаграфію, Генадзь Цітовіч кіраваў народным хорам вёскі Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці. Хор гучна заявіў пра сябе яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай. Спярша перамог на абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці, затым — на рэспубліканскім. Нарэшце, у чэрвені 1940-га з трыумфам удзельнічаў у Першай дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. А ўлетку 1945-га — у Днях беларускага мастацтва — там жа, у сталіцы СССР.

/i/content/pi/cult/810/17373/13_3.jpg

Генадзь Цітовіч.

Адзін з водгукаў быў надрукаваны 8 верасня ў газеце “Правда”. Рэдакцыя дала слова савецкаму хормайстру нумар адзін Аляксандру Свешнікаву. Цытуем даслоўна: “Асаблівай увагі заслугоўвае хор беларускай народнай песні сяла Вялікае Падлессе Баранавіцкай вобласці (кіраўнік Г.Цітовіч). Гэты хор з’яўляецца сапраўднай перлінай народнага мастацтва. Выкананне хору поўнае невыказнай чароўнасці і цеплыні. Выканаўчая тэхніка хору вельмі высокая, у яго — ідэальная інтанацыя, выключна выразная нюансіроўка”.

/i/content/pi/cult/810/17373/13_2.jpg

На базе гэтага хору і ўзнік у 1952 годзе прафесійны калектыў, які сёння з гонарам называецца Нацыянальным народным хорам Беларусі імя Г.Цітовіча, бо менавіта з Генадзя Іванавіча пачалася гісторыя яго мастацкіх кіраўнікоў. Выконваліся найперш беларускія народныя песні, часцяком — у апрацоўках самога хормайстра. А вось арыгінальных кампазіцый Генадзя Іванавіча ў рэпертуары было мала, перавага аддавалася творам Уладзіміра Алоўнікава, Івана Кузняцова, Юрыя Семянякі і іншых кампазітараў.

/i/content/pi/cult/810/17373/13_4.jpg

Тагачасны калектыў на чале з Г. Цітовічам аб’ездзіў з гастролямі ўвесь Савецкі Саюз, выступаў у Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Канадзе, Балгарыі, Фінляндыі, Францыі. Узніклі і “даччыныя прадпрыемствы”, створаныя з артыстак хору: вакальныя актэт і квартэт. Апошні, дарэчы, атрымаў назву “Купалінка” і працягвае існаваць дагэтуль — у выглядзе аднайменнага, але больш пашыранага па складу самастойнага фальклорнага гурта Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

На новым этапе

З 1974 года, пакінуўшы працу хормайстра, Генадзь Іванавіч канцэнтруецца на культурна-асветніцкай, навукова-даследчай працы. Галоўным вынікам гэтага новага этапу творчай біяграфіі з’явілася стварэнне “Анталогіі беларускай народнай песні” і кнігі “Пра беларускі песенны фальклор”, за якія Цітовіч быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

Ён пайшоў з жыцця ва ўзросце 75 гадоў — 21 чэрвеня 1986-га. І ўжо ў 1987-м яго імя было прысвоена хору, якім апошнія 45 гадоў кіруе народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі, з любоўю захоўваючы і плённа развіваючы традыцыі заснавальніка калектыву.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта

 

Фота з сайта Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.08.2020 05:36:05

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.