::
2011.04.04 — “Польская шляхта” ўсходняй Гомельшчыны, альбо Панцырныя баяры Чачэрскага староства / Гомельская праўда
Загаловак
“Польская шляхта” ўсходняй Гомельшчыны, альбо Панцырныя баяры Чачэрскага староства
Спасылка
Дата публікацыі
04.04.2011
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Тэрэза Абуховіч (у дзявоцтве Драбышэўская) і яе дачка Людвіга — “польскія шляхцянкі” з паўднёвай часткі былога Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (в. Гарысты сучаснага Веткаўскага раёна). Здымак зроблены ў Гомелі каля 1907 г. Калі ў дзяцінстве бываў на радзіме маці ў вёсцы Гарысты Веткаўскага раёна, асабліва на Радаўніцу, крыху бянтэжылі незвычайныя імёны маіх прабабуль — Людвіся (Людвіга) і Уліта (Ульяна). Пазней мяне вельмі здзівіла звестка аб тым, што прабабуля Людвіся адносіла сябе да “палякаў”.Гэта неяк не стасавалася з выключна мясцовым беларускім паходжаннем усіх маіх продкаў па лініі маці: ніхто з іх нават у сямейных паданнях далей за 40 кіламетраў на новае месца жыхарства не пераязджаў. Я, на той момант ужо студэнт-гісторык, ведаў, што этнічных палякаў тут, на самым усходзе Гомельскай вобласці, у 30 кіламетрах ад мяжы з Расіяй, у прынцыпе быць не магло — якія ж палякі праехалі б усю Беларусь, каб пасяліцца ў лясной глухамані каля Свяцілавічаў, дзе нармальная дарога з’явілася толькі ў 1970-х гадах! Да таго ж яшчэ Статут ВКЛ 1588 года, які дзейнічаў да ХІХ стагоддзя, забараняў продаж зямлі іншаземцам, у тым ліку палякам. Палякі, толькі нейкія не тыя! У гэтым кантэксце крыху, праўда, выбіваліся польска-каталіцкія імёны паловы маіх прабабуль і знойдзены яшчэ ў дзяцінстве на гарышчы старой хаты ў Гарыстах малітоўнік канца ХІХ стагоддзя на польскай мове…Пераломны момант наступіў, калі ў Веткаўскім музеі, даведаўшыся адкуль мая маці, бу­дзённа сказалі: “З Гарыстаў? Дык гэта шляхта!” “Якая шляхта? Яны ж сяляне — на сабе сеялі, самі жалі, самі бульбу капалі…” — спрабаваў парыраваць я. “А ты ў сваёй бабулі запытайся, хто такая шляхта, яна табе патлумачыць!” — адказалі музейныя спецыялісты.“Ну ёсць такія мужыкі, а ёсць такая шляхта. Шляхта з мужыкамі не жанілася, толькі са сваімі. Гарысты — гэта шляхта, а Хлусы — мужыкі!” — вынесла вердыкт мая бабуля, Надзея Мітрафанаўна Сівакова (у дзявоцтве Язерская). “А твае бацькі шляхта былі ці мужыкі?” — удакладніў я. — “Шляхта!” — “А адкуль ты ведаеш?” — не сунімаўся я. “Мне яшчэ малой маці казала: “Мы — шляхта!” — адрэзала бабуля.Толькі цяпер паступова пачала вымалёўвацца карціна, чаму пра­прабабуля Тэрэза Драбышэўская, якая мела сясцёр Алену, Юзэфу, Рузю, Францыску, Ганну і братоў Марціна і Рыгора, яшчэ ў 1880-х гадах выйшла замуж за Антона Абуховіча, ад шлюбу якіх нара­дзілася мая прабабуля Людвіга (каталікі). І чаму другая прабабуля — Ульяна Лапіцкая — выйшла замуж за Мітрафана Язерскага (праваслаўныя).Але нешта ўсё роўна не клеілася. Ну што гэта за такая шляхта — “вышэйшы ваенна-служылы стан грамадства”, які дазваляў сабе жыць у такім глухім лесе і займацца выключна сялянскай працай! Шляхта — гэта Радзівілы, Сапегі, Пацы і Вішнявецкія, Халецкія і Аскеркі! Балі, бітвы, палацы і замкі! А тут — бедная нейкая шляхта, здрабнелая, самі за плугам хо­дзяць, самі рушнікі ткуць. Праўда, дзед пасля вайны было выкапаў на гародзе нейкую кальчугу, але цвікоў з яе не наробіш, таму выкінуў у стары калодзеж…Пасля заканчэння ўніверсітэта я, апроч іншага, ведаў, што па лініі сённяшняй усходняй мяжы Гомельскай вобласці ўжо амаль 500 гадоў праходзіць гістарычная мяжа паміж Рэспублікай Беларусь, БССР, Магілёўскай губерняй, Рэччу Паспалітай, ВКЛ і Гомельскім староствам з аднога боку і Расійскай Федэрацыяй, РСФСР, Расійскай імперыяй і Маскоўскай дзяржавай — з іншага. І амаль на тым жа самым месцы! Таксама я ведаў, што памежную службу на ўсходніх рубяжах ВКЛ — Рэчы Паспалітай выконваў спецыяльны ваенна-служылы стан грамадства — “панцырныя баяры”, якім за службу кароль і вялікі князь выдаваў у спадчынную маёмасць зямлю ўздоўж мяжы, якую яны ахоўвалі і абаранялі. Вось толькі ці былі мае продкі Лапіцкія, Язерскія, Абуховічы і Драбышэўскія нашчадкамі менавіта тых самых панцырных баяраў? Ці, можа, яны проста ў ХІХ стагоддзі прыехалі з цэнтральнай Беларусі і набылі тут зямлю?Адказ прыйшоў адтуль, дзе яго ніхто і не шукаў. Гэтай зімой, калі хавалі майго дзядзьку на старых могілках у Гарыстах, спантанна ўзнікла пытанне, чаму на суседніх помніках і крыжах такія незвычайныя імёны: Домна, Юзэфа, Праксэда. Тлумачэнне нечакана дала мая маці: “Гэта палякі, якіх колісь прывезлі і пасялілі тут цары для аховы рубяжа!” — “Адкуль ты ведаеш?” — “Дык баба Людвіся мне казала, яшчэ недзе ў 1970-х”.Як казалі мае выкладчыкі, народная памяць фіксуе сваё гістарычнае мінулае часта ў вельмі незвычайных вобразах і праяўляюцца яны ў спецыфічнай форме…Цяпер, калі сабралася большая частка фрагментаў гістарычнай “шляхецкай мазаікі”, паспрабуем яе рэканструяваць.Пасля спусташэння Усходняй Еўропы мангола-татарамі ў 1237 — 1241 гадах, тэрыторыя былога Чарнігаўскага княства была падпарадкавана ардынскім намеснікам. У 1350 — 1360-х гадах маладое Вялікае Княства Літоўскае адваявала ў татар значныя землі былой Кіеўскай Русі, у тым ліку сучасную Гомельшчыну з Гомелем і Чачэрскам. У 1454 годзе Гомель разам з Чарнігавам і Старадубам быў аддадзены ў кармленне за службу збеглым ад князя маскоўскага князям Мажайскім, якія, аднак, у 1500 годзе парушылі клятву і перайшлі на службу да Івана ІІІ. Такім чынам “да Масквы” Мажайскія ўвялі Гомельскую воласць, у той час як Чачэрская засталася ў складзе ВКЛ. У 1535 годзе пасля доўгіх войн гетман Юрый Радзівіл адваяваў Гомельскую воласць назад у ВКЛ, і з гэтага часу яе лёс непарыўна звязаны з Беларуссю.
Шляхта — гэта Радзівілы, Сапегі, Вішнявецкія, балі, бітвы, палацы і замкі!
А тут — бедная нейкая шляхта, здрабнелая, самі за плугам ходзяць, самі рушнікі ткуць…
Паводле мірнага дагавора была ўсталявана мяжа паміж дзвюма дзяржавамі і кожная з іх стварыла сваю “памежную службу”. На расійскім (маскоўскім) баку гэтую службу неслі казакі, таму першая з таго боку вёска ў вярхоўі Беся­дзі і атрымала назву Казацкія Балсуны (Веткаўскі раён). У ВКЛ такі род войскаў, як казакі (ад цюрскага слова “казак” — “рабаўнік” ці “вартавы”), ахоўваў малазаселеныя паўднёвыя межы на тэрыторыі Украіны, дзе ўтварылі асобную вайскова-тэрытарыяльную адзінку Сеч (аснову будучай дзяржаўнасці Украіны). На шчыльна заселенай тэрыторыі ўласна самой Беларусі казакоў не было — усходнія межы ВКЛ ахоўвалі панцырныя баяры, а казакамі часам толькі называлі аддзелы лёгкай конніцы, узброенай “па-казацку”. Панцырныя баяры ВКЛ (як у прынцыпе і казакі ў Маскоўскай дзяржаве), былі асабіста свабоднымі людзьмі, якія ў сваім прававым станові­шчы знаходзіліся паміж сялянамі і шляхтай (дваранамі), мелі асобныя заканадаўча замацаваныя правы і абавязкі. За ваенныя поспехі вялікія князі і каралі часта ўзнагароджвалі панцырных баяр шляхецтвам. У якасці аплаты вялікі князь літоўскі і кароль польскі даваў панцырным баярам зямлю ва ўласнасць — ад 3 да 10 валок (60 — 200 гектараў) на кожнага, хто нёс вайсковую службу, якую яны абраблялі сваімі сіламі, утвараючы цэлыя вёскі. Паводле інвентара Чачэрскага староства 1726 года баярскімі сёламі названы Хізы, Грамыкі, Жалезнікі, Свяцілавічы Веткаўскага раёна, Сябровічы, Шапатовічы і іншыя вёскі Чачэрскага раёна, якія складалі першы памежны рубеж абароны сваёй дзяржавы. У XVIII стагоддзі значэнне старых сярэднявечных форм вайсковай арганізацыі паступова занепадала, замест рэальнай службы ў войску шляхта больш ахвотна адкупалася выплатай грашовага падатку.З цягам часу баярскія сёлы разрасталіся, вакол іх з’яўляліся шматлікія “засценкі” і “аколіцы” — шырока вядомыя ў беларускай этнаграфіі невялікія паселішчы дробнай шляхты. Аколіцамі ў дакументах пачатку XX стагоддзя названы Гарысты, Габраўка, Гута, Пацёсы Веткаўскага раёна, Куракі, Новыя Малынічы, Лукомскія Паплавы, Шылавічы і Шапатовічы Чачэрскага раёна.
Даследчыкі адзначылі той дзіўны факт, што на Гомельшчыне амаль ва ўсіх вёсках з назваю Рудня (Рудня Стаўбунская, Рудня Шлягіна і інш.) на пачатку XX стагодзя жыла шляхта, звычайна каталіцкая, прытым ў некаторых з гэтых вёсак яшчэ ў ХІХ стагоддзі сапраўды здабывалі жалезную руду. Зараз цяжка вылучыць лагічную сувязь паміж гэтымі з’явамі, аднак супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці Андрэй Скідан звярнуў увагу, што здабыча балотнай руды самым непасрэдным чынам звязана з вырабам зброі ў сярэднявеччы на нашых землях. Той самай зброі, прынамсі халоднай, якой абавязаны былі самі сябе забяспечваць панцырныя баяры!Пасля ўваходу ўсходняй Беларусі ў склад Расійскай імперыі ў 1772 годзе неабходнасць у паслугах панцырных баяр адпала канчаткова і яны сталі звычайнай мясцовай дробнай спадчыннай шляхтай. На далучаных тэрыторыях Беларусі шляхта складала каля 10% насельніцтва, у прававых адносінах яна прэтэндавала на тое ж становішча, што і расійскае дваранства (якое ў той час складала каля 1% насельніцтва ў сваёй дзяржаве). Каб зменшыць палітычнае значэнне мясцовай дробнай шляхты, імперская адміністрацыя правяла “люстрацыю” — усе, хто лічыў сябе шляхтай, павінны былі прадставіць адпаведныя доказы. У гістарыяграфіі гэтая працэдура атрымала назву “разбор шляхты”, і такіх разбораў у канцы XVIII — ХІХ стагоддзях было некалькі. Шмат шляхцічаў не змаглі дакументальна пацвердзіць свае правы і былі залічаны да дзяржаўных сялян ці мяшчан. Аднак яны памяталі сваё паходжанне і выразна дыстанцыянавалі сябе ад іншых груп насельніцтва.Тым больш гэта тычылася шляхты каталіцкага веравызнання, якая ў сітуацыі выбару паміж простымі мясцовымі праваслаўнымі і ўніятамі “мужыкамі”, стараверамі і прыезджымі праваслаўнымі расійскімі дваранамі ментальна ўсведамляла сябе як “польская шляхта”, бо культурна і рэлігійна менавіта каталікі-палякі з канца XVII стагоддзя былі ёй найбольш блізкімі. Этнічнае паходжанне вызначалася выключна па веры: праваслаўны — рускі, каталік — паляк. Такі варыянт самаідэнтыфікацыі, як беларусы, у той культурнай сітуацыі ўвогуле не разглядаўся, бо гэта ўспрымалася хутчэй не як этнічная, а геаграфічна-этнаграфічная характарыстыка. Таму ўсе мае прабабулі з каталіцкімі імёнамі, якія з дзяцінства размаўлялі на чысцюткай беларускай мове і, відаць, ні слова не ведалі па-польску, па традыцыі і ў XX стагоддзі між сабой называлі сябе “палякамі”.Этнографы ХІХ стагоддзя вызначалі шляхту як дробную этнаграфічную групу Беларусі, якая шматлікімі асаблівасцямі вылучалася з масы беларускага сялянства. У Магілёўскай губерні самае вялікае рассяленне шляхты ішло па Сожскаму вадаёму. “…Шляхтич сбривает бороду, одевается в чёрный или серый суконный кафтан, на голове носит картуз польского покроя. Шляхтянка носит кофту и юбку из ситца, одевается в пальто старинного покроя. Вообще шляхтич живёт более зажиточно, чем крестьянин… Наконец, шляхта не знала тяжелой крепостной зависимости. Будучи культурнее своего соседа-крестьянина, шляхтич не только хорошо осознаёт значение грамотности, но проявляет стремление к тому, чтобы дать лучшее образование своим детям: в последнее время значительная часть шляхетской молодежи проходит гимназии и университеты”, — пісалі М. Доўнар-Запольскі і Д.Шэндрык у 1905 годзе.Палітычныя віхуры і ліхалецці XX стагоддзя вельмі змянілі старажытныя сувязі былых шляхецкіх родаў. Рэпрэсіі 30-х гадоў мінулага стагоддзя ўвогуле адвучылі расказваць пра сямейна-сваяцкія карані — за “дваранскае” пахо­джанне можна было не толькі самому згінуць, але пацягнуць і іншых родных. Вялікую страту нанесла чарнобыльская катастрофа, пасля якой былі расселены і зніклі шматлікія былыя шляхецкія сёлы і аколіцы. Але людзі памяталі пра сваё паходжанне і свае сваяцкія сувязі, асабліва старэйшыя пакаленні. Найбольш мяне ўразіў выпадак, які распавяла знаёмая студэнтка з шырока распаўсю­джаным ва ўсходняй Гомельшчыне прозвішчам Гулевіч. У дзяцінстве, у сярэдзіне 1990-х гадоў, для яе дзядуля, які родам з Нісімкавіцкай Рудні Чачэрскага раёна, маляваў сямейны герб. А калі яна стала студэнткай універсітэта, адшукала выяву гэтага ж герба ў нейкім польскім гербоўніку ХІХ стагоддзя, дзе было адзначана, што належыў ён роду Гулевічаў…
Шматлікія нашчадкі старажытных шляхецкіх родаў Чачэрскага староства і сёння жывуць на Гомельшчыне — Бекарэвічы, Грамыкі, Гатальскія, Горскія, Гурскія, Гулевічы, Драбышэўскія, Іваноўскія, Ключэўскія, Крупскія, Лапіцкія, Лукомскія, Маліноўскія, Плескачэўскія, Плескія, Шалюты, Язерскія, Якубовічы і іншыя. Многія з іх унеслі значны ўклад у развіццё адукацыі, культуры, навукі, медыцыны, прамысловасці і сельскай гаспадаркі нашай краіны — дастаткова ўзгадаць Андрэя Андрэевіча Грамыку. Гомельская правда, Яўген МАЛІКАЎ, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства
СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 29.06.2020 21:40:55

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.