::
2020.04.11 — Ад Вялікадня да Радуніцы / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Ад Вялікадня да Радуніцы
Спасылка
Дата публікацыі
11.04.2020
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст
Абрады хуткаплыннай вясны на ГарадоччынеНародны каляндар у беларусаў — з’ява няпростая, і ў той жа час лагічная і паслядоўна-заканамерная. Да прыкладу, пасля Вербніцы пачынаўся перадвелікодны тыдзень. Цягам яго гаспадарка прыводзілася ў адпаведны святу выгляд. Усё мылася, чысцілася, перадусім стол, лавы, бяліліся сцены, печ. Канешне ж, мыліся і самі. У суботу фарбаваліся яйкі “шурлухой з лука”, гатаваліся неабходныя стравы. Вечарам, склаўшы ўсё тое, што неабходна пасвяціць, ішлі ў царкву на ўсеночную. Пасля вярталіся дадому і снедалі, пакаштаваўшы наперад усяго пасвянцонага. Але трэба ўлічваць, што ў царкву хадзілі асобныя члены сям’і. Усе астатнія сямейнікі, памыўшыся, выціраліся ручніком, на якім раскладвалася для пасвячэння велікоднае. Гэта павінна было аберагчы ўсіх членаў сям’і ад нядужасці, а дзяўчатам да ўсяго гэтага паспрыяць, каб яны былі прыгожыя. Перад пачаткам снедання сямейнікі звычайна станавіліся на калені і маліліся, а потым садзіліся за стол.

 

/i/content/pi/cult/793/17076/019.JPGСа святочнага стала

Адным з галоўных атрыбутаў велікоднага святочнага стала было чырвонае яйка, з якога распачынаўся сняданак. Гэтае яйка дзялілася на ўсіх членаў сям’і. У гэтым звычаі і сёння бачыцца старадаўняе абрадавае значэнне. Сімволіка яго старажытная: яйка лічылася ўвасабленнем жыццядайнага пачатку.

Выключна важным на першы дзень Вялікадня быў абход двароў валачобнікамі. У кожнай мясцовасці існавалі свае лакальныя варыяцыі валачобніцтва, але ў цэлым вымалёўваецца наступная карціна. Пасля ранішняга сняданку (“рана-ўранні”) у гурт збіраліся найчасцей мужчыны колькасцю чатыры — пяць чалавек, і пачынаўся абход не толькі суседскіх хат, але і жыхароў суседніх вёсак. У гурце валачобнікаў былі музыканты, а з музычных інструментаў прысутнічалі скрыпка, гармонік і дудка.

У залежнасці ад майстэрства і творчых здольнасцяў у гурце маглі быць прадстаўлены ўсе гэтыя інструменты або толькі некаторыя з іх ці нават адзін. Валачобнікі падыходзілі да хаты і пачыналі спяваць песню або прыгаворвалі: “…масьці, матка, кладку, заві нас у хатку”. Гаспадары запрашалі гурт у хату, дзе пасля песень адорвалі валачобнікаў. Звычайна давалі пару яек, што лічылася за звычаёвую норму, маглі даць і кавалак булкі, каўбасы, сыру, шматок сала — у залежнасці ад заможнасці гаспадароў. Хадзілі па вясковых хатах і старцы. Яны маліліся, ім таксама, ведаючы, што гэта бедныя людзі, давалі з сабой з велікоднага стала. Пры гэтым старцы пыталіся пра імя памерлага, за якога потым маліліся.

/i/content/pi/cult/793/17076/020.JPGЗычэнне-пажаданне

Вядома ж, валачобнікі ў час сваіх абходаў спявалі песні, якія адпавядалі настрою свята. Звычайна валачобныя песні пачыналіся радком “Валачобнікі валачыліся, валачыліся, абмачыліся”. Пасля кожнага радка паўтараўся рэфрэн: “Хрыстос васкрос, сын Божай!” Кожная валачобная песня на Гарадоччыне мела свае адметнасці, але для ўсяго масіву валачобных песень характэрна зычэнне-пажаданне дабрабыту як для сямейнікаў, так і ў гаспадарцы. Валачобнікі ў песнях маглі звяртацца да гаспадара. Спявалася, што яны валачыліся, абмачыліся, у асеці абсушыліся і ў Ванюшачкі-гаспадара запыталіся дазволу зайсці ў хату. Пасля яны спяваюць гаспадару: “Адчыні вакно, паглядзі ў гумно, / А што ў гумне праявілася: / А каровушкі пацяліліся, / А авечачкі пакаціліся, / А ўсё ярачкі да па парачке”. (Запісана ў вёсцы Маскаленяты ад Сцепаніды Маісеенка, 1908 года нараджэння). Зразумела ж, пасля такіх зычэнняў гаспадары адорвалі валачобнікаў належным чынам: чырвонымі яйкамі, сырам, пірагом, адвараным мясам і іншым.

Яшчэ адна валачобная песня цікавая адлюстраваннем вясковага звычаёвага этыкету. У адказ на просьбу валачобнікаў пусціць у хату ці гнаць з двара гучала: “…Са двара не паганю і ў хату пазаву”. За гэтай, здавалася б, простай па форме вярбальнай формулай, бачацца глыбінныя зместы і сэнсы разумення жыцця працаўніком-рупліўцам. На дабро ў адказ павінна быць дабро, а з адмоўным можна змагацца. Гэта адвечны закон жыцця селяніна-працаўніка.

Каб авечка не сканала

Як бачна, на Гарадоччыне бытавалі валачобныя песні рознага зместу. Гэтае меркаванне пацвярджаецца і наяўнасцю песень жартоўнага характару. Вяскоўцы ведалі, што калі яны не запросяць валачобнікаў да сябе і не адораць іх, то могуць пачуць у адказ нядобразычэнні (“не дасі яечка — здохнець авечка”), якія, канешне ж, мелі жартоўны характар, але аніякім чынам не былі накіраваны на шкоду.

Як і з усякай значнай каляндарнай датай з Вялікаднем у народзе звязваюцца назіранні за жыццём прыроды, прыкметы, што ў цэлым дазваляла рабіць прагнозы адносна плённасці земляробчых клопатаў селяніна. Мясцовыя жыхары раніцай назіралі за ўзыходам сонца. Сцвярджалася, што менавіта ў гэты момант сонца “іграіць”: “А вот адзін раз толькі відзела ў малых гадах. Ай, як прыгала, ай, ты відзела! Ай, як красіва, як красіва! І во так, і во так, і во так… Папалам раздзяляецца, вот эта я відзела сваім глазам. Так іграла”. (Запісана ў Гарадку ад Лідзіі Буруновай, 1913 года нараджэння).

Такая багатая эмацыйна-псіхалагічная афарбоўка згаданых выказванняў тлумачыцца не толькі ўзростам інфарматараў (у маленстве ці ў сталыя гады), а яшчэ і тым, што гэты феномен звязаны з адным з найважнейшых святаў як у жыцці чалавека-працаўніка, так і прыроды — Вялікаднем. Сонца магло “іграць”, паводле сведчання аднаго з інфарматараў, таксама і на Дабравешчанне. Убачыць гэтую падзею лічылася за добры знак: меркавалася, што працаўніку будзе спрыянне ва ўсіх яго пачынаннях.

Каб адвесці душу

Любімым святочным заняткам для дзяцей і падлеткаў на Вялікдзень была гульня ў біткі яйкамі і выйграваў той, чыё яйка разбівала іншае. У вёсцы Малое Кашо было прынята, што разбітае яйка забіраў той, у каго сваё заставалася цэлым. Як бачна, у аснове гэтай гульні ляжаў прынцып парнасці, гэта значыць, што адзін выйграваў, а другі прайграваў.

А качаннем яек займаліся дарослыя, і, як апавядаў жыхар Гарадка Іван Таўстаногаў, 1928 года нараджэння, ён стаў паўнапраўным удзельнікам гэтай забавы дзесьці гадоў у сямнаццаць. Колькасць удзельнікаў залежала ад таго, колькі ў той ці іншай вёсцы было мужчын. Пачыналі качаць яйкі па дамоўленасці. Ставілі на зямлю драўляны лубок, перад ім сантыметраў за дзесяць — пятнаццаць клалі яйкі. Калі яйка ў працэсе скочвання з лубка стукалася аб іншае, то апошняе забіралася. Пры гэтым першае яйка зноў пускалі з лубка. А калі яно не закране іншае яйка, то яно заставалася на тым месцы, куды скацілася, і ў гульню ўступаў новы ўдзельнік. Ён браў сваё яйка, якое ўжо ляжала на зямлі, і гульня працягвалася па ранейшым сцэнарыі. Інфарматар пры апісанні гэтага занятку паведаміў шэраг цікавых і важных падрабязнасцяў. Звычайна для гэтай гульні кожны ўдзельнік браў адно яйка. Гэтаму былі свае прычыны. Як і да вайны, так і пасля вайны ў гаспадарцы яек шмат не было, бо яны ішлі не толькі ў ежу, але і на продаж, і аплату падаткаў натуральнымі прадуктамі. Таму ўдзельнікі папярэдне дамаўляліся аб кошце аднаго яйка. І вось гаспадар, чыё яйка павінна было забірацца, выплочваў гэтую суму таму, хто выйграў. А яйка заставалася на зямлі, і гульня такім чынам магла доўжыцца, пакуль яе ўдзельнікі “не адвядуць душу”. Нагуляўшыся, гурт разыходзіўся ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі. Хто кучкаваўся, а хто ішоў дадому. Выпіўка, калі і мелася, то яе было мала, таму і групаваліся ў асноўным па два — тры чалавекі.

Інфарматар распавядаў, што ў вёсцы Лугаўцова, дзе ён нарадзіўся і жыў да вайны, калі на Вялікдзень было холадна, то збіраліся на гульню ў Міхалкавай хаце, самай вялікай і прасторнай у вёсцы. А пасля пераезду ў вёску Малое Кашо, паводле яго апавядання, на гэтую гульню збіраліся ў мясцовых жыхароў: у Леўчанкі на сцежцы ці ў Цімохі ў двары перад хатай. Пры гэтым ён адзначаў, што сярод удзельнікаў гэтай забавы былі такія яе знаўцы, што пралічвалі траекторыю руху і згодна гэтаму клалі яйка такім чынам, каб яно адпаведна іх вылічэнням стукалася аб іншае. І было нярэдка, што такія ўдзельнікі выйгравалі даволі шмат.

Куцця з пшаніцы

Пасля Вялікадня праз тыдзень у аўторак адзначалася Радуніца. Да звычаю наведваць могілкі на Радуніцу на Гарадоччыне адносіліся па-рознаму. Хтосьці хадзіў на Тройцу. Могілкі папярэдне прыбіраліся, а калі было трэба, то нешта рамантавалася, фарбавалася, аздаблялася. Паводле сведчання інфарматара з вёскі Маскаленяты Сцепаніды Маісеенка, 1908 года нараджэння, варылі куццю з пшаніцы, пяклі бліны, сырнікі, а таксама браліся яйкі і іншыя стравы. У час памінання продкаў для памерлых троху адкладвалася ад кожнай стравы. Інфарматар пры гэтым адзначала, што як гэта было і раней, бацюшка і цяпер асвячае могілкі.

Пасля Вялікадня і Радуніцы з адпаведнай ім эмацыйна-псіхалагічнай настраёвасцю поўнае турбот і клопатаў жыццё селяніна пачыналася на новым працоўным уздыме. Спраў мелася багата, і ўсё рупіліся рабіць своечасова. І найважнейшым тут было не прамарудзіць, не адстаць ад хуткаплыннага працоўнага рытму веснавой пары.

Таццяна ЦЯПКОВА, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.