::
2020.02.29 — Загаўліны перад Папяльцом / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
Загаўліны перад Папяльцом
Спасылка
Дата публікацыі
29.02.2020
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

У вёсках на Ашмяншчыне перад каталіцкім Велікодным постам спрадвеку адзначалі загаўліны — вясёлае застолле-ігрышча. Праводзілася яно ў «тлусты аўторак» надвячоркам за апетытнымі стравамі з гармонікам і бубнам, з песнямі і танцамі. Назаўтра, у сераду, людзі ішлі ў касцёл і пасыпалі галовы попелам, пачынаўся пост. Нездарма казалі: загаўліны перад Папяльцом. У вёсцы Кальчуны пяты год запар, з нагоды «запустаў» Цэнтр культуры і вольнага часу наладжвае народнае свята. Гэтым разам работнікі ўстановы і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці пранеслі па вёсцы, развітваючыся з зімою, — саламянае пудзіла, палілі вогнішча, у якое кідалі старыя рэчы. Гасцей сустракалі гарачымі блінамі і песнямі. У клубным памяшканні правялі інтэрактыўны спектакль пад назвай «прабачальная бяседа». Тут можна было ўбачыць, як хлопцам прывязвалі «калоды», каб жаніліся, паслухаць дзяўчат-весялушак, як яны адна перад адной ліха сыпалі прыпеўкамі. Мясцовыя артысты з гуртоў «Скарбніца» і «Вечарынка», «Жытніца» і «Валычанка» далучалі гледачоў да песеннага скарбу. А «разынкай» бяседы стала рытуальнае накрыванне хлеба і напояў даматканым ручніком і кажухом — гэта старажытны звычай-абярэг, каб не зводзіўся род, каб былі дабрабыт і шчасце.


Калісьці прабачальныя «загаўліны» таленавітыя жыхаркі з Кальчуноў паказвалі па беларускім тэлебачанні ў праграме «Вячоркі». Цяпер гэты вясковы звычай стаў брэндам усяго раёна.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

 
СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.10.2020 01:20:26

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.