Перадпіліпаўскаму традыцыйнаму ігрышчу «Ката пячы» з Дзяржыншчыны будзе нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, што прайшло ў Міністэрстве культуры.
Напярэдадні перадкаляднага, або Піліпаўскага, посту нашы продкі стараліся ўволю павесяліцца, каб не сумна было бавіць доўгія зімнія вечары, у якія царквой забараняецца танцаваць ды гучна святкаваць. Таму ў розных рэгіёнах краіны і сёння прыводзяць згадкі пра традыцыйныя ігрышчы, што ладзяцца менавіта ў гэты час. Запускі, вячоркі, проста танцы ды спевы ў адной з вясковых хат. А вось у Скірмантаве, што на Дзяржыншчыне, у жывым бытаванні захаваўся адметны абрад «Ката пячы», што ладзіцца 27 лістапада. Па сведчанні сталых жыхароў вёскі, гульня існавала ў многіх вёсках гэтага рэгіёна яшчэ ў перыяд маладосці іх бацькоў. Ды і самі яны ў маладосці з задавальненнем прымалі ўдзел у ігрышчах. Як бачым, жыве «Кот» і сёння.
У гэты вечар жанатыя і нежанатыя пары збіраюцца на вясёлую вечарыну. Галоўнай падзеяй ігрышча з'яўляецца выраб фігуры «ката» са спецыяльна выпечаных булак пэўнай формы. Яны адмысловым чынам злучаюцца паміж сабой. Галава аздабляецца вушкамі з сала, вочкамі з чарніц, далучаецца хвост са свойскай каўбасы. Вырабленага такім чынам «звера» пад музыку і спевы выносяць у цэнтр хаты і прывязваюць да столі.
Затым — жартоўнае спаборніцтва паміж удзельнікамі, хто якую частку фігуры здолее адкусіць. Так, кожны па чарзе «едзе на качарзе» да «ката» і падскоквае, імкнучыся ўхапіць зубамі кавалак. Пры гэтым неабходна пераадолець перашкоды, якія ствараюць іншыя ўдзельнікі, і выканаць пэўныя ўмовы (не ўсміхацца, не чапаць ката рукамі і інш.). Тыя, хто не справіўся, атрымліваюць жартоўная заданні. Пераможцам лічыцца той, хто адкусіў хвост, пасля чаго «ката» дзеляць паміж усімі прысутнымі.
Уся гульня суправаджаецца традыцыйнымі песнямі, прыпеўкамі, танцамі пад гармонік, жартоўнымі гульнямі, анекдотамі, вячэрай з пачастункамі, якія ўдзельнікі прыносяць з сабой. Цікава, што ў гэты вечар ядуць толькі падкрэслена тлустыя і багатыя стравы, бо ўжо на наступны дзень пачынаецца строгі пост.
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.