::
2018.12.25 — Доктар філасофіі Энгельс Дарашэвіч: Аўтэнтычнасць выратуе народы / "Літаратура і мастацтва", газета
Загаловак
Доктар філасофіі Энгельс Дарашэвіч: Аўтэнтычнасць выратуе народы
Спасылка
Дата публікацыі
25.12.2018
Катэгорыя
інтэрвію
Поўны тэкст

Падаецца, што навуковыя зацікаўленні даследчыкаў зазвычай развіваюцца ад прыватных назіранняў, аналізу і вывучэння пэўных з’яў і культурных адметнасцяў да больш шырокіх філасофскіх абагульненняў. Але не ў выпадку навуковай кар’еры нашага сённяшняга героя. Ужо з’яўляючыся вядомым філосафам, даследчыкам беларускай эстэтычнай думкі, ён некалькі дзесяцігоддзяў таму захапіўся вывучэннем беларускага фальклору, нашай аўтэнтыкі і традыцый. А выключную ролю ў гэтым працэсе «фальклорнай ініцыяцыі» філосафа адыгралі яго сябры і калегі па Акадэміі навук Беларусі — філосаф і літаратуразнаўца Уладзімір Конан і заснавальніца айчыннай школы аўдыявізуальнай антрапалогіі Зінаіда Мажэйка.


Пра тое, як пачыналася гэтае сапраўды гістарычнае сяброўства, ці ёсць тут ноткі рамантычнага кахання і чаму беларусам варта асэнсавана вяртацца да каранёў, наша гутарка з доктарам філасофскіх навук, прафесарам кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Энгельсам Дарашэвічам.

— Энгельс Канстанцінавіч, сёння вы часты госць і ўдзельнік круглых сталоў, канферэнцый па праблемах вывучэння беларускага фальклору. Але ж так было не заўсёды?

— Сапраўды, раней, калі я працаваў у Інстытуце філасофіі Акадэміі навук Беларусі, займаўся ў асноўным сацыялагічнымі даследаваннямі. Але мы з калегамі часта сустракалі ў калідорах супрацоўнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. Сябравалі, гутарылі. Мы распавядалі пра філасофскія праблемы, яны паказвалі свае калекцыі, сабраныя ў экспедыцыях, напрацоўкі. З Зінаідай Мажэйкай былі знаёмыя даўно, але не сказаў бы, што з самага пачатку блізка пасябравалі. Але пазней, праз мае прыяцельскія стасункі з вядомым філосафам Уладзімірам Конанам, пачалі актыўна сябраваць і з Зінаідай. Я нават часам кпіў са свайго сябра, маўляў, ён закаханы ў Зіну, адсюль і такое захапленне вынікамі яе даследаванняў. Конан маўчаў, праз сваю далікатнасць на гэтыя тэмы не любіў размаўляць.

— Пазней сяброўства ператварылася ў плённае навуковае супрацоўніцтва. Памятаеце гэты пераломны момант?

— Мы з Конанам былі неяк у камандзіроўцы ў Маскве, і сябар мяне запрасіў на абарону кандыдацкай дысертацыі Зінаіды Мажэйкі. Яна адбывалася ў Маскоўскай кансерваторыі. Абарона прайшла цікава і ярка, дысертацыю ацанілі вельмі высока, а асноўным матэрыялам, што лёг у падмурак работы, стала спеўная традыцыя вёскі Тонеж і спадчына Сцяпана Дубейкі. Помніцца і банкет, што быў пасля абароны: многія з удзельнікаў і даследчыкаў ад афіцыйных прамоў адышлі і пачалі дзяліцца песнямі, гульнямі, адметнымі традыцыямі сваёй малой радзімы. Там я пазнаёміўся з мужам Мажэйкі, досыць вядомым спартсменам, альпіністам. З таго часу мы пачалі сябраваць, я цікавіўся яе кнігамі, даследаваннямі.

Магу сцвярджаць, што менавіта Мажэйка з Конанам мяне «прытулілі» ў сваёй фальклорнай сям’і, паказалі прыгажосць аўтэнтычнай культуры беларусаў, хоць і раней нават у думках не меў меркавання, што традыцыі — гэта несур’ёзна. Заўсёды адчуваў, што гэта нешта вельмі роднае і цікавае. А калі ўжо разам з Конанам паехаў у вандроўку да яго сям’і і пачуў песні ў выкананні мясцовых дзяўчат, — аслупянеў. Такой прыгажосці не чуў ніколі! З таго часу сапраўды пачаў цікавіцца традыцыйнай культурай, але адпачатку гэта было хутчэй хобі: усё ж асноўным кірункам даследаванняў усё яшчэ заставалася гісторыя філасофіі і культуры Беларусі. У цэнтры маёй увагі была філасофская думка XVII—XVIII стагоддзяў, калі фальклор яшчэ толькі пачалі ўспрымаць і разумець больш-менш сур’ёзна. Зіна неаднойчы прапаноўвала мне паслухаць экспедыцыйныя запісы, а крыху пазней разам з калегай, вядомай этнамузыказнаўцай Тамарай Варфаламеевай «здагадаліся» мяне запрасіць далучыцца да працы ў якасці рэцэнзента.

— Было толькі сяброўства?

— Зіна — чалавек вельмі арыгінальны, дасціпны, з вострым розумам. Магла да выпадку прыгадаць розныя прыказкі, а яны не заўсёды прайшлі б цэнзуру (Смяецца.). Мы досыць блізка сябравалі, і некаторыя нават лічылі, што ў нас нейкія рамантычныя стасункі. Асабліва пасля таго, як яна на 70-годдзе падарыла мне пярсцёнак. Дарэчы, пра гэты пярсцёнак магу распавядаць досыць доўга. Падаецца, што ён загавораны: яго проста немагчыма згубіць, чароўным чынам колькі разоў да мяне вяртаўся. Заўсёды казаў і шчыра прызнаюся сёння: нічога, акрамя сяброўства, не было. Дарэчы, гэтае сяброўства ў выніку прывяло да таго, што я, як кажуць, на старасці гадоў пачаў выкладаць на кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ. Ды і ў цэлым ні разу пра такое рашэнне не пашкадаваў. З задавальненнем бяру ўдзел у святах, экспедыцыях, фестывалях.

— Вы ж яшчэ і танцуеце, спяваеце!

— Раней танцаваў (Смяецца.), а спяваць і сёння люблю. Праўда, калегі кажуць, што ў мяне добры голас, але ён не адпавядае беларускай фальклорнай традыцыі. Спядзяюся, калі-небудзь навучуся спяваць як аўтэнтычныя выканаўцы.

— Неяк прынята лічыць, што фалькларыстыка, этнаграфія — гэта нешта накшталт «неданавукі»: проста едзеш у вёску і гутарыш з бабулямі. Але ж гэта таксама цэлая сістэма ведаў.

— Так могуць казаць толькі тыя, хто не надта добра ведае сістэму гуманітарных навук. Яны вельмі адрозніваюцца ад навук дакладных. Патрэбу пільнага стаўлення да гэтай сістэмы ведаў даказалі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Вось вам вельмі яскравы прыклад. Усім вядомае імя Чарльза Дарвіна, класіка дакладных навук, у прыватнасці біялогіі. Неяк ён з камандай падчас экспедыцыі быў вымушаны досыць доўгі час правесці на Вогненнай Зямлі. Там жыло вельмі цікавае мясцовае племя, са сваім укладам, поглядамі, адметнасцямі адзення і паводзінаў. Але гэтыя людзі зусім Дарвіна не зацікавілі, бо выклікалі брыдоту: джэнтльмен з пурытанскай віктарыянскай Англіі не мог зразумець, чаму яны ходзяць зусім без адзення. А прычына простая: вельмі гарачы і вільготны клімат. Вось вам дакладныя навукі! Такія даследчыкі часта адмаўляюць нейкія чыста чалавечыя аспекты жыцця. Тое ж можна казаць і пра фальклор. Гэта не толькі старыя бабкі. Гарадскія жыхары часам трапляюць у «малацільню цывілізацый» і праз іх уплыў забываюць глыбокія народныя рэчы, карані. Проста паўтараюць сучасныя замежныя матывы, чужыя нашай культуры. Таму з цягам часу перажываюць цяжкасці ў самавыяўленні, выказванні глыбокіх пачуццяў на ўзроўні геннай інтуіцыі.

— Ці можна нейкім чынам «ажывіць» нашу генетычную памяць? Напэўна, такую мэту і ставіла перад сабой Зінаіда Мажэйка, бо ў сваіх фільмах не проста паказвала спевака ці абрад, а малявала шырокае палатно, задзейнічала як мага больш крыніц інфармацыі.

— Я быў сведкам зменаў у стаўленні да фальклору, як ты кажаш, ажыўлення памяці. Часам, калі людзі маладыя ці сталыя трапляюць у чыста фальклорны калектыў, калі ў свядомасці пачынаюць працаваць нейкія глыбінныя механізмы, то наварочваюцца слёзы. Яны становяцца нібыта немаўлятамі. На жаль, такое здараецца не з усімі. Гэта небяспечна, бо можа быць позна вучыцца ўспрымаць і разумець сваё, счытваць глыбінныя сэнсы песень, танцаў, матываў, нават роднай мовы, што, натуральна, эмацыянальна збядняе чалавека.

— У нас яшчэ ёсць надзея канчаткова не страціць сваю культурную адметнасць як народа?

— На Беларусі даволі пашыраны фальклорны рух, але не хапае менавіта школьнай этнічнай адукацыі. Як антраполаг магу зазначыць наступнае: у свеце сёння ідзе вялікая хваля павелічэння цікавасці да аўтэнтыкі. Многія даследчыкі лічаць, што толькі вяртанне да аўтэнтыкі можа выратаваць свет, грамадства. Напрыклад, у Злучаных Штатах часта пра гэта кажуць. Мне таксама падаецца, што гэта думка слушная: калі народы будуць часцей звяртацца да сваіх глыбінных архетыпаў (пра іх пісаў яшчэ Карл Юнг), гэта іх выратуе ад абсалютнай нівеліроўкі праз сучасную постмадэрнісцкую культуру.

Марына ВЕСЯЛУХА

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 27.07.2021 19:15:37

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.