::
2014.10.18 — Спеўны стыль не ўратаваў... / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Спеўны стыль не ўратаваў...
Дата публікацыі
18.10.2014
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства арганізавала кароткатэрміновую – усяго на тыдзень – экспедыцыю ў Чавускі раён Магілёўскай вобласці. У той жа час завяршалася даследаванне Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Таму на Магілёўшчыну выправіліся малым складам.

За кароткі час даследаваць традыцыйную культуру раёна комплексна немагчыма, таму мэтай экспедыцыі была хіба выведка. Да таго ж наведалі загадзя вядомыя "хлебныя" месцы: раённы музей, у якім адфатаграфавалі фонды, і вёску Галавенчыцы, радзіму бабуль з гурта "Незабудкі". Спеўны і танцавальны стыль галавенчыцкіх бабуль ахоўваецаа дзяржавай як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Што не ўратавала галавенчыцкі вясковы клуб ад "аптымізацыі" – яго зачынілі. Цяпер бабулі рэпетуюць па хатах, афіцыйна адносяцца да культурна-спартыўнага цэнтра суседняй вёскі Вусце. Да яе ўсяго 1,5 кіламетры, але і тыя пажылым спявачкам прайсці складана, транспартнае злучэнне нерэгулёвае.

З падобнымі праблемамі сутыкаюцца не толькі ў Чавускім раёне. Большасць элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, узятых пад ахову, лакалізавана ў маленькіх, аддаленых ад вялікіх транспартных шляхоў, вёсках. Клубы ў такіх населеных пунктах зачыняюцца ў першую чаргу, і носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны застаюцца па-за афіцыйнымі ўстановамі культуры. Добра, калі ў аграгарадках ці райцэнтры ёсць пераймальнікі. А калі няма? Тады бяда...

Бабулям з Галавенчыцаў пашанцавала: на іх не забываюцца, запрашаюць на канцэрты. Апякуецца імі супрацоўнік культурна-спартыўнага цэнтра вёскі Вусце Міхаіл Уладзіміравіч Шакура.

Акрамя песень, у раёне запісаны танцавальныя найгрышы, замовы, расповяды пра абрады. Сфатаграфавана некалькі ўзораў наіўнага жывапісу, шмат тэкстыльных і драўляных вырабаў. У раённым музеі трапілася два надзвычай цікавыя ручнікі: канцы неаднолькавя, вышытыя у розных тэхніках, адзін пераважна лікавай гладдзю (геаметрычны арнамент), другі – крыжыкам (раслінныя выявы). Палатно ручніка пры гэтым цэльнае, карункі – аднолькавыя. Як гіпотэзу можна выказаць, што ручнікі гэтыя – вясельныя, адзін канец сімвалізуе маладую, другі – маладога. Але ж гэта толькі гіпотэза, а чавускі тэкстыль чакае свайго даследчыка!..

 

Алена Ляшкевіч

Фота з архіва Студэнцкага этнаграфічнага таварыства

Сканы артыкула (для старых газет)
СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 02.06.2020 23:48:48

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.