::
2017.05.27 — “Уцягнутасць” птушкі / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
“Уцягнутасць” птушкі
Спасылка
Дата публікацыі
27.05.2017
Катэгорыя
інтэрвію
Поўны тэкст
Дырэктар Бярозаўскага раённага дома рамёстваў Наталля КАВАЛЕВІЧ распавяла “К”, як здзяйсняецца ахова нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Традыцыя вырабу шчэпавай птушкі-абярэга” і якія праблемы ўзнікаюць у раёне з новым штатным раскладам. Наша гутарка адбылася падчас ІХ Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў “Вясновы букет”, які сёлета праходзіў не ў Лошыцкім парку, як звычайна, а ў самым сэрцы Мінска — ля Ратушы.

 

/i/content/pi/cult/639/14203/13-1.jpgНематэрыяльная спадчына

— З атрыманнем статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці змянілася стаўленне да нашых птушак-абярэгаў. Калі кажаш пра статус, то людзі на кірмашах цікавяцца, задаюць шмат пытанняў. Кіраўніцтва раёна таксама звяртае больш увагі. Мы сталі больш матэрыялаў выкладаць у інтэрнэт. Нядаўна ладзілі майстар-клас для настаўнікаў працы: было шмат жанчын, усе прыйшлі з нажамі і спрабавалі рабіць, а мужчыны спачатку паставіліся больш скептычна, але потым і яны “ўцягнуліся”. На момант падачы дакументаў на статус было 5 майстроў, яны ўсе жывыя, двое рэгулярна займаюцца вырабам птушак-абярэгаў, адзін — час ад часу, калі мае матэрыял. Дзецям паказваем працэс, але нож у рукі не даём. Сюжэт пра птушку ідзе на абласным тэлебачанні. Карацей, людзі сталі звяртаць увагу, узгадваць, што ў бабулі была падобная, некаторыя кажуць, што памятаюць, як іх рабілі. Раней жа было так: “Ну, птушка і птушка”. А цяпер — каштоўнасць дзяржаўнага ўзроўню.

Штатны расклад

— Кобрынскі Цэнтр рамёстваў накіраваў у Міністэрства культуры запыт пра тое, ці маюць метадысты-майстры права на даплату як супрацоўнікі культасветустаноў. Быў атрыманы адмоўны адказ: метадыст-майстар не з’яўляецца работнікам культуры і даплата КПУ да заробку ім не ажыццяўляецца. Міністэрства культуры спасылаецца на кваліфікацыйны даведнік, але параіла ўвесці такую адзінку згодна са штатным раскладам. А ён зацверджаны ў 1998 годзе, там мы нічога перарабіць юрыдычна не маем права, бо адзінка майстра ў штатным раскладзе не прадугледжана. А калі яе нават увесці, то няма магчымасці разлічыць майстрам заробак, бо адсутнічае тарыфікацыя. І цяпер нашы метадысты-майстры, працуючы ва ўстанове культуры, вымушаныя адлічваць суму, эквівалентную дадатку КПУ. У кваліфікацыйным даведніку напісана, што асноўная спецыяльнасць — гэта першае слова ў назве прафесіі. Усё астатняе — спецыялізацыя. А ў нас атрымліваецца: метадыст ёсць, а метадыст-майстар — ужо не.

Калі майстар атрымлівае 280 рублёў, бо ў яго суадносны аклад і невялікі стаж, то забраць у яго яшчэ 20 рублёў — досыць адчувальна. З гэтым сутыкнуліся не толькі мы. Цяпер распрацоўваецца новы штатны расклад, бо складзены ў 1998-м маральна састарэў. Скажам, там няма некаторых спецыяльнасцяў, якія выпускае ўніверсітэт культуры і мастацтваў, і мы іншым разам не можам узяць на працу патрэбнага спецыяліста. Няма там ні адмыслоўцаў па камп’ютарнай графіцы, ні інжынераў-праграмістаў, а зараз як без гэтага? Але ў праекце новага раскладу няма пасады навуковага супрацоўніка, хаця раней была. Калі зараз прыбраць яе, то давядзецца звальняць людзей. А навуковыя ж супрацоўнікі ёсць шмат у якіх дамах рамёстваў.

Пераемнасць

З Наталляй Кавалевіч прыехалі іншыя супрацоўнікі Бярозаўскага раённага дома рамёстваў. Майстар Аляксандр ПРАКАПЧУК, што займаецца вырабам птушак-абярэгаў, таксама падзяліўся думкамі:

— Трэба наладжваць пераемнасць майстэрства. Але як даць дзецям у рукі нож? Птушка робіцца з цэльнага кавалка дрэва, спачатку выразаецца тулава, потым шчапаюцца “пёркі” і разводзяцца ў бакі. Няма аперацый, якія можна было б даверыць дзецям: клеіць нічога не трэба. Традыцыйна крылы і хвост птушкі пасля таго, як нашчапалі, перавязвалі ніткай, каб яны не сыходзіліся назад. Вось гэта дзеці маглі б рабіць, але зараз мы часам замацоўваем пёркі замест ніткі лакам. Сталі распісваць птушак, хаця традыцыйна яны неарнаментаваныя. Атрымліваецца ярка, прыгожа, вока чапляецца. Роспісам таксама маглі б займацца дзеці, такім чынам далучаючыся да рамяства. А потым падрасталі б і, ужо самі за сябе адказваючы, магчыма, вучыліся б выразаць птушку.

Фота аўтара

 Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧспецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"
СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 01.10.2020 04:37:21

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.