::
2020.03.28 — Як не баяцца вірусаў, або Таямніцы зёлкавых напояў / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Як не баяцца вірусаў, або Таямніцы зёлкавых напояў
Спасылка
Дата публікацыі
28.03.2020
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст
Стварыць пазнавальны брэнд сёння даволі складана. Ці ўсё ж такі проста? Адказ на гэтае пытанне будзе, мяркую, самым розным у кожным раёне Беларусі. Бо некаторыя раёны маюць падобных брэндаў з дзясятак, а ў іншых мясцінах добра, калі і адзін ці два знойдуцца.

 

/i/content/pi/cult/791/17044/017.JPG

Брэнды вырашаюць усё

Між тым, на нядаўняй выніковай калегіі Міністэрства культуры кіраўнік ведамства Юрый Бондар адзначыў, што адным з важных крокаў развіцця сферы з’яўляецца “шырокая папулярызацыя мясцовых культурных брэндаў і самабытных традыцый, якія маюць вялікія перспектывы для развіцця культурна-пазнавальнага турызму”.

Натуральна, што лагічны крок у гэтым кірунку — адкрыццё ўстаноў культуры новага тыпу: Дамоў рамёстваў, фальклору і народнай творчасці, музеяў самай рознай тэматыкі і гэтак далей.

За прыкладамі, дарэчы, далёка хадзіць не трэба: скажам, у адным толькі Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці сёння функцыянуе цэлы шэраг унікальных музейных устаноў на любы густ. І гэта невыпадкова, бо, напрыклад, з мясцовай вёскі Дастоева паходзіць славуты род Дастаеўскіх, у Варацэвічах жыў і ствараў свае знакамітыя творы мастак, кампазітар, вучоны Напалеон Орда, у вёсцы Моталь нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман...

Словам, брэндаў на Іванаўшчыне шмат, і яны ўжо здаўна “раскручваюцца” і “піярацца” падчас розных рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Так, у тым жа Моталі ўсе наведвальнікі захапляюцца экспазіцыяй музея народнай творчасці (яго фонды складаюць блізу 26 тысяч экспанатаў!), а фестывалі “Мотальскія прысмакі” і “Фальклор без межаў” заўсёды прыцягваюць да сябе гасцей з многіх еўрапейскіх краін.

Пах гаючых зёлак

Але і гэта яшчэ не ўсё. Далёка за межамі раёна вядомыя ўнікальны музей народнай медыцыны ў вёсцы Стрэльна. Установа гэтая цяпер — філіял традыцыйнай культуры “Дом траўніка” Мотальскага музея народнай творчасці. Тут, акрамя экскурсіі па царстве травяных пахаў і лекавых водараў, могуць пачаставаць гаючай гарбатай з зёлак, падказаць рэцэпт таго або іншага настою, а таксама неабходныя лекі ад любой хваробы.

Як распавяла мне загадчыца ўстановы Галіна Вайцяшчук, раней у Стрэльна было шматлюдна.

— Калісьці ў Стрэльна і навакольных вёсках жыло больш за 30 бабуль, якія лячылі хваробы народнымі сродкамі, — кажа кіраўніца ўстановы. — Таму мы і вырашылі захаваць іх вопыт для нашчадкаў. Сёння ў музеі амаль 120 відаў лекавых траў і велізарная колькасць рэцэптаў. Напрыклад, мы ведаем 30 спосабаў знізіць узровень цукру ў крыві народнымі сродкамі.

Установа культуры новага тыпу на сёння актыўна развіваецца і мае вельмі шмат перспектыўных задумак.

— Па-першае, дзякуючы старшыні праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыі Кліцуновай нас гадоў шэсць — сем таму ўключылі ў многія турыстычныя маршруты, а таксама мы атрымалі грант ЕС/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні” прыкладна на дзве тысячы еўра, — кажа Галіна Вайцяшчук. — На гэтыя сродкі набылі карціны, ноўтбук, стварылі невялічкую галерэю, якую дэманструем сваім наведвальнікам. Білет у нашу ўстанову каштуе 1 рубель 40 капеек, а яшчэ паўтара рублі бяром за правядзенне экскурсіі.

Што ж, экскурсіі — гэта няблага, але ж на іх сёння, як кажуць, далёка не заедзеш. Таму, запытаўся я ў кіраўніка ўстановы, магчыма, варта асвойваць новыя “рубяжы”: скажам, стварыць гастранамічныя маршруты, праграмы з майстар-класамі рамеснікаў, з удзелам фермерскіх гаспадарак, “зялёныя” сцежкі? Тады ў музеі будуць з’яўляцца новыя і новыя наведвальнікі, а не толькі адны і тыя ж школьнікі з навакольных вёсак.

— Абсалютна з гэтым згодная! Тым больш, нешта ў такім кірунку мы ўжо робім, — кажа Галіна Вайцяшчук. — Ладзім музейныя заняткі на тэму лекавых раслін, прапануем дэгустацыю страў нацыянальнай кухні, запрашаем адведаць нашых “фірмовых” зёлкавых напояў, дзелімся рэцэптамі і нават старадаўнімі замовамі ад хвароб. Таксама можам і па экалагічным маршруце правесці, і расказаць пра гісторыю нашай вёскі ды пра культурныя адметнасці Іванаўшчыны. Карацей, шчыруем, як можам.

Натуральна, падобныя крэатыўныя музейныя прапановы ўплываюць на папулярнасць установы ў Стрэльна. Прывяду адну лічбу: дзесяць гадоў таму сюды завітвалі 300 чалавек за год, а сёння лік заезджых турыстаў ужо ідзе на тысячы. Прычым сярод іх нямала замежнікаў: былі нават з Узбекістана і Японіі…

Што ў перспектыве?

Таксама актыўна ўстанова культуры супрацоўнічае з мясцовымі спонсарамі ды мецэнатамі. Напрыклад, з уладальнікам суседняй аграсядзібы Сяргеем Федаруком (да слова, былым супрацоўнікам сферы культуры), які дапамагае Дому траўніка садавіной. Раённая газета “Янаўскі край” штомесяц друкуе на сваіх старонках матэрыялы са Стрэльна (рэцэпты, парады народных траўнікаў і гэтак далей), а таксама бясплатна перадала ўстанове сувеніры і візітоўкі для гасцей. Прыклады гэтыя можна працягваць. І гэта яшчэ адна прыкмета паспяховасці арыгінальнай музейнай установы і яе няўрымслівага кіраўніка, бо, на жаль, у рэгіёнах Беларусі сёння даволі рэдка можна сустрэць прыклады наладжанага ўзаемадзеяння з прыватнікамі.

Павелічэнню колькасці наведвальнікаў крыху перашкаджае рамонтная “эпапея”, якая вядзецца ва ўстанове культуры за бюджэтныя грошы. Як расказала мне загадчыца, на першым паверсе гасцей грэюць печкі, а вось на другім паверсе ацяплення пакуль няма. З гэтай прычыны ў зімовы перыяд Дом траўніка амаль не прымае гасцей.

— Таксама, на жаль, вырашылі адмовіцца ад задумы пабудаваць пры музеі невялікі гасцявы дамок, каб заезджыя турысты не толькі змаглі папіць у нас чай, але і застацца пераначаваць, — кажа Галіна Іванаўна. — Справа ў тым, што за сем кіламетраў ад Стрэльна, у райцэнтры, ёсць гатэль. Разам з тым, на платнай аснове ладзім дэгустацыі гарбаты з зёлак, абрадавых палескіх страў і гэтак далей. А для арганізаваных турыстычных груп мы нават робім дэманстрацыю аўтэнтычных палескіх спеваў, запрашаючы сюды, у Стрэльна, калектыў з суседняга аграгарадка Сачылкі. Гэтая паслуга ўжо досыць “важкая” — цягне на 25 рублёў на групу наведвальнікаў.

А летась, як кажа Галіна Іванаўна, Дом траўніка пасябраваў з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

— Да нас прыехалі навукоўцы з НАН Беларусі, якія былі ўражаны тымі лекавымі раслінамі, што сёння збіраюцца ў наваколлях Стрэльна, — кажа кіраўнік установы культуры. — Таму цяпер усе нашы рэцэпты лекавых збораў мы адпраўляем на тэсціраванне ў Мінск, і можам запэўніць усіх, што яны, нашы травы, сапраўды спрыяюць і дапамагаюць пры самых розных хваробах. Сябры з Мінска нават буклеты пра нас зрабілі. А сама я нядаўна ўдзельнічала ў рэспубліканскім семінары ў Мінску на тэму “Чалавек і прырода: лакальныя веды аб раслінах у традыцыйнай культуры беларусаў”, што ладзіўся ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН.

Цікава, што цяпер у планах загадчыцы, у супрацоўніцтве з Інстытутам генетыкі, стварэнне на базе Дома траўніка ў Стрэльна “тэрыторыі здароўя”, дзе будзе актыўна прапагандавацца здаровы лад жыцця, каштоўнасць абрадаў і традыцый. Але пакуль што гэта праца на перспектыву.

Натуральна, не мог не запытацца, ці ёсць у Стрэльна рэцэпт ад сённяшняй хваробы, якая падпарадкавала сабе ўжо цэлы свет, — каранавіруса?

— Любы вірус вымагае самага галоўнага — умацавання імунітэту, імуннай сістэмы чалавека, — патлумачыла з веданнем справы Галіна Вайцяшчук. — Таму трэба піць настой шыпшыны, есці мёд з часнаком, піць чай, завараны з галінак ажыны і маліны і гэтак далей. А яшчэ вельмі добра летам не ехаць у Турцыі ці Егіпты, а паехаць у вёску, харчавацца там мясцовай гароднінай і садавіной, збіраць у лесе і есці ягады — маліны, чарніцы, суніцы, — гуляць на прыродзе і адпачываць... Тады ніякі вірус да вас, я ўпэўнена, не прычэпіцца! А па канкрэтны рэцэпт ад той ці іншай хваробы прыязджайце ў Стрэльна, у наш Дом траўніка! Абяцаю, што падбяром вам неабходны рэцэпт, які дапаможа ад любой хваробы!

Дадатак

Рэцэпты з Дома траўніка

Збор вітамінны

Склад: Крапіва. Маліна. Рабіна. Меліса. Чабор. Вятроўнік. Мацярдушка. Глог.

Паказанні: агульнаўмацавальны сродак, паляпшае стан імуннай сістэмы, ачышчае арганізм ад таксінаў, мае супрацьзапаленчы эфект. Асабліва карысны дзецям. Рэкамендуецца чаргаваць з “Імунным зборам”.

Збор “Імунны”

Склад: Чабор. Эхінацэя. Кракос. Зверабой. Вятроўнік. Ліст парэчкі.

Паказанні: падтрымлівае імунную сістэму, падвышае працаздольнасць, зніжае страты калію, спаталяе смагу, аднаўляе работу нырак. Асабліва карысны дзецям. Рэкамендуецца чаргаваць з “Вітамінным зборам”.

Эфектыўны вітамінавы комплекс, кажа Галіна Іванаўна, можна з лёгкасцю прыгатаваць самастойна. Сабраць арабіну, шыпшыну, арэхі, яблыкі. На зіму высушыць, прыгатаваць сіроп. Атрымаецца смачна і карысна!

 Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧаглядальнік газеты "Культура"
СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 18.09.2020 20:54:27

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.